Крокі да дыялогу: круглы стол «Свабода сумлення і веравызнання ў Беларусі» і семінар «Роля і месца рэлігіі ў Беларусі: гістарычны і сучасны кантэкст»

Аўтар: 
Валянціна Трыгубовіч

На пасяджэнні «круглага стала» «Свабода сумлення і веравызнання ў Беларусі», які праходзіў 28 лістапада 2007 года ў сядзібе Партыі БНФ, злева направа: Аляксей Шэін — сустаршыня аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Аляксандр Мілінкевіч — лідэр Руху «За свабоду», Дзіна Шаўцова — юрыст, праваабаронца, Вячаслаў Оргіш — кандыдат філасофскіх навук.

Вяртанне магчымасці спавядаць тую ці іншую рэлігію пасля дзесяцігоддзяў прымусовай савецкай атэізацыі не змяніла аўтаматычна свядомасць мільёнаў людзей, выхаваных афіцыяльнай ідэалогіяй. Думаць і рабіць выбар трэба было індывідуальна. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 31) сцвярджае: «Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам».

Аднак Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, прыняты ў 2002 годзе, і правапрымяняльная практыка наступных гадоў спарадзілі шэраг адхіленняў ад гэтай канстытуцыйнай нормы. Абарона правоў вернікаў стала ў Беларусі актуальнай справай, клопатам не толькі саміх пакрыўджаных (асобаў ці абшчынаў), але і праваабарончых арганізацый, незалежных юрыстаў, партый і грамадскіх арганізацый дэмакратычнай арыентацыі. Спецыфіка праблемы адразу ж запатрабавала семінараў асветніцкага характару, супольнага абмеркавання паўсталых праблемаў на «круглых сталах». І, як хутка выявілася, цікавасць і карыснасць такіх сустрэчаў узаемная: грамадска-партыйныя актывісты вучацца глыбей разумець адметнасці закрытай для іх раней сацыяльнай групы, а вернікі набываюць досвед супольнай працы з людзьмі іншых памкненняў. Дыялог і супраца разбураюць недавер паміж людзьмі розных рэлігійных і палітычных прыхі¬льнасцяў, спрыяюць фармаванню ў краіне грамадзянскай супольнасці, вядуць да дэмакратызацыі грамадства.

Два мерапрыемствы, якія адбыліся ў лістападзе 2007 года, варта адзначыць як узор падобных дачыненняў. 9–11 лістапада па ініцыятыве Грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» ў доме міжцаркоўных зносінаў «Кінанія» (у ваколіцах Мінска) прайшоў семінар «Роля і месца рэлігіі ў Беларусі: гістарычны і сучасны кантэкст». Гэты праект мае на мэце працяглую ў часе асветніцкую акцыю, і вынесеныя ў праграму тэмы былі вызначаны папярэднімі кантактамі арганізатараў з патэнцыйнымі ўдзельнікамі семінара. Імі сталі актывісты Партыі БНФ, аргкамітэта па стварэнню Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі, розных грамадскіх арганізацый і журналісты з незалежных выданняў. А лекцыі чыталі праваслаўныя святары, свецкія гісторыкі і юрысты.

Сярод слухачоў апынуліся людзі, якія належаць да розных канфесій, перакананыя атэісты і тыя, хто індыферэнтны ў рэлігійных пытаннях. Рознай была і ступень іх абазнанасці ў гісторыі краіны. Таму дадатковых пытанняў да лектараў узнікала даволі шмат, а дыскусіі зацягваліся да ночы. Вось якія тэмы былі заслуханы і абмеркаваны: «Сусветныя рэлігіі. Іх роля ў развіцці цывілізацыі» (а. Аляксандр Шымбалёў), «Хрысціянская царква і дзяржава: розніца мэтаў і мадэлі ўзаемаадносінаў. Гістарычны і сучасны аспекты» (а. Сяргей Гардун, а. Мікалай Балахоўскі), «Заканадаўства свецкай дзяржавы і прынцып свабоды сумлення» (юрыст Дзіна Шаўцова), «Роля рэлігіі ў сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях грамадства» (кандыдат гістарычных навук Валянцін Голубеў), «Уплыў хрысціянства на развіццё беларускай грамадска-культурнай традыцыі» (кандыдыт гістарычных навук Лідзія Кулажанка).

На пасяджэнні «круглага стала» «Свабода сумлення і веравызнання ў Беларусі»: пастар Георгій Вязоўскі, актывістка Хрысціянскага праваабарончага дома Марыя Савушкіна.

