Школа паміж атэізмам і рэлігіяй

Аўтар: 
Рылка Андрэй, кс.

Апошнім часам узнікае нямала дыскусій на тэму патрэбы ўвядзення ў школах прадмету па рэлігійнай культуры. Можна са зразуменнем аднесціся да дыскусіі на тэму відавочных праблем, звязаных з тым, хто і як можа выкладаць гэты прадмет. Аднак варты ўвагі сам спосаб дыскусіі праціўнікаў увядзення ў школах рэлігійнай адукацыі. І хоць не хочацца рабіць чорнага піяра некаторым абаронцам атэістычнай сістэмы адукацыі, то ўсё ж варта звярнуць увагу на іх уяўленні аб хрысціянстве і прасачыць, на чым грунтуецца іх аргументацыя супраць рэлігійнай адукацыі ў школе.

Страшылкі ад карэспандэнта «Звязды»

Па просьбе чытачоў возьмем за прыклад два артыкулы карэспандэнта газеты «Звязда» Сымона Свістуновіча. Першы яго артыкул выйшаў пад загалоўкам «Сусветная культура ці рэлігійная?» («Звязда», 02.06.2010). Годны і ясны адказ карэспандэнту даў прарэктар інстытута тэалогіі БДУ Г. Пятроўскі ў артыкуле «З кім і пра што спрачаемся» («Звязда», 11.06.2010). Тады сп. Свістуновіч апублікаваў чарговы артыкул пад тытулам «Вучыце ў нядзельных школах, а не ў дзяржаўных ... » («Звязда», 22.06.2010). Мяркуючы па гэтым артыкуле, журналіст не задумаўся над аргументамі навукоўцы.

Дадзеныя артыкулы карэспандэнта газеты «Звязда» добра адлюстроўваюць пэўны спосаб мыслення аб хрысціянстве тых прадстаўнікоў нашага грамадства, якія пратэстуюць супраць працэсу дэатэізацыі не толькі сістэмы адукацыі, але беларускага грамадства ўвогуле.

Школа: інфарматар ці выхавальнік?

На самым пачатку варта звярнуць увагу на фундаментальную праблему, якая незаўважальна стаіць за ўсімі дыскусіямі на тэму прысутнасці рэлігіі ў школе. Гэта пытанне аб канцэптуальным разуменні ролі школы: інфармаванне ці выхаванне? У залежнасці ад адказу на гэтае пытанне разыходзяцца шляхі дыскусіі.

Існуе пазіцыя, што школа павінна адыгрываць толькі інфармуючую ролю і не павінна займацца выхаваннем. Прыхільнікі такога погляду перакананыя, што можа існаваць школа, якая не будзе фарміраваць нейкі канкрэтны светапогляд вучня, якая будзе вольная ад ідэалогій. Сфера выхавання ў такой сітуацыі перакладаецца на па-за школьнае асяроддзе (сям'я, Царква, нейкія іншыя грамадскія інстытуты). За такі тып школы заўсёды будуць змагацца прыхільнікі ідэалогіі індывідуалізму, лібералізму, секулярызму. Яны вераць у тое, што веды не выхоўваюць, што школа можа даваць нейтральную інфармацыю пра свет, вольную ад якіх-небудзь перакананняў. Парадаксальна, але прапанова такой мадэлі школы - гэта ўжо светапогляд, гэта ўжо выхаванне ў пэўным кірунку.

Канцэпцыя інфармуючай школы рассыпаецца пры сустрэчы з рэальным светам. Па-першае, кожная інфармацыя фарміруе (выхоўвае) светапогляд чалавека. Па-другое, кожны настаўнік падае вучням інфармацыю праз фільтр свайго светапогляду, магчымасцей і жадання. Па-трэцяе, няма адной нейкай ідэальнай навукі ў цэлым, а кожны вучоны зыходзіць з нейкай выбранай тэорыі. Выбар тэорыі (пункт выхаду навукі) залежыць ад светапогляду навукоўцаў, а ў Сітуацыі сферы адукацыі - ад тых, хто стварае школьныя праграмы і падручнікі. А нават ва ўмовах дыверсіфікацыі школьных праграм і падручнікаў усё роўна трэба прыйсці да нейкага кансенсуса, згадзіцца на адну праграму і адзін падручнік, каб была магчымая праца ў групе. Кожны выбар будзе азначаць адмову ад альтэрнатыўнай магчымасці, селекцыю інфармацыі (выкладаных ведаў).

