Лукашэнка і БПЦ: сімфонія з лейтматывам моцнай рукі

Аўтар: 
Класкоўскі Аляксандр

Хто яшчэ не зразумеў, чаму галоўны атэіст - праваслаўны? 22 красавіка, выступаючы на пасяджэнні Свяшчэннага сінода (нагода: мітрапаліту Філарэту споўнілася 75), афіцыйны лідэр расшыфраваў сваё асаблівае стаўленне да БПЦ.

Большасць рэсурсаў працытавалі дзяжурныя пасажы, кшталту: «У дзяржавы і царквы - агульныя задачы: клопат аб шчасці народа, яго маральным здароўі, захаванні спакою і стабільнасці ў нашым беларускім доме».

Болей каларытна - спічрайтэры пашчыравалі - прагучала вось гэта: «Паміж свецкай і духоўнай уладай у Беларусі ўсталяваліся сугучныя адносіны, якія ў праваслаўі заведзена называць сімфоніяй»,

Аднак самае красамоўнае выказванне прывёў канал АНТ, паводле якога Лукашэнка на сінодзе адзначыў, што «зарукай упэўненасці і веры беларусаў ёсць моцная ўлада, а яе галоўным хаўруснікам ды памочнікам у вырашэнні як духоўных, так і палітычных пытанняў заўжды была і застаецца праваслаўная царква».

Вось так, без эківокаў. Зрэшты, сапраўды - была і застаецца. Хаця, па ідэі, царква мусіць быць па-за палітыкай. Але ж - не. Прычым менавіта праваслаўная «вертыкаль» - так ужо склалася гістарычна - найболей прыдатная да падтрымкі, ухвалення і апраўдання моцнай улады, жалезнай рукі. Адсюдь і такая «сімфонія».

Да касцёла у Лукашэнкі трохі іншае стаўленне не толькі таму, што Аляксандр Рыгоравіч паходзіць з усходу Беларусі. І не толькі таму, што католікаў у нас меней (хаця арыфметычны чыннік гэты палітык заўжды бярэ пад увагу - таму, напрыклад, не прамаўляе па-беларуску: на гэтым рэйтынг надта не ўздымеш).

Проста каталіцызм з гледзішча высокага начальства не так заточаны пад самадзяржаўны лад. Звыш таго, саўковую вертыкаль заўжды адпуджваў заходніцкі каларыт. Аб пратэстантызме і казаць няма чаго: зусім іншая філасофія, іншы дух.

Увогуле, міжканфесійны мір у нашай краіне - не столькі заслуга ўладаў, якія паводзяць сябе ў рэлігійных пытаннях даволі дубова, колькі вытворная гістарычнай талерантнасці.

Што ж да ўладаў, то яны, карыстаючыся лаяльнасцю як праваслаўнай, так і каталіцкай царквы, проста па меры патрэбы разыгрываюць рэлігійную карту дзеля палітычных мэтаў. У спадчыну ж ад імперскіх часоў цяперашнім кіроўным вярхам перадалося насцярожанае стаўленне да рэлігійных меншасцяў.

Менавіта дзеянні свецкай вертыкалі раз-пораз выклікаюць хваляванні вернікаў. Пры гэтым (вось яна, беларуская спецыфіка!) прыхільнікі розных веравызнанняў высвятляюць стасункі не між сабою, а з дзяржаваю.

Але ж, кладучы руку на сэрца, крытычная маса беларусаў не тое што не верыць фанатычна, а ўвогуле дэ-факта (калі не лічыць мінімуму каляндарных рытуалаў) індыферэнтная да рэлігіі. Таму і на канфесійныя гульні ўлады шырокая грамада не надта зважае.

Ну і, канечне, ад суперальянсу з праваслаўем (падмурак, памятаеце, быў закладзены адмысловым пагадненнем) Лукашэнку ўтрымаў правал «братняга яднання» з Расіяй.

Зараз БПЦ наканавана пакрысе беларусізавацца. Ужо і цяперашняя яе вярхоўка не надта хоча выглядаць маскоўскім філіялам. Новыя ж генерацыі святароў пэўна будуць мацней прасякацца нацыянальным духам.

Цяперашняе змушанае дыстанцыяванне Лукашэнкі ад Масквы будзе аслабляць і ўплыў апошняй на БПЦ. Тутэйшым іерархам хоцькі-няхоцькі давядзецца вызначацца, з кім яны.

«Наша Ніва»

Лукашэнка і БПЦ: сімфонія з лейтматывам моцнай рукі - «За свабоднае веравызнанне» № 26, красавік - чэрвень 2010

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
1 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.