«Новае Жыццё»: вернікі працягваюць змаганне за свой будынак

Мінгарвыканкам прапанаваў «Новаму Жыццю» пераехаць на пустыр

protest.jpg

Улады прапанавалі царкве "Новае жыццё" 13,1 тыс. даляраў у якасці кампенсацыі за будынак і ўчастак зямлі, ацэненыя ў суму не меней за 3,4 млн даляраў.

Пастар мінскай царквы "Новае Жыццё" Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Вячаслаў Ганчарэнка заявіў, што ўлады Мінска прапанавалі абшчыне замест існуючага будынка царквы зямельны ўчастак каля МКАД.

"Цяпер вернікі валодаюць адрамантаваным будынкам, плошча якога складае 1,731,5 тыс. кв.метраў. У будынку змяшчаецца зала для набажэнстваў на адну тысячу месцаў, моладзевае кафэ на 150 чалавек, зала на 100 дзяцей і тры класа для нядзельнай школы, пяць кабінетаў, дапаможныя памяшканні, санвузлы, кацельня і калясачная", — распавёў пастар.

"Замест будынку і ўчастку зямлі, што ацэньваюцца ў суму не меней за 3,4 млн. даляраў, гарадскія ўлады прапанавалі абшчыне 13,1 тыс. даляраў у якасці кампенсацыі за знос нерухомасці", — адзначыў Вячаслаў Ганчарэнка.

Пастар падкрэсліў, што для рашэння пытання пра выдзяленне зямельнага ўчастка абшчына мусіць ажыццявіць шэраг работ і ўзгадненняў, дзеля чаго неабходна, у лепшым выпадку, ад палутара да двух гадоў і не меней за 100 тыс. даляраў, а для ўзвядзення новага храма — ад трох да пяці мільёнаў даляраў.

Рашэнне пра прыняцце ці непрыняце прапановы Мінгарвыканкама будзе ўнесена на разгляд агульнай рады царквы "Новае Жыццё". Таксама пастар Ганчарэнка звярнуўся да грамадскасці за парадай.

«Новае Жыццё» зноў у судзе

5 сакавіка ў Мінску касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда адмовіла вернікам пратэстанцкай суполкі «Новае жыццё», якія намагаюцца прызнаць іх права на ўласны будынак і зямлю. Вернікі зноў рыхтуюцца да абароны свайго храму і збіраюцца абскардзіць гэтае рашэнне.

Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суда пакінула без зменаў рашэнне ад 13 студзеня. Тады суд вынес рашэнне на карысць гарадскіх улад. Ён адхіліў патрабаванне царквы «Новае жыццё» — прызнаць незаконным рашэнне Мінгарвыканкаму, якое пазбаўляе вернікаў права карыстацца ўласным будынкам і зямлёй.

Вернікі набылі калгасны кароўнік на ўскрайку Мінску і пасля рамонту ладзілі там набажэнствы. Ад 2005 года яны адстойваюць свае правы ў судовых інстанцыях. У 2006 г. правялі 21-дзённую галадоўку пратэсту супраць дзеянняў гарадскіх улад. Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка быў выкліканы ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, дзе яму абяцалі вырашыць справу станоўча і папрасілі спыніць галадоўку.

Касацыйная скарга рэлігійнай грамады пакінута без задавальненьня. Юрыст царквы «Новае жыццё» Сяргей Луканін адзначыў:

«Было шмат юрыдычных падстаў, каб адмяніць рашэнне. Таму я яшчэ больш упэўнены, што суд працягвае выконваць замову ўладаў, якія наогул не жадаюць бачыць нашу царкву ў сталіцы Беларусі. Далей мы падамо скаргу ў Прэзыдыум Вышэйшага гаспадарчага суда. І будзем далей ісці юрыдычным шляхам».

Таксама вернікі падавалі хадайніцтва аб узбуджэнні крымінальнай справы за перашкоду законнай дзейнасці рэлігійнай арганізацыі ў дачыненні да начальніка аддзелу па справах рэлігій Мінгарвыканаму Алы Рабіцавай. Аднак, паводле спадара Луканіна, суд першай інстанцыі ніяк не адрэагаваў на гэтае хадайніцтва, і цяпер гэтае пытанне не было разгледжана.

Каментар юрыста Дзіны Шаўцовай

Паводле праваабаронцы Дзіны Шаўцовай, вернікі чакалі іншага рашэння суду:

«І я думаю, для таго каб адмяніць рашэнне суду першай інстанцыі, было дастаткова падстаў. І лічу мэтазгодным і неабходным абскардзіць рашэнне і далей. Для царквы цяпер склалася няпростая сітуацыя. Бо ўсе прававыя калізіі, якія былі дагэтуль, захоўваюцца».

Царква «Новае жыццё» афіцыйна зарэгістравана Мінгарвыканкамам у 1992 г. і цяпер налічвае каля тысячы сталых прыхаджанаў. У 1999 г. мінскія ўлады забаранілі пратэстанцкім цэрквам арэндаваць памяшканні для набажэнстваў. Таму царква доўгі час праводзіла набажэнствы пад адкрытым небам. У 2002 г. яна набыла за ўласныя грошы будынак былога калгаснага кароўніка ў Мінскім раёне. У дамове куплі-продажу гаворыцца, што будынак набываецца з мэтай будаўніцтва культавага будынку. Вернікі патрабуюць ад уладаў не адбіраць у іх маёмасць, а дазволіць збудаваць прыгожы храм.

«За свабоднае веравызнанне» № 22, студзень — сакавік 2009

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
7 + 1 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.