Другая канцэпцыя, якую мы назавём тут «выхаваўчай школай», зыходзіць з пераканання, што адукацыя адыгрывае велізарную ролю ў фарміраванні светапогляду вучня. Таму сярод безлічы магчымых адукацыйных праграм належыць выбраць (або стварыць) найбольш аптымальную для дадзенага грамадства. Як бачым, усё ў канечным выніку залежыць ад таго, па якім крытэрыям будзе стварацца адукацыйная праграма. А выбар крытэрыя, у сваю чаргу, залежыць ад мэты, якую ставіць перад сабой творца канцэпцыі адукацыі. А мэта залежыць ад адказу на пытанне: які чалавек прыходзіць у школу і які павінен з яе выйсці? І тут мы даходзім да праблемы канцэпцыі чалавека ўвогуле. Уцякчы ад прыняцця нейкага бачання чалавека немагчыма. Кожны варыянт (або яго адсутнасць) будзе ўжо выбарам пазіцыі, светапогляду, адказам на пытанне аб натуры, мэце і сэнсе існавання чалавека як такога.

Адукацыя і ідзеалогія

Савецкая адукацыйная сістэма была створаная з мэтай фарміравання штучнага тыпу чалавека - «homo sovieticus». Мэтай гэтай сістэмы была ідэалагічная стэрылізацыя грамадства (знішчыць т.зв. традыцыйнае грамадства), каб сфарміраваць новую «ідэальную» супольнасцю людзей, дзе індывідуум быў бы толькі функцыяй (інструментам) групы, а дакладней - яе лідэраў. У выніку мэтай адукацыйнай сістэмы стала не развіццё (раскрыццё патэнцыяльнасці і перспектыў) канкрэтнага чалавека як асобы, а мадэляванне чалавека-функцыі для рэалізацыі найвышэйшай, паводле марксізму-ленінізму, мэты - фарміравання ідэальнага механічнага грамадства.

Пасля фіяска камуністычнай утопіі пачаўся працэс карэкціроўкі сістэмы адукацыі. І дыскусіі вакол дэкамунізацыі гэтай сістэмы, вяртання ў школу рэлігійнага навучання з'яўляецца паказчыкам таго, што адказныя людзі разумеюць неабходнасць карэкціроўкі састарэлай антыасабовай сістэмы. Аднак належыць згадзіцца з занепакоенасцю сп. Свістуновіча ў тым, што рэлігійная адукацыя можа стацца інструментам дзяржаўнай або канфесійнай палітыкі. У сутнасці гэта была б тая самая, што і пры Саветах сістэма па фарміраванні сацыяльных зомбі, толькі заснаваная на іншай ідэалогіі. Таму варта было б дыскутаваць не аб патрэбе рэлігіі, але аб патрэбе абароны рэлігійнай культуры ад розных формаў яе дэвіяцый,

Праблема крытыкаў выкладання рэлігійнай культуры ў школе звязана з праблемамі светапогляду гэтых людзей. Як у адным, так і ўдругім сваім артыкуле ўзгаданы намі карэспандэнт «Звязды» зводзіць дыскусію аб выкладанні рэлігійнай культуры ў школе да крытыкі рэлігіі, хрысціянства ўвогуле. Аднак напады аўтара апіраюцца не на аб'ектыўных ведах аб хрысціянстве, Царкве, тэалогіі, але на паўтарэнні нацяжак і клішэ савецкай прапаганды. Раскрыць беспадстаўнасць гэтых нападаў імкнуўся ў сваім артыкуле сп. Пятроўскі. Але, мяркуючы па чарговым артыкуле сп. Свістуновіча, аргументы прафесара былі праігнараваныя. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова параўнаць змест артыкулаў.

