Пастар Качагур змагаецца за свае правы

Гарадзенскі абласны суд пастанавіў адмяніць прысуд, вынесены наваградскім раённым судом Уладзіміру Качагуру, пастару царквы «Новае пакаленне», а справу даслаць на новы разгляд з прызначэннем іншага суддзі. Прычынай такой пастановы стала касацыйная скарга пастара.

12 траўня адбылося першае судовае паседжанне па гэтай справе. Справу вёў суддзя Раманоўскі.

Уладзімір Качагур

«Судзілішча (інакш я назваць гэта не магу) пачалося вельмі цікава, - распавёў Уладзімір Качагур. - 12 траўня а шостай раніцы мне прынеслі позву ў суд - і тым самым мне паведамілі, што ў гэты ж дзень суд адбудзецца. Мне не далі часу падрыхтавацца».

У выніку суд быў перанесены на 14 траўня. У гэты дзень супрацоўнікамі наваградскай міліцыі быў праведзены ператрус на кватэры пастара. Міліцыянты патлумачылі, што яны шукаюць зялёную фарбу дзеля рэчавых доказаў. Яны паведамілі Уладзіміру, што невядомыя аблілі зялёнай фарбай аўтамабіль.

Наваградскі раённы суд прызнаў Упадзіміра Качагура вінаватым у правядзенні набажэнстваў без дазволу мясцовага выканаўчага органа і прысудзіў яму штраф у памеры 20 базавых велічыняў (700 тыс. рублёў). Падставай для судовага разбіральніцтва сталі дзве скаргі на сп. Качагура, якія напісала ў міліцыю былая суседка пастара Зінаіда Шляхцюк, дырэктар мясцовага каледжа.

Цікава, што першая скарга была пададзеная ў той перыяд, калі Качагур з жонкай і двума непаўнагадовымі дзецьмі яшчэ жылі са Шляхцюк у адным доме. Другая, паводле якой і заведзена справа, - у красавіку, калі сям'я Качагура ўжо пераехала на іншае месца. Жанчына напісала, што з кватэры пастара пасля 24.00 чуваць гучную рэлігійную музыку, спевы, што па начах там нібыта праводзяцца багаслужэнні «і ў кватэру ходзяць людзі».

Аднак Гарадзенскі абласны СУД, разгледзеўшы скаргу пастара Качагура, прызнаў гэты прысуд неабгрунтаваным і незаконным у сувязі з тым, што суддзя Раманоўскі не выканаў у поўнай меры патрабаванні закону пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Так, былі прынятыя да ўвагі толькі сведчанні з боку абвінавачання, якія "сам па сабе факт арганізацыі і правядзення багаслужэння Качагурам не пацвярджаюць».

Да таго ж, адзначаецца ў пастанове Гарадзенскага аблсуду, не было праверана сцверджанне сп. Качагура аб немагчымасці правядзення багаслужэнняў ва ўказаны ў пратаколе час у сувязі з пераездам на іншую кватэру. Не былі дапрошаны сведкі, аб выкліку якіх хадайнічаў перад судом пастар.

Пастанову Гарадзенскага абласнога суду з адменам прысуду, за подпісам суддзі Еўтуха, пастар атрымаў праз пошту. На думку У.Качагура, гэты судовы працэс з'яўляецца відавочным заказам КДБ каб адпомсціць яму і ягонай сям'і за актыўную грамадскую пазіцыю.

Яшчэ адна скарга была падададзена на пратакол судовага паседжання, дзе былі адлюстраваныя скажоныя паказанні сведкаў. Пастар прыклаў да скаргаў дыск з аўдыёзапісам, зробленым, з дазволу суддзі, падчас судовага працэсу.

«На дыску адлюстраваная цалкам іншая карціна, няхай разбіраюцца. Ва ўсёй гэтай справе мне дапамагае праваабаронца Сяргей Усцінаў. Ён рыхтаваў для мяне ўсе скаргі, дакументы, даваў парады, кансультаваў. Я вельмі ўдзячны гэтаму чалавеку, сапраўднаму прафесіяналу», - адзначыў Упадаімір Качагур.

Аднак на гэтым ціск на сям'ю пратэстанцкага пастара не спыніўся. Жонцы Уладзіміра Качагура Таццяне адмовілі ва ўладкаванні на працу.

У сярэдзіне траўня Таццяна Качагур прыйшла ў мясцовае паштовае аддзяленне, калі даведалася, што туды патрабуецца лістанош. Ёй прапанавалі пару дзён паспрабаваць працаваць, а потым афармляццца афіцыйна.

Жанчына сабрала ўсе неабходныя дакументы - для гэтага ёй спатрэбілася, у тым ліку, прайсці медкамісію і атрымаць платную даведку з міліцыі, якае каштуе 35 тысяч рублёў. Усе дакуманты жанчына аднесла ў аддзел кадраў, каб пісаць заяву аб прыёме на працу. З гэтай мэтай яна раніцай 20 красавіка прыйшла на пошту - і прачакала там дзве гадзіны, пакуль сакратар не вярнула ёй дакументы.

"Яны ў Вас у парадку, але намеснік начальніка пошты сказала: Качагур на працу не прымаць! І без тлумачэнняў», - пачула спадарыня Таццяна.

"Сакратар дадала, што такога ніколі не было, каб не бралі на працу без тлумачэнняў. Тым больш - усё было нармальна да гэтага дня. Адзіную прычыну такога абыходжання я і мая жонка бачым у нашай актыўнай апазіцыйнай дзейнасці», - кажа пастар Уладзімір.

Прэсавая служба БХД

Пастар Качагур змагаецца за свае правы - «За свабоднае веравызнанне» № 26, красавік - чэрвень 2010

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 1 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.