Ксяндза аштрафавалі, а крыж загадалі знесці

bulletin-22-1.jpg20 лютага ў горадзе Лельчыцы Гомельскай вобласці раённы суд вынес рашэнне па адміністрацыйнай справе супраць пробашча рыма-каталіцкага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Маці Божай Фацімскай ксяндза Віталя Мысонова. Ксёндз Віталь Мысонаў аштрафаваны за ўсталяванне крыжа на ўездзе ў Лельчыцы.

Фармальна святар аштрафаваны на 1 базавую велічыню за невыкананне прадпісання галоўнага архітэктара і на 2 базавыя велічыні за невыкананне прадпісання землеўладкавальнай і геадэзічнай службы. Разам гэта складае 105 тыс. беларускіх рублёў.

Прычынай спагнанняў стаў усталяваны летась крыж на ўездзе ў Лельчыцы.

Гісторыя ўсталявання крыжа даволі складаная. «Мы дабіваліся гэтага каля пяці гадоў, але безвынікова» — кажа а. Віталь. Потым райвыканкам узначаліў Віктар Гамолка і даў такі дазвол. Паводле прадпісання райвыканкама, усталяванне крыжа было ўзгоднена ў ДАІ і ДСУ, а на імя старшыні была напісана адпаведная заява.

Атрымаўшы станоўчы адказ, парафіяне ўсталявалі і асвяцілі крыж у гонар святога Канстанціна. Паводле падання, Канстанцін перад рашучай бітвай у 313 г. пабачыў у небе крыж. Канстанцін перамог і зрабіў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі. На лельчыцкім крыжы ёсць з таго падання цытата на лаціскай мове — «In hoc signo vinces» («У гэтым знаку ты пераможаш»).

bulletin-22-2.jpg

Калі крыж быў ужо асвечаны, раённыя чыноўнікі прад’явілі ксяндзу новыя прэтэнзіі. Аказалася, што ўсталёўка памятнага знака не была ўзгоднена з архітэктарам горада, з гэтай прычыны архітэктар звярнуўся ў суд. 16 снежня райсуд у Лельчыцах прызнаў, што пры ўсталёўцы крыжа касцёл не парушыў закон. Хаця суд і стаў на бок святара, гэта не спыніла чыноўнікаў. У студзені 2009 г. ксёндз Віталь атрымаў прадпісанне землеўладкавальнай і геадэзічнай службы: «Арганізатару ўсталёўкі крыжа прадпісана прыняць неадкладныя меры па ўхіленні парушэння зямельнага заканадаўства і ў тэрмін да 30 студзеня 2009 г. вызваліць самавольна заняты зямельны ўчастак — знесці крыж ці ва ўсталяваным законам парадку аформіць матэрыялы па выдзяленню зямельнага ўчастку для яго ўсталёўкі». Гэта прадпісанне не было выканана, што і сталася прычынай новых судовых разглядаў.

«Самі мы крыж пераносіць не будзем», — заявіў ксёндз. У дадатак намесніца старшыні райвыканкаму Вольга Гаўрылавец, якая з’яўляецца таксама старшынёй камісіі па праверцы выканання заканадаўства ў галіне свабоды сумлення, стала настойваць на сваёй прысутнасці на занятках нядзельнай школкі ў касцёле. Ксёндз, палічыўшы гэта ўмяшаннем ва ўнутранае жыццё парафіі, адмовіў чыноўніцы. І атрымаў папярэджанне ад аблвыканкаму за перашкоду працы супрацоўнікаў райвыканкаму.

Намесніца старшыні райвыканкаму Вольга Гаўрылавец пракаментаваць сітуацыю адмовілася. «Вакол гэтага крыжа шмат самай рознай і надуманай інфармацыі», — сказала яна.

* * *

Парафія ў Лельчыцах адрадзілася ў 1990 годзе, сёння яна складае каля 350 чалавек. Стары драўляны касцёл згарэў у 1943 г. У 1998 г. пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза Збігнева Бояра быў збудаваны новы касцёл, які атрымаў тытул Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Маці Божай Фацімскай.

Ядвіга Мацкевіч

Мацкевіч Я. Ксяндза аштрафавалі, а крыж загадалі знесці. - «За свабоднае веравызнанне» № 22, студзень — сакавік 2009

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.