Сабрана 50 000 подпісаў

Кампанія па абароне права на свабоду сумлення, якая пачалася ў красавіку 2007 года, паспяхова завяршыла першы этап. У лютым 2008 года ўжо было сабрана 50 000 подпісаў за ўнясенне зменаў у дзейны Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Збор подпісаў вёўся больш як у 40 гарадах Беларусі, і ўдзельнічалі ў гэтым вернікі розных хрысціянскіх цэркваў (пратэстанцкіх у першую чаргу), актывісты аргкамітэта па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», прадстаўнікі грамадскіх арганізацый — людзі розных веравызнанняў і нават індыферэнтныя ў пытаннях рэлігіі, але глыбока адданыя ідэі свабоды і гатовыя абараняць яе ад любога ўціску.

Збор подпісаў стаў адначасова і шырокай інфармацыйнай кампаніяй, што таксама вельмі важна для жыхароў краіны, бо афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі замоўчваюць многія праблемныя рэаліі нашага паўсядзённага жыцця. У тым ліку і той факт, што прыняты ў 2002 годзе Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» рэзка абмежаваў правы хрысціянскіх канфесій і асобных абшчынаў (асабліва малалікіх або паўсталых нядаўна) у правядзенні імі сваёй статутнай дзейнасці, звязанай, у першую чаргу, з пропаведдзю Евангелля. Асобныя палажэнні гэтага Закона супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і шэрагу міжнародных прававых актаў, падпісаных нашай краінай.

Сабраныя подпісы (3442 аркушы, больш за 50 000 прозвішчаў) арганізатары Кампаніі прыкладаюць да «Калектыўнага звароту грамадзянаў Беларусі», што дасылаецца ў Канстытуцыйны суд, прэзідэнту Беларусі, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Менавіта гэтыя высокія інстанцыі маюць права ініцыяваць унясенне зменаў ці дадаткаў у заканадаўчыя акты.

Вось што ім прапануецца ў «Калектыўным звароце»:

«Унесці змены (дадаткі) у Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»:

1. Дадаць норму, якая прадугледжвае магчымасць дзейнасці рэлігійных групаў без рэгістрацыі ў якасці рэлігійных супольнасцяў.

2. Адмяніць норму, якая прадпісвае ўзгадняць з мясцовымі органамі ўлады правядзенне багаслужбаў.

3. Адмяніць норму, якая абмяжоўвае тэрыторыю дзейнасці рэлігійных арганізацый.

4. Адмяніць норму, якая забараняе замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства быць заснавальнікамі ці кіраўнікамі рэлігійных супольнасцяў.

5. Дадаць норму, якая прадугледжвае вяртанне будынкаў, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, але раней належалі рэлігійным супольнасцям, ва ўласнасць адпаведных рэлігійных супольнасцяў (аб’яднанняў).

6. Адмяніць норму, якая дазваляе органу, што ажыццяўляе рэгістрацыю, прыпыняць дзейнасць рэлігійнай супольнасці без рашэння суда.

Унесці змены (дадаткі) у іншыя нарматыўныя акты Рэспублікі Беларусь:

7. Унесці змены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах», у Кодэкс аб адміністрацыйных парушэннях, Крымінальны кодэкс і выключыць нормы, якія абмяжоўваюць дзейнасць рэлігійных супольнасцяў.

Для выпрацоўкі адпаведных зменаў прапанаваць стварыць працоўную групу, у склад якой павінны ўвайсці прадстаўнікі дзяржаўнай улады, а таксама рэлігійных канфесіяў;

Да ўнясення згаданых зменаў прапанаваць увесці мараторый на дзеянне адпаведных нормаў заканадаўства».

Вынікі першага этапу Кампаніі па абароне права на свабоду сумлення яго актывісты спачатку агучылі на прэс-канферэнцыі, а потым абмеркавалі на «круглым стале». «Рысу» падвёў юрыст Сяргей Луканін, прэс-сакратар Кампаніі: «Мы спадзяёмся, што намаганні ўдзельнікаў Кампаніі не будуць марнымі, што прэзідэнт і парламент краіны адрэагуюць на наш зварот і ініцыююць унясенне зменаў у рэлігійнае заканадаўства краіны».

Татур В. Сабрана 50 000 подпісаў - «За свабоднае веравызнанне» № 18, люты — сакавік 2008

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
2 + 3 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.