Царква і дзяржава. Кропкі напружання

Аўтар: 
Наталля Васілевіч

У сацыялогіі рэлігіі ўжо стала агульным месцам сцверджанне, што ў складаныя, крызісныя для грамадства часы, істотна ўзрастае роля рэлігіі, якая выконвае гэткую сабе кампенсаторную функцыю альбо функцыю кансалідацыі грамадства. У перыяды нестабільнасці дзяржаўная ўлада спрабуе выкарыстаць легітымуючую функцыю рэлігіі.
Хаця за тузін гадоў выступленні ў выглядзе ўзаемных рэверансаў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Прэзідэнта Лукашэнкі сталі даволі прывычным сцэнарам сустрэч і віншаванняў, цяпер іх танальнасць змяняецца. Па-першае, нягледзячы на тое, што кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы Патрыярх Кірыл павіншаваў Лукашэнку з пераабраннем на пасаду Прэзідэнта, яго мясцовыя адзінаверцы не праявілі з нагоды гэтага пераабрання звыклага энтузіязму. Так, і на Ўсебеларускім сходзе Мітрапаліт Філарэт знаходзіўся ў якасці легітымуючай дэкарацыі, і на інаўгурацыю ён з’явіўся “па пратаколе”. Аднак у той жа час афіцыйная газета Беларускага Экзархату “Царкоўнае слова” на сваіх старонках пасля выбараў друкуе лісты прыхажанаў, у якіх выказваецца спачуваннем пратэстоўцам і абурэнне брутальнасцю 19 снежня. Усе астатнія дзеянні розных праваслаўных актывістаў - удзел у акцыях салідарнасці з вязнямі, спробы дабіцца сустрэчаў са святаром для праваслаўных вязняў, кулуарныя размовы і размовы на форумах - насілі непублічны характар. Тым не менш, заўважна знікла прыпісваемая раней Праваслаўнай Царкве ў Беларусі адназначная лаяльнасць у дачыненні да палітычнага рэжыму. А гэтая лаяльнасць ва ўмовах эканамічнага крызісу і правалам дыялогу на міжнародным узроўні, была дзяржаве неабходнай.
На красавіцкай сустрэчы з Сінодам БПЦ, Лукашэнка, не хаваючы, прасіў у Царквы падтрымкі: “Беларуская Праваслаўная Царква паклікана жыць інтарэсамі краіны, выкарыстоўваючы пры неабходнасці дзеля іх абароны ўсе свае сувязі і міжнародны аўтарытэт... Гэта абавязак Царквы служыць народу, дзяржаве, у якой жыве гэты народ... Сёння ваша грамадзянская пазіцыя і пастырскае слова прыкліканыя спрыяць умацаванню стабільнасці і спакою ў грамадстве. [1]. Спробы знайсці ідэалагічную падтрымку сярод праваслаўнага кліру адбываліся і на нізавым узроўні - у тым жа красавіку аддзел па справах рэлігій і нацыянальнасцей Мінгарвыканкаму праводзіў сустрэчу са святарамі і супрацоўнікамі Петра-Паўлаўскага сабору, менавіта таго, дзе выдаецца надрукаваўшая “апальныя” лісты газета “Царкоўнае слова”, і прыхажане якога склалі значную частку падпісантаў пад крытычным лістом да Патрыярха ў якасці рэакцыі на яго віншаванне Лукашэнку. На сустрэчы прадстаўнікі дзяржавы цікавіліся тым, якое стаўленне выказваюць у дачыненні да крызісу прыхажане, а таксама спрабавалі ўпэўніць святароў, што эканамічны крызіс - гэта ўсяго толькі часовыя цяжкасці, а менавіта таму святары маюць супакойваць прыхажанаў. Калі раней усе праваслаўныя па замоўчанні лічыліся дзяржавай яе базіснай падтрымкай, то цяпер дзяржаўныя органы вымушаныя дадаткова працаваць для забеспячэння гэтай лаяльнасці.
Што тычыцца Рыма-Каталіцкай Царквы, то падзеі 19 снежня выклікалі нязначную публічную рэакцыю. Крытычныя выступленні святароў насілі індывідуальны і спарадычны характар, і з гэтымі “адзіночкамі” дзяржава працавала ў звычайным рэжыме - праз адпаведныя тэрытарыяльныя ідэалагічныя аддзелы. Аднак у канцы траўня і ў кіраўніцтва Каталіцкай Царквы ў Беларусі ціхая незадаволенасць палітычным напружаннем сублімуецца ў насцярожанасць сітуацыяй у краіне з нагоды эканамічнага крызісу, Мітрапаліт Кандрусевіч публікуе Зварот[2] з нагоды сацыяльна-палітычнай сітуацыі, дзе яна характарызуецца як складаная. Са звароту не вынікае, ці то Мітрапаліт Тадэвуш такім чынам спрабуе “папсаваць” рэнамэ стабільнасці і звярнуць увагу на крызіс (у т.л. і той, што ўзнік з-за адкату ад палітыкі лібералізацыі 19 снежня), у той час як дзяржава публічна стараецца трансляваць ідэю “часовых цяжкасцяў” і “адсутнасці крызісу”; ці то каталіцкі іерарх спрабуе наадварот, дапамагчы дзяржаве “разруліць” сітуацыю незадаволенасці зніжэннем узроўня жыцця. Шматзначнасць і неакрэсленасць паслання “гасіць” ягоны пафас, што б Мітрапаліт Кандрусевіч ад імя ўсё Каталіцкай Царквы ні хацеў сказаць.
