За вяртанне касцёла Св. Язэпа вернікі моляцца пяты год

kostel1.jpgСпоўнілася чатыры гады, як вернікі розных каталіцкіх парафіяў моляцца за вяртанне касцёла Святога Язэпа і кляштара бернардынцаў у Мінску. Ад верасня некалькі дзесяткаў чалавек таксама трымаюць малітоўны пост. Такім чынам акцыя за вяртанне касцёлу працягваецца.

Цягам чатырох гадоў вернікі штовечар прыходзяць да касцёла Святога Язэпа, каб памаліцца на прыступках будынку. Тыя, хто з розных прычынаў прыйсці не здольны, вызначыў для сябе пэўныя дні посту, які ахвяруе за справу вяртання святыні. Напачатку акцыі да людзей прыходзілі чыноўнікі гарадзкой адміністрацыі з абяцанкамі вырашыць пытанне. Аднак, як сказала Ганна Сіўчык, адна з актывістак руху, і па сёння ніякіх зрухаў не адбылося:

«На сённяшні дзень працягваецца пост і малітва. З боку ўладаў няма ніякіх канкрэтных крокаў у абяцаным кірунку. Людзі абапіраюцца выключна на веру. Спадзяемся, што нашае пытанне будзе вырашана станоўча, бо Бог мацнейшы за ўсялякую ўладу. І нават калі сёння ад пэўных людзей залежыць, каб трымаць касцёл у сваіх бязбожных руках, то ў рэшце рэшт гэта вырашыцца так, як захоча Пан Бог».

Мінгарвыканкам запланаваў перадаць будынкі святыняў інвестарам для пераўладкавання ў гатэльна-забаўляльны комплекс. У адказ вернікі сабралі больш за 30 тысяч подпісаў да кіраўніка краіны. Звярталіся яны таксама ў розныя іншыя інстанцыі, аднак станоўчага адказу так і не атрымалі. Вайсковая камендатура і пракуратура вызвалілі будынак кляштару, але ў касцёле па-ранейшаму месціцца Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, а таксама архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч неаднойчы выказваўся на гэтую тэму:

kostel2.jpg«Аб касцёле Святога Язэпа падчас сустрэч з прадстаўнікамі ўлады я заўсёды кажу. Там адным махам, як кажуць, пытанне вырашыць нельга. Нават з тае нагоды, што там знаходзіцца архіў. Архіў неабходна кудысьці перанесці, для гэтага неабходны будынак. Там працуюць людзі. І калі б сёння мне сказалі, што мы выганім людзей на вуліцу, то я буду супраць гэтага. Бо гэта супярэчыць сацыяльнаму вучэнню каталіцкага касцёла. Мне ўдалося вярнуць тут, у Беларусі, 97 каталіцкіх касцёлаў у 1989–1991 гадах. Але былі такія выпадкі, калі я казаў, што добра, сёння мы бярэм толькі закрыстыю. Бо далей — фабрыка, там людзі працуюць. Я іх на вуліцу выганю? Заўтра да мяне прыйдуць дзеці і скажуць, што ім няма чаго есці. Гэта было б не справядліва. Трэба шукаць мяккіх спосабаў вырашэння праблемы. Я заўсёды гэтае пытанне падымаю. Калі яно будзе вырашанае і якім чынам — мне цяжка сказаць».

Спадзяванні на вяртанне касьцёла вернікі ўскладаюць на абвешчаную вышэйшымі ўладамі краіны лібералізацыю. Спадзяванні пакуль не спраўджваюцца, і вось як гэта тлумачыць палітолаг Уладзімір Мацкевіч:

Што тычыцца канфесійных пытанняў, то тут не толькі ніякіх прыкметаў лібералізацыі няма, але нічога не змянілася з самых цяжкіх часоў. Гэта тычыцца і вяртання вернікам розных канфесій будынкаў, якія належаць ім гістарычна. Гэта і стаўленне да царквы «Новае жыццё», і іншыя прыклады. Лібералізацыя ніяк не прасунулася ў сферы, якія, як лічыць дзяржава, ніяк не паўплываюць на дачыненьне рэжыму з Еўропай».

Касцёл Святога Язэпа і кляштар ордэну бернардынцаў былі заснаваныя ў Менску ў XVII ст. Яны ўваходзілі ў кляштарны комплекс, дзе ў розныя гады працавалі пачатковая школа, школа філасофіі, бібліятэка на паўтары тысячы тамоў. У 1863 годзе манахі-бернардынцы падтрымалі паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пасля яго задушэння паўстання ўсе яны былі гвалтоўна выселеныя ў Магілёў, а кляштар зачынілі. У касцёле некаторы час мясцілася праваслаўная царква, а ў 1872 г. ён быў перабудаваны пад архіў. Сёння тут месціцца «Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі», а таксама «Архіў літаратуры і мастацтва Беларусі». Будынак былога кляштару да нядаўняга часу займалі вайсковая камендатура і пракуратура. Два гады таму вернікі-каталікі распачалі вулічныя набажэнствы за вяртанне каталіцкіх святыняў. Аднак гэтае пытанне па-ранейшаму застаецца нявырашаным. Стала вядома, што ўлады прынялі рашэнне пабудаваць на месцы кляштарнага комплексу забаўляльны цэнтар з гатэлем і падземнымі гаражамі.

Абакунчык Г.За вяртанне касцёла Св. Язэпа вернікі моляцца пяты год. - «За свабоднае веравызнанне» № 22, студзень — сакавік 2009

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
16 + 4 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.