3а што не любяць хрысціянства?

На чым жа найчасцей грунтуецца крытыка хрысціянства ў асяроддзі постсавецкай інтэлігенцыі? Вышэй узгаданыя артыкулы могуць быць класічным прыкладам анты царкоўных тэзісаў. Прыгледзімся да некаторых з іх.

1) Тэзіс аб супярэчлівасці Бібліі. Не хочацца верыць у тое, што многія прадстаўнікі нашай постсавецкай інтэлігенцыі нічога не ведаюць аб тым, што існуе цэлая група навук (!) па даследаванню Св. Пісання. Метады гэтых дысцыплін адпавядаюць усім патрабаванням, якія ставяцца перад кожнай навукай (аб'ектыўнасць, лагічнасць, правяральнасць і інш.). Калі б Біблія была наборам супярэчлівых выказванняў, то яна не вытрымала б навуковай крытыкі. Аднак даследаванні паказваюць гарманічнасць і сэнсавую глыбіню ўсяго Пісання. На гэтую тэму існуюць тысячы сур'ёзных навуковых даследаванняў і працуюць цэлыя інстытуты. Падобныя антыбіблейскія тэзісы з'яўляюцца толькі паказчыкам таго, які тэалагічны вакуум пакінула пасля сябе эпоха атэізма ў свядомасці некаторых прадстаўнікоў нашага грамадства.

2) Тэзіс аб канфлікце паміж навукай і рэлігіяй. Канфлікт па сутнасці не можа існаваць, бо навука і рэлігія - дзве зусім розныя сферы жыццядзейнасці чалавека. Мэта навуковага пазнання - пошук зразумення свету, даступнага вопыту і розуму. Мэта рэлігіі - дапамагчы чалавеку паяднацца з Богам. Канфлікт мог бы быць толькі Ў Сітуацыі узаемавыключальнасці мэтаў. Але, як бачым, пазнанне натуры не супярэчыць пазнанню звышнатуральнага, анаадварот, гэтыя тыпы пазнання могуць узаемадапаўняцца і ўзаемазбагачацца. Найлепшым прыкладам гэтага з'яўляецца тэалогія.

На працягу гісторыі канфлікты паміж Царквой і нейкімі вучонымі ўзнікалі не на ўзроўні навукі, але рэлігійнай або царкоўнай дыскусіі. Яскравым прыкладам гэтага можа быць вядомая з савецкіх падручнікаў постаць Дж. Бруно, канфлікт якога з Царквой меў не навуковы, але рэлігійны характар. Гэты чалавек прапагандаваў пантэізм (усё ёсць Богам), заклікаючы людзей да звяржэння хрысціянства, якое стаіць на пазіцыях тэіэма (прырода - не Бог). Думаю, не трэба працягваць пра ўсе магчымыя грамадскія наступствы канфлікту і як падобныя праблемы вырашалі сярэднявечныя палітыкі. Пытанні аб сацыяльна важных рэлігійных канфліктах і спосабах іх вырашэння належаць не да сферы навукі і рэлігіі, але палітыкі. І тое, што атэісты вешалі на хрысціянства ярлыкі цемрашальства, мела не навуковыя, але сацыяльна-палітычныя прапагандысцкія прычыны.

