За што айца Збігнева выдалілі з Барысава?

У снежнi 2008 г. беларускiя ўлады спачатку не падоўжылi знаходжанне ў Беларусi тром замежным каталiцкiм святарам, якiя працавалi ў Гродзенскай вобласцi, а потым — i грамадзяніну Польшчы Збiгневу Грыгарцэвiчу, ксяндзу Барысаўскага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыi.

hryharcevicz.jpgНаколькі як святара любіць ягоная паства, сведчыць і той факт, што за некалькі дзён людзі сабралі больш за 400 подпісаў пад зваротам да чыноўнікаў з просьбай пакінуць ксяндза ў Беларусі і дазволіць рэлігійную дзейнасць.

Тры гады таму такi ж лёс напаткаў папярэднiка З.Грыгарцэвiча па службе ў Барысаўскiм касцёле, земляка i калегу — айца Роберта Кшэвiцкага.

Што ж гэта за каталiцкiя святары-мiсiянеры, якiх праз два-тры гады беларускiя ўлады выштурхоўваюць з краiны? Чаму святары, рызыкуючы сваiмі нервамi, здароўем, а таксама тым, што мы называем службовым і прафесiйным становiшчам, усё ж едуць у Беларусь да тутэйшых каталiкоў? Нарэшце, за якiя такiя правiны iх выдаляюць адсюль?

— Шаноўны айцец Збiгнеў, чаму беларускiя ўлады хочуць вас выдалiць з Барысава, з Беларусi? Вельмi ўжо ўсё падобнае на дэпартацыю...

— Гэта, канешне, не дэпартацыя. Проста барысаўскiя ўлады не даюць мне даведку, на падставе якой я, замежны святар, тут, у Беларусi, магу падоўжыць сваю вiзу дзеля свайго далейшага знаходжання ў вашай краiне. Прынамсi, без такога дакумента нiхто з нас афiцыйна ў Беларусi не можа працаваць. Прыехаць сюды так, на нейкi кароткi час дазваляецца, а працаваць у якасцi святара — не.

— I ўсё-такi, не зразумела: чым чалавек, далёкi ад мiрскiх спраў, не дагадзiў чыноўнiкам?

— Мне падаецца, мясцовыя ўлады рэдка агалошваюць прычыны свайго негатыўнага стаўлення да тых цi iншых прадстаўнiкоў хрысцiянскага клiру. Напрыклад, калi я ў Барысаве разам з тутэйшымi калегамi iншых канфесiй у вераснi 2008 года арганiзоўваў фестываль хрысцiянскай музыкi, то служкi ад мясцовай «вертыкалi» сябе праявiлi наогул як бязбожнiкi. Хаця, паўтараю, у фестывалi бралi ўдзел праваслаўныя, пратэстанты i каталiкi. Тлумачу: улады спачатку дазволiлi заяўнiкам гэтага мерапрыемства ажыццявiць яго, але потым, паводле незразумелай прычыны, адмовiлi нам. Пры ўсiм тым, першы дзень фестываль працаваў, а на другi дзень чыноўнiкi яго згарнулi. Без усялякiх тлумачэнняў. Было бачна, што загадчыца iдэалагiчнага аддзела спадарыня Людмiла Гарнак i яе куратарка, намеснiца старшынi Барысаўскага райвыканкама Валянцiна Шутко (а з iмi я быў па гэтай справе ў кантакце) брутальна парушылi законны правапарадак Рэспублiкi Беларусь. Мяркуйце самi, у тым выпадку, калi яны хацелi забаранiць ужо дазволенае i распачатае мерапрыемства, дык няхай бы такую забарону ўчынялi за пяць дзён да пачатку iмпрэзы, як патрабуе таго беларускi закон, а не тады, калi фестываль усё-такi легiтымна працаваў цэлыя суткi. Дык хто тут саграшыў? За кiм — прэзумпцыя невiнаватасцi?

Я быў на прыёме ў упаўнаважанага па справах рэлiгii Мiнскай вобласцi. Спытаўся: цi не за арганiзацыю памянёнага фестывалю мяне так пакаралi? Прамога адказу не пачуў...

