«Новае Жыццё» адмовілася ад прапановы Мінгарвыканкама

Нягледзячы на гэта, камунальныя службы патрабуюць вызваліць будынак царквы

Напачатку траўня дырэктар Жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага аб’яднання Маскоўскага раёна г.Мінска Д.Т. Шашок апавясціў царкву «Новае Жыццё» пра тое, што абшчыне «неабходна да 01.06.2009 г. прыняць меры па перадачы дакументаў, што даюць царкве права займаць памяшканне, і падпісаць акт прыёмкі-перадачы дадзенага памяшкання (будынка царквы «Новае Жыццё» — заўв. рэд.), а таксама вызваліць гэта памяшканне. У выпадку добраахвотнага невыканання вышэйназваных рашэнняў па дадзенай справе аб’яднанне будзе вымушана прыняць меры па ўрэгуляванні дадзенага пытання ва ўсталяваным дзейсным заканадаўствам парадку».

Начальнік юрыдычнага аддзела ЖРЭА Маскоўскага раёна Людміла Булыга ў тэлефоннай гутарцы пракаментавала дадзеную сітуацыю наступным чынам: «Ім трэба вызваліць памяшканне і зямельны ўчастак у сувязі з тым, што ідзе нямэтавае выкарыстанне. Пастановы суда будуць выконваць судовыя выканаўцы, якія могуць прыцягваць праваахоўныя органы».

5 траўня ў царкве Новае Жыццё на агульным сходзе абмяркоўвалася прапанова Мінгарвыканкама пра ўзвядзенне новага будынка царквы ў раёне МКАД (вуліца Шаранговіча) на зямельным участку плошчай каля 0,4 гектара. Вернікі абшчыны аднагалосна выказаліся супраць прапановы гарадскіх улад. Сваю пазіцыю пратэстанты матывавалі тым, што для вырашэння пытання пра выдзяленне зямельнага ўчастка абшчыне неабходна ажыццявіць шэраг узгадненняў, для чаго запатрабуецца ад палутара да двух гадоў і не меней за 100 тыс. долараў ЗША. Для ўзвядзення новага храма спатрэбіцца ад 3 да 5 млн. долараў. Больш таго, гарантый, што гэты ўчастак перададуць царкве, улады не даюць.

Найлепшае выйсце з сітуацыі вернікі бачаць у будаўніцтве новага сучаснага храма на зямельным участку, раней вылучаным абшчыне, дзе ў наш час знаходзіцца будынак царквы.

У сярэдзіне траўня ў ЖРЭА Маскоўскага раёна прыйшло распараджэнне з Мінгарвыканкама прыняць на баланс будынак па адрасе вул.Кавалёва, 72 у сувязі з тым, што «кошт гэтага будынка ўжо выплачана царквой «Новае Жыццё». Прадстаўнікі ЖРЭА наведалі царкву 19 траўня. Начальнік аддзела нежылога фонду Ерафеяў В.П. паведаміў, што на адрас царквы высланы ліст з патрабаваннем неадкладна вызваліць будынак. Таксама чыноўнік праінфармаваў, што ў любым выпадку ЖРЭА будзе вымушана прадпрымаць меры да выканання гэтага распараджэння.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выказала сваю падтрымку вернікам абшчыны «Новае Жыццё». 26 траўня пастар Вячаслаў Ганчарэнка сустрэўся з прадстаўнікамі Amnesty International. Праваабаронцы паведамілі, што заходняя грамадскасць сочыць за развіццём падзей паабяцалі аказваць царкве «Новае Жыццё» інфармацыйную і маральную падтрымку.

Ядзвіга Мацкевіч

Мацкевіч Я. «Новае Жыццё» адмовілася ад прапановы Мінгарвыканкама. - «За свабоднае веравызнанне» № 23, красавік — чэрвень 2009

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
10 + 7 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.