Святар Аляксандар Шрамко: "Дзе праходзяць межы Царквы? Голасу Царквы не чуваць у абарону зняважаных"

Аўтар: 
Валянціна Трыгубовіч

Праваслаўны святар Аляксандр Шрамко стаў вядомы шырокай грамадскасці некалькі гадоў назад, калі пачаў весці на інтэрнэтаўскім сайце свой дзённік, у якім выказваў назіранні, сумненні, трывогі — развагі пра царкоўнае жыццё. І час ад часу пра грамадскае таксама. У яго з’явіліся прыхільнікі і апаненты, гэта шмат каму было цікава, бо вяртанне да практыкі рэлігійнага жыцця, татальна перапыненай дзесяткамі гадоў прымусовай дзяржаўнай атэізацыі, у многіх людзей выклікала бясконцую колькасць пытанняў, адказы на якія шукаць самому вельмі няпроста. А не кожны святар (на жаль!) сёння ўмее быць асветнікам, місіянерам, цярплівым і аўтарытэтным прапаведнікам. Яшчэ менш у нашым грамадстве вітаецца палеміка... Таму паводзіны а. Аляксандра хутка выклікалі незадаволенасць царкоўных іерархаў. Яму забаранілі займацца публіцыстыкай, выступаць у друку і на Інтэрнэт-форумах. Тым часам фрагменты святарскіх развагаў былі надрукаваны ў Маскве асобнай кнігай (Священник Александр Шрамко. Дневник священника. Нестандартные ответы на трудные вопросы. М., 2006).

А ў 2007 годзе а. Аляксандр падтрымаў ініцыятыву вернікаў-пратэстантаў, якія пачалі збор подпісаў за перагляд прынятага ў 2002 годзе Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», асобныя палажэнні якога пярэчаць нормам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным пагадненням, падпісаным нашай краінай. Цяпер пакаранне было больш жорсткім: святара пазбавілі права весці царкоўную службу, запатрабавалі пакаяння і адрачэння ад сваёй літаратурна-грамадскай дзейнасці.

Святар-дысідэнт паказаў сябе моцнай асобай: ён працягвае весці блог на сайце газеты «Наша Ніва» і не адмаўляецца ад кантактаў з праваабаронцамі, грамадскімі дзеячамі, журналістамі. Пагадзіўся а. Аляксандр Шрамко даць інтэрв’ю і нашаму бюлетэню.

— Айцец Аляксандр, паводле свецкай адукацыі вы радыёфізік....

— Так, праўда. Святаром я стаў у 1994 годзе, служыў у розных прыходах, найдаўжэй — з 1996 да 2007 — у прыходзе ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Мінску. Пакуль не быў забаронены ў служэнні і палічаны за штат. Пакаралі мяне за публіцыстычную дзейнасць і за выступ на канферэнцыі ў абарону свабоды веравызнання.

— Ці ёсць у вас нейкія шансы вярнуцца да звыклай святарскай працы?

— У выдадзеным мне ўказе напісана: «да раскаяння». Гэта не канчатковае пазбаўленне права на святарскую дзейнасць. Спа¬дзяюся, яно не будзе доўгім, веру, што ўдасца знайсці кампраміс. Я напісаў ліст пакаяннага зместу, дзе выказаў тое, у чым магу прызнаць сваю віну, пакаяцца. Вядома, бездакорным сябе не лічу. Ад нечага можна было ўстрымацца... Нагадаў, што я ніколі не выступаў як прадстаўнік Царквы, гаварыў толькі ад сваёй асобы. І не хацеў, каб мае паво¬дзіны былі некарысныя для Царквы. Аднак царкоўнае кіраўніц¬тва палічыла гэты ліст недастатковым. Трэба, маўляў, каб словы былі падмацаваны справамі, а менавіта — каб я нідзе і ніколі больш не выказваўся публічна на рэлігійныя ці якія іншыя тэмы. Ні ў газетах, ні ў Інтэрнэце...