3) Тэзіс аб вузка палітычных мэтах існавання рэлігіі. Паводле веры матэрыяліста, не можа існаваць ніякіх іншых мэтаў, сэнсаў, матывацый у чалавека паза фізічнай прасторай яго жыцця, бо іншая (звышнатуральная) - проста не існуе. Зыходзячы з такога погляду, кожны атэіст будзе глядзець на рэлігійны і маральны кодэкс хрысціяніна або як на наіўнае вар'яцтва, або як на хітрую прагматыку. Калі няма Бога і нічога звышнатуральнага, то трэба неяк растлумачыць існаванне Царквы. Адкінуўшы варыянт, што ўсе вернікі - зборышча вар'ятаў, трэба прыняць альтэрнатыўны варыянт, што Царква ўяўляе сабой хітрае сацыяльнае ўтварэнне, якое мае тыповыя для кожнага грамадскага інстытута палітычныя мэты. Адказ знойдзены. Мазаіка атэіста склалася. Праверыць памылковасць тэзіса можа толькі гісторыя і моманты, калі Царква яскрава засведчыць, што шкала яе мэтаў і каштоўнасцей сягае па-за межы натуральных (зямных) інтарэсаў. Здаецца, у гісторыі было шмат прыкладаў, калі Царква прайгравала ў сацыяльна-палітычных пытаннях з-за сваіх звышнатуральных прынцыпаў. Але гэтыя факты трэба жадаць бачыць. Усё залежыць ад добрай волі даследчыка.

4) Тэзіс аб гуманнасці атэізацыі і шкоднасці хрысціянізацыі. Змагары з рэлігійнасцю часта выкарыстоўваюць любую нагоду, каб пераканаць грамадства ў шкоднасці хрысціянства. Атэіст згаджаецца толькі на вузка прыватны, маргінальны характар веры і Царквы. А вызваленую ад рэлігійнасці прастору павінен заняць атэізм, калі не тэарэтычны (свядомы), то прынамсі практычны (несвядомы). Аднак гісторыя Еўропы, дзе ў апошнія стагодзі актыўна рэалізуецца праект дэхрысціянізацыі, яскрава паказвае дэструктыўны характар атэістычнай (секулярнай) сістэмы, якая ўжо цяпер пагражае гуманітарнай катастрофай для еўрапейцаў.

Догмы атэістычнага светапогляду

Прычыны ж рэальнай небяспечнасці атэістычнага мыслення крыюцца ў яго фундаменце. Вось некаторыя з асноўных прынцыпаў, на якіх трымаецца светапогляд сучасных атэістаў:

1) Вера ў тое, што чалавек - гэта добрая і разумнейшая за іншыя жывёлы разнавіднасць малпы, якая для шчасця патрабуе толькі заспакаення матэрыяльных (жывёльных) патрэбаў.

2) Вера ў натуральную дабрыню і дасканаласць чалавека, якія псуюцца ў працэсе «выхаваўчага насілля» (лозунг індывідуалізму), ад якога можна вызваліць кожную асобу, калі заняцца стварэннем ідэальнага грамадства (розныя формы сацыялізмаў).

3) Вера ў магчымасць нематываванай маральнасці (грамадства можна пабудаваць на тым, што ўсе будуць высока маральнымі проста так). Увогуле, атэістычная прапаганда часта адклікаецца да «аргумента», што ўсё існуе «проста так» (беспрычыннасць усяго). Нягледзячы на прымітыўнасць і інфантыльнасць такога тыпу мыслення, яно даволі паўсюднае нават сярод многіх сучасных навуковых дзеячаў. Гэта звязана з тым, што выбар альтэрнатыўнага варыянту (усё мае сваю прычыну), прымусіў бы вучонага-атэіста прыняць (на моцы логікі) існаванне першапрычыны і згадзіцца на тэізм, прызнаць большую рацыянальнасць рэлігіі, чым атэізму. Атрымліваецца абсурдная сітуацыя, калі ў імя ідэалогіі атэізма, вучоны абмяжоўвае сваё мысленне і навуковы патэнцыял. Яшчэ горшая Сітуацыя, калі гэтая рэдуктыўная ідэалогія выдаецца за «навуковую».