— Гэты фестываль хрысцiянскай музыкi нёс у сабе высакародную iдэю — умацаванне адносiн верацярпiмасцi памiж прадстаўнiкамi розных канфесiй…

— Натуральна. Яшчэ ў мiнулым годзе мы ўсе — служкi каталiцкага касцёла, праваслаўных цэркваў i цэркваў пратэстанцкiх канфесiй — вырашылi, каб у студзенi 2009 года правесцi малiтву адзiнства хрысцiян. Але перад гэтым мелiся падрыхтаваць i здзейснiць менавiта вось такi музычны фестываль, якi б сведчыў аб нашай глыбокай i шчырай веры ў Iсуса Хрыста. Запрасiлi на гэты фэст хрысцiянскiя рок-групы з адпаведным рэпертуарам. Дарэчы, многiя з iх ужо вядомыя ў Беларусi, iх вакальнае майстэрства знаходзiцца на высокiм узроўнi. Напрыклад, група «Ратаванне» некалькi разоў давала канцэрты нават у Палацы Рэспублiкi. Яшчэ раз паўтараю: нiякiх палiтычных мэт, чаго так баяцца iдэалагiчныя чыны з Барысаўскага райвыканкама, згаданы фестываль не меў.

Як не мела палiтычнай «падкладкi» i тое, што мы з адным барысаўскiм праваслаўным святаром планавалi збудаваць у горадзе велiзарны спартыўны цэнтр iмя святых апосталаў Пятра i Андрэя. Нас нават паспелi маральна падтрымаць у гэтай справе спартыўны клуб завода «БАТЭ», Алiмпiйскi камiтэт Беларусi ды розныя нашы iерархi. Я асабiста ўжо распачаў пошук першых ста тысяч далараў на збудаванне згаданага комплексу. Сам комплекс мелiся ўзвесцi ў мiкрараёне «Печы», побач з праваслаўнай царквою. Такiм чынам, мы, тутэйшыя святары асноўных у Беларусi канфесiй, хацелi дапамагчы мясцовай моладзi. Ну хаця б дзеля таго, каб адцягнуць яе ўвагу ад вулiцы, шкодных звычак, каб зацiкавiць юнакоў i дзяўчат здаровым ладам жыцця. Цi не таго ж самага хоча прэзiдэнт Беларусi?

— Скажыце, калi ласка, а якое ў вас застанецца ўражанне пра нас, звычайных жыхароў-вернiкаў з Барысава?

— Барысаўчане — людзi, якiя па характары сваiм добрыя i сумленныя. Цярплiвыя... Добрыя вернiкi, сярод якiх i беларусы, i палякi, i рускiя. Я ж таксама — беларус.

— Магчыма, вашу справу наконт выдалення з Беларусi яшчэ перагледзяць...

— Хутчэй за ўсё — не. Кiдаецца ў вочы: барысаўскiм уладам адукаваныя, iнiцыятыўныя людзi з лiку замежных грамадзян не патрэбныя. Чыноўнiкi паводзяць сябе надта дзiўна. Напрыклад, вельмi складана аказваць вашым землякам гуманiтарную дапамогу, у чым я не аднойчы пераконваўся… Праўда, мне рэктар той самай ВНУ, дзе я вяду лекторый, казаў, што яму я надзвычай неабходны... Мiж iншым я не збiраўся ў гэтым горадзе i краiне з кiмсьцi канфлiктаваць, тым больш з прадстаўнiкамi барысаўскай «вертыкалi». За тры гады жыцця ў Беларусi не парушаў анiякiх законаў. І вось вынiк: замежны святар Барысаву непажаданы… Гэта дзiўна. Напрыклад, у Казахстане, дзе я працаваў у 90-я гады, адносiны да замежных прадстаўнiкоў каталiцкай канфесii былi вельмi цярплiвыя.

— I апошняе пытанне: вы сябе больш пачуваеце беларусам цi грамадзянiнам Польшчы?

— У Беларусi мае каранi, тут мая Бацькаўшчына. Мае бацькi — беларусы, i я, натуральна, беларус. Хаця Польшча мне дала ўсё, што мне трэба было для таго, каб я сфармаваўся як асоба. Я ёй вельмi за гэта ўдзячны. Тым не менш, я вельмi хацеў атрымаць беларускае грамадзянства...

— Давайце будзем спадзявацца на лепшае...

— Паспрабую. Але шанцаў на станоўчае вырашэнне пытання амаль няма...

«За свабоднае веравызнанне» № 22, студзень — сакавік 2009 - Паводле газ. «Народная Воля»

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
5 + 12 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.