— І наша гутарка трапляе пад гэтую забарону?

— Трапляе, пэўна. Калі я апошні раз быў у епархіі, сакратар паказаў мне раздрукоўкі з нейкага «ЖЖ», дзе цытавалася маё выказванне, каментар. Адсочваюць мае словы вельмі старанна. І на кожным аркушы быў подпіс мітрапаліта Філарэта: ён азнаёміўся. Пасля гэтага я зразумеў, што ад мяне чакаюць поўнай капітуляцыі. Безумоўнай. І што, відаць, марныя мае спадзяванні на кампраміс, хоць я мажлівасці такой не выключаю, нават калі саступкі з майго боку маюць быць значныя. Аднак калі без варыянтаў трэба здацца на «літасць пераможцы», то я не магу такое прыняць. Буду стаяць на сваім. Гісторыя паказвае, што калі людзі пагаджаюцца з падобным — выяўляюць такім чынам пакору ці прыносяць сябе ў ахвяру, то ў рэшце рэшт яны губляюць сябе, спустошваюцца. У мяне ёсць прыклад з святаром Дзмітрыем Дудко. Ён пачынаў як праваабаронца, не, нават не праваабаронца, хутчэй — катэхізатар, які не палохаўся вострых пытанняў. Ён збіраў лю¬дзей і вёў з імі шчырыя гутаркі. Гэта было свежым павевам у Царкве. За што яго і пераследавалі. Дадаўся яшчэ і ціск КДБ... Праз нейкі час ён публічна пакаяўся, прызнаў сваю віну за ўсё і ва ўсім... Дэградацыя асобы была хуткай і жахлівай. Незадоўга да сваёй смерці ён выступаў ужо з заклікам кананізаваць Сталіна, стаў як бы ідэолагам праваслаўнага сталінізму. Баюся чагосьці падобнага. Калі чалавек дазваляе зламаць сябе, ён губляе і аблічча, і павагу. У мяне няма жадання ісці на канфрантацыю з нашым царкоўным кіраўніцтвам, яно мае сваю рацыю, і я разумею іх па¬зіцыю і праблемы. Не хачу таксама дыскутаваць, справядліва ці не яны са мною абыходзяцца. Але хачу захаваць хоць бы тыя адносіны з Царквой, якія склаліся. Мне здаецца, што ў сваіх артыкулах я і цяпер асабліва не канфліктую з усталяванымі царкоўнымі парадкамі.

— То-бок, вы не рэвалюцыянер па сваёй натуры, вы не заклікаеце сваіх прыхільнікаў да якіх-небудзь актыўных дзеянняў?

— Не, вядома, не рэвалюцыянер, але іншадумец, дысідэнт. І ў гэтым палягае прынцыповая розніца. Я перакананы, што змены ў Царкве павінны выспець, яны павінны выйсці з самой Царквы. У грамадстве цяпер ідзе шмат спрэчак на царкоўныя, шырэй — рэлігійныя тэмы, у прыватнасці — у «Нашай Ніве», я вяду там блог, каментую асобныя выказванні чытачоў. У пераважнай большасці гэта людзі, далёкія ад Царквы. Яны «малююць» яе паводле сваіх уласных уяўленняў, не ведаючы і не разумеючы рэальнага стану рэчаў. Пры гэтым шчыра перакананыя, што ў Царкве патрэбны змены, што Царкву трэба прымусіць зрабіць тое ці іншае. У прыватнасці, абвясціць аўтакефалію або няхай прыходзіць да нас Кіеўскі ці Канстанцінопальскі патрыярхат... Іх будзем слухаць. А гэтых не хочам. Усіх маскалёў выгнаць... А тыя, новыя, будуць спрэс беларускамоўныя. Гэткая грымучая сумесь неадукаванасці і прагі простага вырашэння складаных пытанняў. Так і хочацца папытаць, у якім свеце яны жывуць? Адкуль у Канстанцінопальскім патрыярхаце знойдуцца сотні беларускамоўных святароў? У праваслаўным кліры Беларусі сёння пераважаюць мясцовыя ўраджэнцы. Колькасць этнічных беларусаў тут не ідзе ні ў якое параўнанне з каталіцкім касцёлам, дзе служыць шмат прыезджых, пераважна з Польшчы. Прычыны і наступствы ў кадравым пытанні маюць не адназначны, не лінейны характар. І трэба ведаць і разумець сутнасць Царквы, веры, свабоды, адказнасці... Таму, што можа падацца парадаксальным, у каментарах мне часта даводзіцца выказвацца ў абарону кананічнай праваслаўнай царквы.

