Канфесійная структура беларускага грамадства за мінулы год не змянілася

paskha.jpg— Канфесiйная структура грамадства за мiнулы год не змянiлася, — паведамiлi ў апараце ўпаўнаважанага па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў. — Летась не было зарэгiстравана новых рэлiгiйных напрамкаў. Дзейнiчае 25 рэлiгiйных канфесiй i напрамкаў. Агульная колькасць рэлiгiйных арганiзацый — 3218, у тым лiку 156 рэлiгiйных арганiзацый, якiя маюць агульнаканфесiйную значнасць (рэлiгiйныя аб’яднаннi, манастыры, мiсii, брацтвы, сястрыцтвы i духоўныя навучальныя ўстановы). У 2008 г. былi зарэгiстраваны 61 рэлiгiйная i 3 манаскiя абшчыны. Паляпшаецца матэрыяльны стан рэлiгiйных арганiзацый i сiтуацыя з кадрамi.

Летась вернiкi ў нашай краiне стварылi 60 новых хрысцiянскiх абшчын: 43 праваслаўныя прыходы (у 2007 г. — 32), 10 — рымска-каталiцкiх парафiй i 7 — пратэстанцкiх абшчын, з якiх адна — евангельскiх хрысцiян баптыстаў i 6 — хрысцiян веры евангельскай.

Колькасць дзейных праваслаўных храмаў дасягнула 1274 (у 2007 г. — 1175), яшчэ 152 будуюцца. У 2008 г. было завершана будаўнiцтва i рэканструкцыя 26 культавых будынкаў Беларускай праваслаўнай царквы. У праваслаўных прыходах сёння служыць 1499 свяшчэннаслужыцеляў. Кадры свяшчэннаслужыцеляў рыхтуюцца ў пяцi навучальных установах БПЦ: Мiнскай духоўнай акадэмii, Мiнскай духоўнай семiнарыi ў пасёлку Жыровiчы Слонiмскага раёна, Духоўным вучылiшчы Вiцебскай епархii, Мiнскiм духоўным вучылiшчы Мiнскай епархii, Слонiмскiм духоўным вучылiшчы Навагрудскай епархii. У Беларусi сёння дзейнiчае 31 праваслаўны манастыр (у 2007 г. — 28), 14 брацтваў i 9 сястрыцтваў. Беларуская праваслаўная царква налiчвае 11 епархiй, якiя аб’ядноўваюць 1473 прыходы (у 2007 г. — 1399).

За апошнiя 12 год колькасць рымска-каталiцкiх прыходаў у нашай краiне павялiчылася ў 4 разы. Сёння ў склад Рымска-каталiцкага касцёла ў Беларусi ўваходзiць чатыры дыяцэзii, якiя аб’ядноўваюць 467 парафiй. У краiне дзейнiчае 9 мiсiй i 8 манастыроў РКЦ. Абшчыны маюць 451 касцёл, яшчэ 35 будуюцца. На студзень 2009 г. сярод 407 каталiцкiх свяшчэннаслужыцеляў 168 — замежныя грамадзяне, у тым лiку 161 — з Польшчы. Мiждыяцэзiяльная Вышэйшая духоўная семiнарыя святога Тамаша Аквiнскага ў Пiнску за час сваёй работы падрыхтавала 12 свяшчэннаслужыцеляў, Вышэйшая духоўная семiнарыя ў Гродне — 168.

У Беларусi дзейнiчае 992 пратэстанцкiя абшчыны 14 рэлiгiйных напрамкаў. Акрамя таго, без дзяржаўнай рэгiстрацыi працягваюць дзейнiчаць 28 груп вернiкаў Савета Цэркваў евангельскiх хрысцiян баптыстаў. Найбольш шматлiкiмi сярод пратэстанцкiх напрамкаў з’яўляюцца аб’яднаннi хрысцiян веры евангельскай — 500 абшчын i евангельскiх хрысцiян баптыстаў — 269 абшчын.

У Мiнску завершаны работы па будаўнiцтве сiнагогi па вулiцы Крапоткiна, 22. Аднавiлася i летась значна прасунулася будаўнiцтва мячэцi па вулiцы Грыбаедава.

Мядзведзева В. Канфесійная структура беларускага грамадства за мінулы год не змянілася. - «За свабоднае веравызнанне» № 22, студзень — сакавік 2009. - Паводле газ. «Звязда»

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
14 + 3 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.