Беларусь: візавы "бан-ліст" для ксяндзоў

Аўтар: 
Наталля Васілевіч

Беларускае заканадаўства, якое прадугледжвае жорсткае рэгуляванне дзейнасці замежных святароў у нашай краіне, значна ўскладняе дзейнасць адной з найбуйнешых царкоўных арганізацыяў у Беларусі - Рыма-Каталіцкага Касцёлу, з 428 святароў якога 151 з'яўляюцца замежнымі грамадзянамі (у першую чаргу, грамадзянамі Польшчы).

Беларускае заканадаўства, якое прадугледжвае жорсткае рэгуляванне дзейнасці замежных святароў у нашай краіне, значна ўскладняе дзейнасць адной з найбуйнешых царкоўных арганізацыяў у Беларусі - Рыма-Каталіцкага Касцёлу, з 428 святароў якога 151 з'яўляюцца замежнымі грамадзянамі (у першую чаргу, грамадзянамі Польшчы). І тут справа не толькі ў дзеючым Палажэнні аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ў Рэспубліку Беларусь з мэтамі займання рэлігійнай дзейнасцю, але таксама і ў тым, што рашэнні аб працягненні візаў і дазволаў знаходзіцца цалкам у кампетэнцыі аднога дзяржаўнага органа - Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, які можа такія рашэнні прымаць цалкам адвольна, не кіруючыся патрэбамі і жаданнямі рэлігійнай арганізацыі. У Даведцы аб рэлігійнай сітуацыі і рэлігійных арганізацыях ў Рэспубліцы Беларусь за 2011 г., Упаўнаважаны з гонарам рапартуе, што дадзеным органам праводзіцца праца па скарачэнні ліку замежных святароў, якія прыяжджаюць у нашу краіну: "За перыяд 2006-2011 гадоў колькасць запрошаных з Польшчы ксяндзоў скарацілася са 198 да 152, а польскіх манахіняў - з 113 да 68". Нягледзячы на тое, што міжнароднымі прававымі нормамі прадугледжаная аўтаномія рэлігійных арганізацыяў у вызначэнні таго, якія кадры і ў якой колькасці ім патрэбныя, беларуская дзяржава паслядоўна абмяжоўвае гэтае права. Неабходнасць у запрашэнні замежных каталіцкіх святароў на служэнне ў Беларусі прадыктаванае патрэбамі гэтай арганізацыі, якія пакуль не могуць быць задаволеныя ўласнымі чалавечымі рэсурсамі, таму дзяржаўная палітыка, скіраваная на штучнае памяншэнне святароў-замежнікаў, досыць балюча адбіваецца на Рыма-Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.

Пасля візіту ў Беларусь кардынала Тарчызіё Бэртоне, які адбыўся ўлетку 2008 г., рэжым атрымання візаў ксяндзамі польскага грамадзянства быў значна аблегчаны ў параўнанні з папярэднімі гадамі, калі пад ціск траплялі актыўныя манахіні і ксяндзы, як напрыклад, Збігнеў Грыгарцэвіч, што праходзіў служэнне ў Барысаве, а таксама і шэраг святароў, асабліва Пінскай і Гарадзенскай архідыяцэзіяў. Пік абмежаванняў прыпаў на 2008 - пач. 2009 гг. Аднак згаданы візіт Дзярсакратара Ватыкану, а пазней таксама і візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі ў Ватыкан і сустрэча з Папам Рымскім, паклалі новы пачатак узаемаадносінам паміж беларускай дзяржавай і Рыма-Каталіцкім Касцёлам, адным з галоўных матываў стаў матыў супрацоўніцтва, заключэння канкардату паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам. Праўду кажучы, канкардат так і застаўся праектам, і не ўвасобіўся ў канкрэтным дакуменце. Цягам жа апошняга, 2011 года, паміж двума "Гарадамі" зноў намеціўся разлад. Па-першае, кіраўнік Рыма-Каталіцкага Касцёлу неаднаразова выступіў са сваім меркаваннем - гэта і Зварот адносна сацыяльна-палітычнай сітуацыі, і Заява ў сувязі з прыняццем Палатай прадстаўнікоў законапраекта аб рэпрадуктыўных тэхналогіях, і Заклік да ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Па-другое, пагаршэнне ўзаемаадносінаў з Еўрепейскім Саюзам і, у прыватнасці і галоўным чынам, Польшчай. Беларуская дзяржава ў гэтым пытанні менавіта на каталікоў ўскладала вялікія надзеі (пра што наўпростым тэкстам неаднаразова заяўлялі чыноўнікі), але гэтым надзеям так і не наканавана было спраўдзіцца. І вось, спрактыкаваны ўдар зноў прыйшоўся ў балючае, але і досыць банальнае, месца - візы для польскіх святароў.