— А вам не падаецца, што такі стан грамадства — вынік папярэдніх дзесяцігоддзяў прымусовай дзяржаўнай атэізацыі? Людзі, якія масава прыйшлі ў Царкву (не толькі праваслаўную) з канца 1980-х гадоў, гэткі «гарбачоўскі прызыў», яны дагэтуль неафіты па сваёй сутнасці, іх адукацыяй не надта каб займалася Царква, а папярэдні досвед — школы або інстытута — толькі шкодзіць прыняццю імі новых правілаў паводзінаў і мыслення. У кожнай Царкве адзінкі тых, хто быў з дзяцінства ўзгадаваны ў хрысціянскай веры. І якраз неафіты з уласцівым ім энтузіязмам пачынаюць патрабаваць зменаў «пад сябе». Святары ж, замест цярплівай працы з новымі прыхаджанамі, пачынаюць «вайну». Вядома, так прасцей.

— Існуе вельмі вялікая праблема межаў Царквы. Дзе яны знаходзяцца, дзе яны праходзяць? У гістарычных, традыцыйных Цэрквах яны моцна размытыя. Таму тут неафітаў не варта вінаваціць, бо сама Царква чамусьці не надта зацікаўлена ў дакладных межах, якія аддзяляюць яе ад свецкага грамадства. У свой час савецкая ўлада зрабіла гэтую мяжу рэзкай. Тады ўжо сам факт прыходу чалавека ў царкву быў ахвярай. Нельга было спалучаць адно з другім. Скажам, чалавеку з вышэйшай адукацыяй рабіць службовую кар’еру і быць практыкуючым вернікам. Трэба было выбіраць. Цяпер чалавек можа хадзіць у царкву без якіх бы там ні было абмежаванняў. І нават зусім не хадзіць, але пры гэтым лічыцца праваслаўным. І ўсе рэвалюцыйныя заявы ды прапановы зыходзяць пераважна ад тых людзей, якія можа калі і заходзяць у царкву... Нешта там убачаць або пачуюць, што не супадае з іх уяўленнямі... З імі не варта спрачацца, кожны мае права на ўласнае меркаванне, хоць спакойная гутарка нікому не зашко¬дзіла б. Мяне ў гэтай сітуацыі больш хвалюе пазіцыя Царквы. Яна павінна акрэсліць нейкія межы і ясна патлумачыць іх кожнаму, хто да яе горнецца. «Ты яшчэ не ў Царкве, ты толькі на шляху да яе. Ты пераступіў парог, але трэба цяпер засвоіць тое і гэтае». Катэхізацыя павінна быць сур’ёзная. Каб людзі ведалі і асновы веравучэння, і парадак службы, і гісторыю... Каб яны асэнсавана паводзілі сябе падчас богаслужэння, а не проста завітвалі свечкі паставіць. Але Царква баіцца згубіць масавасць. І высокае становішча іерархаў у дзяржаўнай табелі аб рангах. Назіраем гэта і ў Маскве, і ў нашай краіне. Патрыярх Аляксій ІІ паважна чуецца побач з прэзідэнтам Пуціным, мітрапаліт Філарэт на дзяржаўных урачыстасцях спадарожнічае Аляксандру Лукашэнку. Аднак калі ўважліва паглядзець, колькі людзей пастаянна ходзіць на царкоўную службу, то, можа, атрымаем адзін працэнт насельніцтва. Калі гэта прызнаць афіцыйна, будзе скандал. У гэтым ніхто не зацікаўлены — ні царкоўнае кіраўніцтва, ні дзяржаўнае. Лепш казаць, што ў нас большасць насельніцтва — праваслаўныя хрысціяне.

