Выкладанне рэлігійнай культуры ў школах: як гэта робіцца ў іншых краінах?

Вялікабрытанія

Паводле закона гэтай дзяржавы, усе школьныя праграмы павінны ўтрымліваць рэлігійны кампанент.

Закон аб адукацыі 1996 г. кажа: "Кожная прынятая школьная праграма павінна адлюстроўваць той факт, што рэлігійныя традыцыі ў Вялікабрытаніі ў цэлым хрысціянскія, прымаючы пад увагу вучэнні і практыку іншых асноўных рэлігій, прадстаўленых у краіне». Пасля ўзгаднення са школьнымі ўладамі дзіця мае магчымасць адмовіцца ад урокаў рэлігіі і ад абавязковай калектыўнай хрысціянскай малітвы. Але вітаецца замена, а не поўная адмова. Таксама можна змяніць і саму малітву. У краіне дзейнічаюць і рэлігійныя школы, напрыклад ісламскія, якія могуць атрымліваць фінансаванне ад дзяржавы.

Германія

Паводле берлінскага мясцовага закона, адрознага ад заканадаўстваў іншых земляў, правядзенне рэлігійных заняткаў з'яўляецца справай тых ці іншых Цэркваў ці рэлігійных грамадаў. Школьнікі могуць добраахвотна браць у іх удзел, прытым вынікі паспяховаоці па рэлігйных дысцыплінах не ўлічваюцца падчас пераводу вучня ў наступны клас.

Адказнасць за дзеянні Цэркваў у дачыненні школьнікаў ускладаецца на зямельныя органы ўлады.

Іспанія

У адпаведнасці з заканадаўствам, «рэлігійным арганізацыям, з якімі іспанская дзяржава заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве, гарантуецца прадастаўленне магчымасці весці рэлігійную адукацыю ў дзяржаўных і прыватных школах пры наяўнасці адпаведнага жадання з боку вучняў і іх бацькоў». Рэлігійная адукацыя з'яўляецца Факультатыўнай, але ажыцяўляецца на розных узроўнях - ад дзіцячага садка да універсітэта. У якасці альтэрнатывы можна вывучаць нерэлігійныя этычныя прадметы.

Польшча

У Польшчы закон Божы ў школе такі ж абавязковы прадмет, як польская мова ці матэматыка. Выкладанне ажыццяўляецца на альтэрнатыўнай аснове. Сістэма нагадвае іспанскую. З тым адрозненнем, што ў Іспаніі ў школе выкладаюцца асновы тых рэлігій, суполкі якіх дасягнулі пагаднення з дзяржавай. Аў Польшчы ўсё залежыць ад колькасці вучняў той ці іншай канфесіі. Паводле польскіх законаў, каб вывучаць асновы сваёй рэлігіі, у класе мусіць быць не менш за тры вучні-адзінаверцы. Школьная адміністрацыя і настаўнікі ведаюць аб веравызнанні кожнага дзіцяці і ўлічваюць гэта на працягу ўсяго навучальнага працэсу.

Фінляндыя

Дзеці пачынаюць вывучаць рэлігію з першага класа. Большасць сем'яў адносяцца да лютэранскіх прыходаў, і 94% дзяцей вывучаюць асновы менавіта гэтай рэлігіі. Аднак ёсць магчымасць вывучаць праваслаўе (яму аддаў перавагу 1 % вучняў), каталіцызм, іслам - па жаданні, а школа мусіць даць кваліфікаванага настаўніка. Калі ж бацькі - атэісты, дзіця можа вывучаць альтэрнатыўны прадмет - этыку.

Францыя

Першая еўрапейская краіна, дзе парламент прыняў закон, у якім забараняецца насіць ў дзяржаўных навучальных установах "сімвалы або адзенне, якія відавочна паказваюць на рэлігійную прыналежнасць». У першую чаргу гаворка ідзе пра жаночую мусульманскую хустку - хіджаб, юдэйскую шапачку - кіпу і хрысціянскі крыж вялікіх памераў. французскія ўлады не саступілі нават пасля мноства пратэстаў, бо новы закон, на іх думку, абараняе адну з галоўных каштоўнасцяў Рэспублікі - свецкі характар адукацыі. У Францыі каталіцызм застаецца асноўнай рэлігіяй, але на другія пазіцыі выходзіць іслам. Зараз у краіне жыве каля 6,5 млн мусульманаў. Дзякуючы вялікаму прытоку выхадцаў з ісламскіх краін і высокаму ўзроўню нараджальнасці ў гэтым асяродку, іх доля няўхільна расце.

Выкладанне рэлігійнай культуры ў школах: як гэта робіцца ў іншых краінах? - «За свабоднае веравызнанне» № 26, красавік - чэрвень 2010

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
4 + 13 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.