Як адбіўся эканамічны крызіс на становішчы саміх Цэркваў? На той жа сустрэчы з Сінодам Прэзідэнт заявіў: “Думаю, што і Царкве ў тым ліку, трэба перастаць разлічваць толькі на рэсурсы дзяржавы. Трэба быць актыўней самім, шырэй прыцягваць спонсарскую падтрымку і ахвяраванні”[3], чым адкрыта папярэдзіў пра памяншэнне і так нязначнай фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы. Аднак і Беларуская Праваслаўная Царква, і Рыма-Каталіцкая Царква ў вялікай ступені залежаць не ад дзяржаўнага фінансавання, а ад замежнай спонсарскай падтрымкі, хаця на нізавым узроўні - асобных прыходаў, асобных святароў, чый даход складаецца з ахвяраванняў прыватных асобаў, у т.л. у выглядзе “аплаты” за свечкі, літаратуру, ажыццяўленне трэбаў і пад., безумоўна, сітуацыя значна пагоршылася. У выйгрышы засталіся толькі тыя, хто вядзе знешнеэканамічную дзейнасць, як Свята-Елізавецінскі манастыр у Навінках, які па валютным звароце можа паспрачацца з прамысловым прадпрыемствам; а таксама тыя, хто атрымлівае знешную спонсарскую дапамогу праз разнастайныя рэсурсныя арганізацыі. Паводле дадзеных міжнароднага фонду “Kirche in not”, толькі адзін гэты фонд выдаткаваў беларускаму Касцёлу гранты на агульную суму 455.000 еўра, гэтыя дадзеныя прыводзіць аналітык Кастусь Шыталь, які ацэньвае дапамогу ад розных еўрапейскіх фундацый, у прыватнасці, нямецкага каталіцкага фонду “Renovabis” - у некалькі мільёнаў еўра штогод.[4] Такімі фінансамі эканоміку цэлай краіны не ўратуеш, але невядома, як у дачыненні да гэтай спонсарскай дапамогі павядзе сябе беларуская дзяржава пры яшчэ большым пагаршэнні эканамічнай сітуацыі.
Адной з асноўных кропак напружання паміж дзяржавай і цэрквамі сталі не выбары і не эканамічны крызіс, а пытанне рэпрадуктыўных тэхналогіяў. У гэтым “непалітычным” пытанні і праваслаўныя, і каталікі дазволілі сабе досыць жорсткую крытыку новага законапраекта “Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх ужыванні”. Тэмы дэмаграфіі, сям’і, абортаў, гінекалогіі, біяэтыкі традыцыйна з’яўляюцца “кароннымі” для цэркваў. У адрозненні ад многіх заходніх краінаў, пытанні біяэтыкі ў Беларусі не маюць “палітычнай афарбоўкі”, а, хутчэй, адносяцца да прыватнай сферы жыцця. І праваслаўныя, і каталікі праводзяць грамадскія акцыі, канцэрты, канферэнцыі, ажыццяўляюць праекты, звязаныя з прапагандай сямейных каштоўнасцей, дашлюбнай цнатлівасці і ўсяго комплексу пытанняў, звязаных з сэксуальнай маральнасцю і абаронай ненароджаных дзяцей.
Што тычыцца крытыкі канкрэтнага законапраекта, то з боку Каталіцкай Царквы прагучала адмысловая заява арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча “У сувязі з прыняццем Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу законапраекта аб рэпрадуктыўных тэхналогіях”[5], у якой ён выказаў сур’ёзную заклапочанасць фактам таго, што “законапраект рыхтаваўся без кансультацый з рэлігійнымі арганізацыямі, асабліва з Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якія маюць вельмі многа напрацовак у гэтай галіне і пазіцыі якіх вельмі блізкія, а таксама без адпаведнага грамадскага абмеркавання”. Таксама і кс. Андрэй Рылка ў сваім артыкуле на афіцыйным сайце РКЦ адзначыў, што прыняцце законапраекта выклікала “вялікую занепакоенасць экспертаў”. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прыняла афіцыную Дэкларацыю адносна пытання экстракарпаральнага апладнення. Ва ўсіх выпадках крытыкі з боку РКЦ прасочвалася афіцыйная пазіцыя дакументаў Каталіцкай Царквы пра недапушчальнасць многіх метадаў штучнага апладнення.
