Мусульманін Міхаіл Міхаленя патрапіў у турму за адмову служыць у войску

З 22 студзеня 2009 г. ў жодзінскай турме адбывае пакаранне за ўхіленне ад аплаты штрафу «уклоняющийся от призыва на военную службу» Міхаіл Міхаленя, 26-гадовы жыхар вёскі Калінаўка Любанскага раёна. Міхаіл Міхаленя адмовіўся служыць у войску па сваіх рэлігійных перакананнях: ён вызнае іслам, а ў беларускім войску няма ўмоў для службы мусульман. Пра гэта паведаміў бацька маладога чалавека, Іван Міхаленя.

Мясцовы раённы суд напачатку 2007 г. прысудзіў маладога чалавека да штрафу па ч.1 арт. 435 Крымінальнага кодэкса — за «наўмыснае ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на ваенную службу».

«Мая сям’я ў 2003 г. прыняла іслам. Мы прытрымліваемся законаў шарыяту, жывём у адпаведнасці з Каранам — святым пісаннем мусульман. І аднавяскоўцы, і прадстаўнікі сельсавета ведаюць, што мы — мусульмане і вядзём адмысловы лад жыцця. А ў 2006 г. майго сына прызвалі ў войска. Але вядома, што ў арміі няма ўмоў для службы мусульман, бо, па-першае, ежа не падыходзіць, а па-другое, нам трэба раз у суткі маліцца. Таму мой сын не выконваў патрабаванні ваенкамата», — кажа Іван Міхаленя.

У снежні 2008 г. Міхаіл Міхаленя быў схоплены супрацоўнікамі міліцыі ў хаце ягоных бацькоў. Маладога чалавека адвезлі ў Любанскі следчы ізалятар, а затым — у Жодзіна, дзе ён адседзеў цэлы месяц. Потым адбыўся суд.

«І, нягледзячы на тое, што адвакат звярнуў увагу суддзі на адсутнасць у войску ўмоў для службы мусульман, суд вынес рашэнне аштрафаваць майго сына на 1 мільён 550 тысяч рублёў», — абураецца Іван Міхаленя.

Сям’я Міхаленей не мае магчымасці выплаціць такі штраф. Сам Міхаіл беспрацоўны, яго бацькі таксама не могуць знайсці працу.

«Наша сям’я, як мусульманская, не мае такой магчымасці — нідзе не даюць працы. Я сам маю вышэйшую адукацыю, па спецыяльнасці — аграном, мая жонка — акушэр. Нас не бяруць на працу яшчэ і таму, шито мы прытрымліваемся апазіцыйных поглядаў і гаворым пра гэта абсалютна адкрыта з 1994 года.

Калісьці я быў фермерам, меў сваю гаспадарку, а ў 1999 годзе, паводле рашэння Любансканскага райвыканкама, мяне пазбавілі зямлі, паколькі ў мяне не было магчымасці належным чынам яе апрацоўваць. Таму, калі прыязджалі судовыя выканаўцы, мы казалі, што штраф выплаціць не можам, — тлумачыць Іван Міхаленя.

22 студзеня 2009 г. суд Любанскага раёна разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванні Міхаіла Міхалені ў ажыццяўленні злачынства, прадугледжанага артыкулам 418 КК Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад аплаты штрафу і вынес пакаранне ў выглядзе арышту на 3 месяцы з улікам 1 месяца папярэдняга ўтрымання пад вартай з 20 снежня 2008 г. па 21 студзеня 2009 г.

Каментар юрыста:

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы сітуацыю, у якой апынуўся малады мусульманін, падкрэсліў, што яе складанасць злучана з праблемай альтэрнатыўнай службы ў нашай краіне.

«Крымінальная справа Міхала Міхалені, на мой погляд, з’яўляецца вельмі паказальнай у тым аспекце, што ў Беларусі дагэтуль няма альтэрнатыўнай службы. Гэта значыць, службы для тых людзей, якія адмаўляюцца і не могуць служыць у звычайным войску па этычна-рэлігійных перакананнях. Міхаленя з’яўляецца вернікам, прыналежыць да мусульманскай канфесіі. Сваю адмову служыць у войску ён матываваў менавіта сваімі рэлігійнымі перакананнямі — тым, што ён не можа ў войску ў поўнай меры ажыццяўляць свой рэлігійны культ.

Нягледзячы на гэта, ён быў прыцягнуты судом да крымінальнай адказнасці. Трэба адзначыць, што суд паставіўся да яго даволі мякка, спачатку не пазбавіўшы волі, а пакараўшы штрафам. Тым не менш, мы лічым, што праблема альтэрнатыўнай службы з’яўляецца вельмі актуальнай. І падкрэсліваем, што, паколькі ў Беларусі няма альтэрнатыўнай службы, такія выпадкі крымінальнага пераследу могуць паўтарацца і ў будучыні», — адзначыў Валянцін Стэфановіч.

«За свабоднае веравызнанне» № 22, студзень — сакавік 2009

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
10 + 3 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.