4) Вера ў абсурднасць чалавечага існавання (нараджаецца, каб памерці). Гэтая вера генеруе розныя формы нігілізму, песімізму, пагарды да чалавека, апатыі і нежадання развівацца (бо няма матывацыі, сэнсу, персанальнай мэты). У больш прымітыўнай форме гэтая "вера» выражаецца ў агнастыцызме (уцёках ад пытанняў аб сутнасці, мэце, прычынах), які з-за сваёй ідэйнай бясплоднасці і тупіковасці зноў жа заканчваецца экзістэнцыяльным крызісам і прыводзіць да дэградацыі чалавека.

 

Калі ёсць атэізм, чаму не можа быць тэзму?

Можна было б прыводзіць іншыя прыклады схемы матэрыялістычна-антыхрысціянскага мыслення. Але, каб не стамляць чытача, пяройдзем да цэнтральнай праблемы, якая часта замоўчваецца ў выступленнях супраць прысутнасці хрысціянскай культуры ў школе. У сваёй аргументацыі змагары з рэлігіяй у школе не жадаюць заўважаць, што існуючая ў Беларусі сістэма адукацыі не мае нейтральнага характару.

Савецкая школа асноўваецца на ідэалогіі атэізму і матэрыялізму. Рэдуктыўны падыход гэтага светапогляду, а таксама яго дэструктыўныя наступствы нясуць у сабе небяспеку дэградацыі грамадства. Заклікаючы не дапускаць хрысціянства ў школу, анты царкоўна настроеныя асобы не заўважаюць, што дзеці абсалютнай хрысціянскай большасці нашага грамадства знаходзяцца пад моцным прэсінгам атэістычнай ідэалогіі, якая па сённяшні дзень пануе ў многіх школьных падручніках.

Калі абаронцы ранейшай сістэмы адукацыі імкнуцца бараніць прынцыпы справядлівасці, захавання свабоды выбару, вольнасці ад ідэалогій, то няхай у першую чаргу застасуюць гэтыя аргументы да любай

ім ідэалогіі матэрыялізму і атэізму, якая не збіраецца, а ўжо паўвека таму апанавала сістэму адукацыі.

Калі аўтара ўзгаданых намі артыкулаў непакоіць хрысціянізацыя атэістычнай школы, то на моцы таго ж права хрысціянаў непакоіць прымусовая атэізацыя іх дзяцей праз школу. Калі ня можна дапускаць да навучання тэізм, то таксама не можа быць і атэізму. Калі ў сістэме адукацыі прысутнічае атэізм, то чаму не можа быць тэізму?

Здаецца, скіраванне дыскусіі аб выкладанні ў школе рэлігійнай культуры ў рэчышча савецкай антыхрысціянскай прапаганды не нясе ніякай канструктыўнай карысці для сучаснай беларускай школы.

Патрэба здаровай рэлігійнай адукацыі настолькі зразумелая для фарміравання сапраўды адукаванай і развітай асобы, што размовы аб адваротным проста не маюць сэнсу. Хацелася б таксама звярнуць увагу на тое, што ў дыскусіі важна не зыходзіць у рэчышча псеўдапраблем і псеўдадыспутаў, калі замест сумеснага пошуку рацыі адбываецца толькі абмен суб'ектыўнымі меркаваннямі.

Неабходнасць і роля рэлігійнай адукацыі ў беларускай сістэме навучання і выхавання патрабуе сур'ёзнага і канструктыўнага абмеркавання. Больш карысці было б з абмеркавання спосабаў выкладання рэлігійнай культуры, абароны грамадскай свядомасці ад псеўдарэлігійнасці і інструменталізацыі хрысціянства. Такая дыскусія патрэбная сучаснаму беларускаму грамадству. Ад яе сур'ёзнасці ў многім залежыць, у якім кірунку будзе ісці працэс дэкамунізацыі і рэхрысціянізацыі не толькі школы, але і ўсяго нашага грамадства.

 

Школа паміж атэізмам і рэлігіяй - «За свабоднае веравызнанне» № 26, красавік - чэрвень 2010

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 5 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.