— Такім чынам праваслаўная царква выглядае найбольш ліберальнай — яна залічае ў свае шэрагі ўсіх, хто не заявіў публічна, што ён — католік, пратэстант, атэіст... (Іудзеяў і мусульман у гэтых развагах выведзем за дужкі.) Адна мая знаёмая сваю праваслаўнасць тлумачыць так: у дзяцінстве хрысцілі ў царкве, спадзяюся, што пахаваюць таксама паводле праваслаўнага абраду.

— У каталіцкім касцёле, наколькі мне вядома, патрабаванні да вернікаў больш акрэсленыя. І катэхізацыя вядзецца актыўна сярод людзей рознага ўзросту, дзяцей — асабліва старанна. Хоць часткова праблема размытасці межаў таксама прысутнічае. Гэта аб’ектыўны працэс, бяда ўсіх традыцыйных, гістарычных цэркваў у розных краінах. І Цэрквы, грамадства па-рознаму спрабуюць уплываць на гэты працэс. Бо ёсць агульныя праблемы — падзенне маральнасці, напрыклад. Царква абавязана супрацьстаяць гэтаму, не адкідаючы «вінаватых». Ім трэба даць шанс на выратаванне, на змену свайго жыцця, навучыць любові да бліжняга... Каб чалавек выразна ўсведамляў сваё месца ў Царкве, свае правы і абавязкі. Вы ж не берацеся ўдасканальваць механізм, калі не ведаеце яго будовы...

— Хачу закрануць яшчэ адну тэму. Вось літаральна днямі на першай старонцы газеты «Звязда» трапіўся загаловак «Дзяржава і царква вырашаюць адну задачу». Так, гэта было ў двукоссі, бо цытата ўзятая з прамовы Аляксандра Лукашэнкі. Пішуць яшчэ часам, што ў царквы і дзяржавы агульная мэта... Але ж у нас не тэакратычная дзяржава, і прэзідэнт, паводле ўласнага вызначэння, з’яўляецца «праваслаўным атэістам». (Хоць ні адзін тлумачальны слоўнік не ўтрымлівае такога паняцця.) Дык як трэба ўспрымаць падобныя выказванні чыноўнікаў і журналістаў? У нашай свецкай Беларусі, краіне з рознанацыянальным і рознаканфесійным насельніцтвам...

Священник Александр Шрамко. Дневник священника. Нестандартные ответы на трудные вопросы.

— Лічу, што кожны чалавек мае права казаць так, як ён разумее тое, пра што гаворыць. І журналіст, і чыноўнік. Але Царква павінна публічна выказваць сваё стаўленне да падобных заяваў, не даваць магчымасці для нейкіх спекуляцый. Бо ў сапраўднасці справа выглядае інакш. Мэты і задачы Царквы адрозныя ад любых свецкіх планаў ці задумаў. Іх фармулёўкі ўтрымліваюцца ў веравучэнні. Нагадаю вам таксама вядомае выказванне Ула¬дзіміра Салаўёва, рускага рэлігійнага філосафа ХІХ стагоддзя: «Царква існуе для таго, каб было больш дабра, а дзяржава існуе для таго, каб было менш зла». Дзяржава абмяжоўвае зло, трымае яго ў шорах, але дабро яна рабіць не можа. Дабро робяць людзі з уласных меркаванняў або праз царкоўнае падахвочванне. І таму чалавек, далёкі ад Царквы, можа не бачыць гэтых прынцыповых адрозненняў, бо ён разумее Царкву па-свойму, іначай, чым тыя, хто знаходзіцца ў ёй.