У Праваслаўнай Царкве, хаця адзін са святароў - Георгій Рой - і правёў маральна-этычную экспертызу заканапраект, а прэс-сакратар Мінскай епархіі прот. Сяргей Лепін у даволі жорсткай форме пракаметаваў смі, што заканапраект “знаходзіцца ў рэзкім супярэчанні з пунктам гледжання Праваслаўнай царквы, яе вучэннем”, аднак, у адрозненне ад іх каталіцкіх калегаў, выказванням праваслаўных святароў не было нададзена афіцыйнага статусу, таму яны маглі разглядацца адно як асабістыя багаслоўскія меркаванні. Нягледзячы на гэта, сярод праваслаўнай грамадскасці прыняццё законапраекту выклікала значны рэзананс, які, аднак, так і не быў аформлены ў нейкую супольную афіцыйную пазіцыю. І, фактычна, пазіцыі абедзвюх рэлігійных арганізацыяў былі дзяржавай праігнараваныя. Не ўдалося “распаліць” з гэтай нагоды і грамадскую думку. Гледзячы па ўсім, закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні, і тады можна чакаць новага вітка дыскусій і крытыкі.
Дзіўным застаецца той факт, што змены ў іншай, важнай для цэркваў сферы - адукацыі, засталіся без якой-кольвек крытыкі, нягледзячы на прыняцце новага Кодэксу ад адукацыі і “Палажэнні аб парадку, умовах і формах узаемадзяння установаў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў”[6], прынятага Пастановай Савета Міністраў 24 чэрвеня, якое адным махам перакрэсліла ўсе шматгадовыя мары пра адукацыйныя факультатывы па праваслаўнай ці каталіцкай рэлігіі ў школах. Паводле гэтай пастановы ўстановы адукацыі могуць узаемадзейнічаць з рэлігійнымі арганізацыямі толькі ў па-занавучальны час, і магчымасці такога супрацоўніцтва носяць досыць абмежаваны характар[7]. Замест крытыкі праваслаўныя, наадварот, трыюмфуюць з нагоды заключэння новай праграмы супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі на 2011-2014 гг[8]., спасылаючыся, як на афіцыйны дакумент, на адказ на форуме Міністэрства адукацы[9], у якім быццам тлумачыцца некаторыя нормы “Палажэння” ў больш мяккіх фармулёўках, аднак прававы статус такога “адказу на форуме” - нулявы. Магчыма, сама Праваслаўная Царква ў асобе сваіх адказных супрацоўнікаў, зацікаўленая ў стварэнні ілюзіі задаволенасці, бо, як паказала практыка ў выпадку з законапраектам “Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях”, ніякія пратэсты і крытыка ўсё роўна пачутыя не будуць, а тыя з царкоўных дзеячоў, хто дазволіць сабе падобную крытыку, не атрымаюць публічнай падтрымкі ні з боку грамадскасці, ні з боку іерархіі Праваслаўнай Царквы, а, магчыма, яшчэ і падвергнуцца санкцыям.
Той крытычны настрой сярод рэлігійнай грамадскасці, які ўзнік на пачатку года ў сувязі з 19 снежня і дасягнуў кульмінацыі ў абмеркаванні праект Закон “Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях” да канца лета паступова пачаў затухаць. Паказальным з’яўляецца той факт, што запланаваны на травень епархіяльны сход Мінскай епархіі БПЦ, які павіне быў спарадзіць дыскусіі ў Царкве датычна многіх пытанняў, так і не быў праведзеным. Ці то ўнутраныя царкоўныя ўлады, спрабуючы пазбегнуць некантраляванай дыскусіі, ці то ўлады дзяржаныя, правядзенню гэтага сходу на піку фрустрацыі перашкодзілі.
Для адраджэння публічнай актыўнасці цэрквам будзе патрэбны іншы штуршок. З ч’яго боку ён будзе - дзяржавы, грамадства ці гэта будзе штуршок хрысціянскай супольнасці, якая ўжо зачатая ўва ўлонні саміх цэркваў, яшчэ кволая, з нескаардынаванымі рухамі, пакуль без свядомасці і голасу, але саспявае, каб нарадзіцца?
 
[1] http://president.gov.by/press115936.html#doc
[2] http://catholic.by/2/home/news/belarus/hierarchs/109046-kandrusiewicz.html
[3] http://president.gov.by/press115936.html#doc
[4] http://westki.info/blogs/12180/moza-nam-hety-kasciol-і-nie-patrebny
[5] http://churchby.info/bel/693/
[6] http://churchby.info/rus/723/
[7] http://churchby.info/bel/725
[8] http://churchby.info/bel/732/
[9] http://www.church.by/resource/Dir0301/Dir0302/2011/Page3846.html
 
Arche
 
Н. Васілевіч. Царква і дзяржава. Кропкі напружання - «За свабоднае веравызнанне» № 29, ліпень - верасень 2011
 

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
15 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.