Распараджэнне аб несанкцыянаванай дзейнасці моладзевых каталіцкіх арганізацый

Рэквізiты
Прыняты: 
13.07.2009

У сувязі з тым, што ў апошні час актывізавалася дзейнасць пэўных асобаў, якія называюць сябе моладзевай каталіцкай арганізацыяй, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі лічыць патрэбным растлумачыць духавенству і вернікам Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне, што гэтыя асобы дзейнічаюць без дазволу, а часта і без ведама Касцёльных уладаў.

У прыватнасці, у Інтэрнэце з’явіліся абвесткі пра арганізацыю гэтымі асобамі пілігрымкі на сёлетнюю экуменічную сустрэчу моладзі ў Мілане, якую праводзіць супольнасць Тэзэ. Аднак гэтыя «арганізатары» і «лідэры» не былі ўпаўнаважаныя ад імя Касцёла на арганізатарскую дзейнасць кампетэнтнымі Касцёльнымі ўладамі, а таму апошнія не могуць несці ніякай адказнасці за іх дзеянні.

Згаданыя асобы таксама выступілі з ініцыятывай арганізацыі курсаў для выдаўцоў парафіяльных бюлетэняў і правядзення з’езду каталіцкай моладзі на нацыянальным узроўні. Беручы пад увагу адсутнасць інфармацыі пра гэтых асобаў, а таксама іх яўна недастатковую кампетэнтнасць у названых пытаннях, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў лічыць немагчымым прызнаць за імі паўнамоцтвы, на якія яны прэтэндуюць, і не дазваляе духавенству і вернікам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі падтрымліваць іх дзейнасць і ўдзельнічаць у гэтых праектах і ініцыятывах.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заклікае ўсіх удзельнікаў неафіцыйных арганізацый і груп, якія называюць або лічаць сябе каталіцкімі, спыніць несанкцыянаваную дзейнасць, бо яна падрывае дысцыпліну ў мясцовым Касцёле на Беларусі і наносіць шкоду яго адзінству. Канферэнцыя таксама нагадвае пра неправамоцнасць у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права і з агульнапрынятымі нормамі міжнароднага права выкарыстання назвы «каталіцкі» без дазволу кампетэнтных Касцёльных уладаў і лічыць неадпаведным маральным прынцыпам выкарыстоўваць словы «каталік, каталікі» у назвах груп, не зацверджаных тымі ж уладамі.

Разам з тым Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі настойліва рэкамендуе пробашчам давесці да ведаму аніматараў парафіяльных моладзевых груп і ўсіх асобаў, адказных за працу з моладдзю, пра недапушчальнасць у межах іх дзейнасці любых кантактаў з прадстаўнікамі несанкцыянаваных арганізацый і рухаў рэлігійнага, грамадскага або палітычнага кірункаў.

Канферэнцыя таксама нагадвае, што права змяшчаць інфармацыю адносна жыцця Касцёла маюць выключна зарэгістраваныя каталіцкія выданні і інфармацыйны партал catholic.by у сеці «Інтэрнэт». За інфармацыю, змешчаную ў іншых крыніцах, Касцёльныя ўлады адказнасці не нясуць.

 

Кардынал Казімір Свёнтэк

 

Старшыня ККББ