— Як структурную адзінку дзяржавы...

— Так, прыкладна. А што там чытаюць малітвы і які сэнс укладаюць у гэтае дзеянне — неістотна для яго. Для пазацаркоўнага чалавека важнае звыклае дзеянне, напрыклад: разам дамагліся стабільнасці ў грамадстве. Хоць мне цяжка зразумець, што гэта такое.

— Ці не перайшла гэтая завядзёнка трактаваць праваслаўную царкву як дзяржаўны дэпартамент з царскай Расіі, з часоў Пятра І?

— Думаю, што гэта ідзе не з пятроўскіх часоў, а яшчэ з больш ранніх. У праваслаўнай царкве цэзарапапізм прысутнічае з візантыйскіх часоў, калі імператара называлі знешнім епіскапам Царквы. Царква заўсёды абслугоўвала дзяржаву, але і сама нейкім чынам жыла ў дзяржаве. Згадайце той перыяд расійскай гісторыі, калі патрыярх Філарэт і яго сын Міхаіл (пачынальнік дынастыі Раманавых), а потым цар Аляксей Міхайлавіч і патрыярх Нікан удвух правілі краінай, абодва называліся вялікімі гасударамі. Хоць пры Пятры І, вядома, дачыненні Царквы і дзяржавы набылі зусім новыя формы. Ну а ХХ стагоддзе... Прыйшла багаборчая ўлада, якая пастанавіла знішчыць Царкву. Фактычна ж бальшавікі зрабілі Царкву дзяржаўнай. Хоць, паводле Канстытуцыі, яна была аддзелена ад дзяржавы, у сапраўднасці без дазволу адпаведных службаў нельга было ні прыход стварыць, ні святара прызначыць. Упаўнаважаны па справах рэлігіі стаяў вышэй за епіскапа. І такім чынам у бязбожнай дзяржаве функцыянавала дзяржаўная царква. Гэты перыяд яе існавання пакуль недастаткова асэнсаваны і даследаваны. Царква ж паклікана выстаяць пры любых ганеннях, пры любых выпрабаваннях. Яна мае іншую прыроду, чым інстытуцыі, створаныя людзьмі. І павінна рабіць сваю справу, знаходзіць шляхі для выканання сваёй місіі пры любых уладах, як бы яны ні мяняліся. Уносіць карэктывы пры багацці або галечы, але не страчваць сябе. У Візантыі яна расплывалася ад шчодрасцяў, цяпер ёй таксама хацелася б мець больш даброт, чым у іншых. Аднак сёння прынцыпова іншая структура ўлады. Яна выбарная, існуе апазіцыя, якая ў пэўным моманце здольна стаць уладай, грамадства паступова прызвычайваецца да дэмакратычнага ладу жыцця. І пры гэтым адбываецца падзенне маралі, пашыраецца прапаганда бездухоўнасці, хлусня робіцца нормай... Тым часам голасу Царквы не чуваць у абарону зняважаных і пакрыўджаных. Баяцца, каб не абвінавацілі ў палітычнай дзейнасці? Але гэта царкоўная традыцыя — «печалование» пра тых, хто зведаў жорсткасць ці несправядлівасць грамадства, бязвінна асуджаны ці абрабаваны. Я перакананы, што без уліку новай рэальнасці, без выпрацоўкі сучасных метадаў камунікацыі з вернікамі (увогуле — людзьмі) Царква можа сутыкнуцца неўзабаве з праблемамі больш складанымі для вырашэння, чым тыя, што яна перажыла ў ХХ стагоддзі.

— Дзякуй за шчырыя і грунтоўныя адказы.

Святар Аляксандар Шрамко: "Дзе праходзяць межы Царквы? Голасу Царквы не чуваць у абарону зняважаных" - «За свабоднае веравызнанне» № 17, верасень 2007 — студзень 2008

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
14 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.