Рэлігійная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 годзе

religion-situation-2008.jpg

Беларускі Закон «Пра свабоду сумлення і рэлігійныя арганізацыі» дэкларуе свабоду веравызнання, але на самой справе ўлады абмяжоўвалі гэта права. Хоць Канстытуцыя гарантуе роўнасць канфесій перад законам, але яна ж утрымлівае і абмежавальныя фармулёўкі, у адпаведнасці з якімі супрацоўніцтва паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі «рэгулюецца законам з улікам іх уплыву на фармаванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа».

У 2008 годзе ў Беларусі ўрад па-ранейшаму ўжываў абмежавальныя палажэнні закона аб рэлігіях ад 2002 года, каб ускладніць ці прадухіліць дзейнасць арганізацый, што не адносяцца да Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). У прыватнасці, закон абмяжоўвае магчымасць рэлігійных арганізацый ажыццяўляць рэлігійную адукацыю, адначасова надзяляючы БПЦ прывілеямі, якімі не могуць карыстацца іншыя рэлігійныя групы. Тлумачэннем можа служыць той факт, што БПЦ з’яўляецца экзархатам Рускай праваслаўнай царквы і адзінай афіцыйна прызнанай у краіне праваслаўнай дэнамінацыяй. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнка назваў БПЦ «галоўным ідэолагам нашай дзяржавы», сцвярджаючы, што «мы ніколі не адлучалі сябе ад царквы», і паабяцаўшы, што ўрад будзе дапамагаць царкве «служыць айчыне і народу». Аднак нягледзячы на прывілеяваны статут БПЦ, урад часам папярэджваў лідэраў царквы пра недапушчальнасць іх «празмернага ўплыву».

Усімі пытаннямі рэлігій у рэспубліцы ведае Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў (АУСРН). У адпаведнасці з законам, рэлігійныя арганізацыі абавязаны праходзіць рэгістрацыю або ў АУСРН, або ў мясцовых і абласных органах улады. Рэгістрацыі ў якасці рэлігійных абшчын падлягаюць групы, якія налічваюць не меней за 20 вернікаў. У ліку груп, якія падпадаюць пад абмежавальнае дзеянне гэтага палажэння, знаходзіцца прыход пяцідзесятнікаў, у якім толькі 13 дарослых вернікаў.

На працягу года АУСРН адмаўляўся рэгістраваць некаторыя нетрадыцыйныя рэлігійныя групы, у выніку чаго іх сходы лічыліся незаконнымі. У студзені 2007 г. АУСРН паведамляў пра наяўнасць 3 101 афіцыйна зарэгістраваную рэлігійную абшчыну 25 рэлігійных дэнамінацый.

Ведамства па справах рэлігій па-ранейшаму адмаўляла ў рэгістрацыі тым абшчынам, якія, на яго думку, вызнаюць нетрадыцыйныя вераванні, галоўным чынам пратэстанцкім групам, напрыклад, царкве «Новае жыццё» і Беларускай Евангельскай царкве. Большасць хрысціянскіх абшчын выступала за ўнясенне змен у закон аб рэлігіях ад 2002 года, які абмяжоўвае дзейнасць абшчын і стварае магчымасці для іх пераследу ў крымінальным парадку за рэлігійныя перакананні.

2 сакавіка 2008 г. Канстытуцыйны суд Беларусі не прыняў хадайніцтва, якое суправаджалася 50 000 подпісаў, пра ўнясенне змен у асноўныя абмежавальныя палажэнні закона аб рэлігіі. Суд зазначыў, што толькі прэзідэнт і службовыя асобы ўрада могуць ініцыяваць разгляд пытанняў пра адпаведнасць законаў Канстытуцыі.

У адпаведнасці з законам, набажэнствы можна праводзіць у жылых памяшканнях толькі ў тым выпадку, калі памяшканні афіцыйна выведзены з жылога фонду, што патрабуе перарэгістрацыі маёмасці ўсіх рэлігійных арганізацый. Аднак паколькі ўлады адмаўлялі ў перарэгістрацыі шматлікім пратэстанцкім цэрквам і прадстаўнікам іншых нетрадыцыйных вераванняў, гэтыя абшчыны часта збіраліся нелегальна ці дома ў кагосьці з вернікаў.

25 лістапада 2008 г. Вышэйшы гаспадарчы суд зноў адклаў разгляд скаргі царквы «Новае жыццё» супраць гарадскіх улад Мінска, пададзенай у сувязі з канфіскацыяй зямлі і будынкі царквы (рашэнне было прынята яшчэ ў 2005 г.). Гаспадарчы суд ніжэйшай інстанцыі вынес пастанову на карысць гарадскіх улад, загадаўшы царкве прадаць будынак гарадскім уладам за суму, меншую ягонага рынкавага кошту. У верасні гарадскія ўлады прапанавалі царкве іншы ўчастак зямлі — у чатыры разы меншы за цяперашні, і царква адхіліла прапанову.

Закон дазваляе грамадзянам збірацца ў прыватных дамах для малітвы, але для правядзення рытуалаў, абрадаў ці цырымоній неабходна атрымліваць дазвол мясцовых улад. Неаднаразова на працягу года міліцыя ўмешвалася ў правядзенне рэлігійных сходаў у прыватных дамах і часам арыштоўвала і штрафавала ўдзельнікаў.

За незаконнае правядзенне набажэнстваў баптыстам, пяцідзесятнікам і іншым пратэстантам выносілі папярэджанні ці накладалі штрафы. Абвінавачванні былі стандартныя: парушэнне грамадскага парадку ці незаконнае правядзенне сходаў без папярэдне атрыманага дазволу.

28 красавіка і 9 чэрвеня 2008 г. пастара-пяцідзесятніка Валянціна Баравіка абвінавацілі ў кіраўніцтве дзейнасцю незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. Яго аштрафавалі на 140 000 беларускіх рублёў (65 даляраў) першы раз і на 315 000 беларускіх рублёў (146 даляраў) другі раз.

Савет міністраў Беларусі прыняў дырэктыву, у якой пералічаны падставы для адмовы ў праве на ўезд святарам-грамадзянам замежных дзяржаў і асобам без грамадзянства, запрошаным мясцовымі рэлігійнымі арганізацыямі. Сярод гэтых падстаў ёсць і пункт пра падачу няпэўнай інфармацыі ў дакументах на ўезд, няведанне беларускай ці рускай мовы, здзейсненае раней адміністрацыйнае правапарушэнне і любая папярэдняя адмова ў праве на ўезд у краіну. Замежных рэлігійных лідэраў таксама абавязалі падаваць большую колькасць дакументаў, што значна ўскладняе працэдуру атрымання ўязной візы.

17 снежня 2008 г. траім каталіцкім святарам, якія працавалі ў Гарадзенскай дыяцэзіі, адмовілі ў падаўжэнні дазволаў на рэлігійную дзейнасць. Улады сцвярджалі, што святары недастаткова добра валодаюць дзяржаўнымі мовамі краіны, хоць святары працавалі тут на працягу многіх гадоў.

Замежных грамадзян, што афіцыйна знаходзяцца ў краіне па абставінах, не звязаных з рэлігійнай дзейнасцю, могуць папярэджваць ці высылаць за ўдзел у рэлігійнай дзейнасці.

Рэлігійная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 годзе. - «За свабоднае веравызнанне» № 23, красавік — чэрвень 2009. - Паводле матэрыялаў даклада Дзяржаўнага дэпартамента ЗША

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
9 + 5 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.