Цікава было назіраць, як субяседнікі імкнуліся апаніраваць адзін аднаму пры нязгодзе з выказанай думкай, асцярожна выбіраючы словы, каб не параніць пачуцці субяседніка і ў той самы час даць яму выразны знак, што яго словы не ўспрымаюцца ісцінай, што сумненні застаюцца або множацца... Рэлігійныя пачуцці — далікатная рэч, але палітык ці грамадскі дзеяч мусіць ведаць, як з імі абыходзіцца, як знайсці паразуменне з носьбітамі каштоўнасцей, якія могуць не быць тваімі, аднак вельмі важныя для іншых лю¬дзей, для грамадства, для краіны. Часам здавалася, што гэтыя адкрытыя кантакты нават больш важныя, чым тая інфармацыйная лавіна, якую дакладчыкі абрынулі на галовы «семінарыстаў». І некаторыя з выступоўцаў, між іншым, былі вельмі ўсцешаныя новай для іх аўдыторыяй, нават выказалі жаданне ў будучым прысутнічаць на падобных занятках у якасці вольнаслухачоў. (Арганізатары маюць намер праводзіць наступны семінар з праграмай, якая запатрабуе дакладчыкаў-каталікоў.)

А 28 лістапада 2007 года ў Мінску адбыўся «круглы стол», ініцыяваны актывістамі Руху «За свабоду», з тэмаю «Свабода сумлення і веравызнання ў Беларусі». На гэтым пасяджэнні выступілі старшыня Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, епіскап Рэлігійнага аб’яднання хрысціян поўнага Евангелля Вячаслаў Ганчарэнка, юрысты, пастары, грамадскія і партыйныя дзеячы. Прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місій. Распавядаючы пра сітуацыю, у якой апынулася тая ці іншая царква, абшчына або цэлае рэлігійнае аб’яднанне, прамоўцы зноў і зноў выходзілі на Закон 2002 года, які даў чыноўнікам на месцах магчымасць для дыскрымінацыйных дзеянняў. Так, пратэстанцкія абшчыны гадамі не могуць атрымаць у арэнду памяшканне для правядзення богаслужэння, ім адмаўляюць у выдзяленні зямельных участкаў пад будаўніцтва малельных дамоў, не дазваляюць арганізаваць летнік для ўласных дзяцей... Між тым вернікі лічаць, што без змены свядомасці, без духоўнага абу¬джэння ніякія сацыяльна-эканамічныя зрухі да лепшага ў Беларусі немагчымыя. І кампанія па збору подпісаў за ўнясенне грунтоўных паправак у сумнавядомы закон працягваецца па ўсёй краіне, гэтая акцыя гуртуе людзей розных вызнанняў, прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасцей. Адначасова яна ператвараецца ў свайго роду «інстытут павышэння кваліфікацыі»: вернікі ідуць да людзей, індыферэнтных у рэлігійных пытаннях, з словамі Евангелля пра любоў да бліжняга, а грамадскія актывісты прысутныя тут з лозунгам «Толькі разам пераможам». Зацікаўлены абмен ведамі, думкамі, эмоцыямі... І змаганне супраць беззаконня робіцца фактарам аб’яднання грамадства пад сцягам свабоды і справядлівасці.

На завяршэнне работы «круглага стала» быў прыняты Зварот да заканадаўчай і выканаўчай уладаў Рэспублікі Беларусь адносна сітуацыі са свабодай сумлення і веравызнання ў Беларусі.

Згаданыя сустрэчы выразна сведчаць, што грамадзянская супольнасць Беларусі мае выразную тэндэнцыю да пашырэння: да яе паступова далучаецца новая, даволі моцна згуртаваная сацыяльная група — вернікі, сярод якіх найбольш актыўна сябе паводзяць хрысціяне-пратэстанты. Адначасна заўважаецца рух насустрач — партыі і грамадскія арганізацыі дэмакратычнай скіраванасці, якія раней пад¬трымлівалі змаганне вернікаў за свае правы хіба толькі публічнымі заявамі, цяпер пераходзяць да сталых, грунтоўных кантактаў з іх аб’яднаннямі, шукаюць агульныя інтарэсы і аб’екты для супольнай працы.

Трыгубовіч В. Крокі да дыялогу - «За свабоднае веравызнанне» № 17, верасень 2007 — студзень 2008

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 1 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.