Яшчэ напрыканцы мінулага года "Радыё Рацыя" паведамляла, спасылаючыся на словы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі, што двум ксяндзам - у Пінскай і Мінскай архідыяцэзіях - не былі працягнуты нацыянальныя візы, а некаторым іншым грамадзянам Польшчы, якія нясуць святарскае служэнне ў Беларусі, дазвол на знаходжанне ў краіне быў скарочаны ад аднаго года да трох месяцаў.

І вось - чарговая хваля "візавай праблемы". Як завявіў тэлеканалу Белсат упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка датычна працягу візаў чатыром ксяндзам, тэрмін якіх падыходзіць да заканчэння: “Наконт гэтых чатырох ксяндзоў у нас ёсць некаторыя сумненні. Мы можам прадоўжыць ім візы яшчэ на тры месяцы, але, не выключана, што мы ўвогуле не будзем іх прадаўжаць". У якасці прычыны такой адмовы, безумоўна, называецца клопат аб верніках, якія, быццам, і выступаюць ініцыятарамі ў стылі беларускага "народ просіць, не можам адмовіць": "Вернікі скардзяцца, што некаторыя ксяндзы на працягу некалькіх гадоў знаходжання ў Беларусі ні разу падчас імшы не карысталіся беларускай або расейскай мовамі. Гэта праблема, бо сёння не кожны вернік валодае польскаю моваю”. Як лічыць вядомы журналіст і намеснік старшыні незалежнага Саюзу палякаў на Беларусі Андрэй Пачобут у каментары таму ж тэлеканалу, прычыны надуманыя, а сапраўдныя матывы палітычныя: “Ніякай праблемы з веданнем беларускай ці расейскай мовы у ксяндзоў няма. Проста ёсць мястэчкі, дзе жывуць пераважна палякі, таму лагічна, што імша праводзіцца па-польску. Гэта раздражняе беларускія ўлады. Праблемы з выданнем візаў для ксяндзоў паўстаюць падчас абвастрэння адносінаў уладаў з нацыянальнымі меншасцямі – палякамі – і з Захадам наагул. Лукашэнка і ягоныя паплечнікі такім чынам спрабуюць хоць як-небудзь зачапіць Польшчу, паказаць сваё стаўленне да палітыкі польскіх уладаў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі”.

У той час, як Еўрапейскі Саюз пашырыў спісы неўязных чыноўнікаў у Беларусі, апошняя паказвае, што ў яе таксама ёсць магчымасці візавага ціску, няхай датычна і такой вузкай катэгорыі асобаў. Відавочна, што беларускі рэжым занадта паспадзяваўся на Рыма-Каталіцкі Касцёл і яго міжнародную вагу ў палітычных справах. Безумоўна, калі б Касцёл мабілізаваў усе свае рэсурсы на службу апальнаму палітычнаму лідару, то ў такім выпадку можна было б паўплываць на працэс прыняцца палітычных рашэнняў на Еўрапейскім узроўні. Але гэты самы лідар, спрабуючы заслужыць прыязнасць будаўніцтвам, візамі і сімвалічнамі рэверансамі, затанна захацеў "набыць" прыязнасць самай буйной рэлігійнай арганізацыі ў свеце, пры гэтым цалкам ігнаруючы тыя патрабаванні датычна арганізацыі грамадства і заканадаўства, якія адлюстроўваюць каталіцкае сацыяльнае вучэнне. Краіны Еўрапейскага Саюзу маглі б пахваліцца нашмат большым спрыяннем Касцёлу, таму выбіраючы нечый бок у беларуска-еўрапейскім канфлікце, наўрад кіраўніцтва РКЦ схіліцца ў бок Прэзідэнта Беларусі. Магчыма, менавіта таму беларускі рэжым падае каталікам папераджальны сігнал, хаця, хутчэй, проста вяртаецца да свайго звычайнага стылю кіравання рэлігійнай сферай. Гульня ў ружовы памадкава-салодкі перыяд ва ўзаемаадносінах скончылася, у іх ізноў вярнуўся горкі прысмак.

Васілевіч Н. Беларусь: візавы бан-ліст для ксяндзоў. - партал "Царква", 7.04.2012 г.

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
4 + 5 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.