Яраслаў і Наталля Лукасікі: «Усё самае лепшае ў нашым жыцці звязана з Беларуссю»

Аўтар: 
Марыя Савушкіна

Яраслаў і Наталля Лукасікі маюць траіх дзяцей — сыноў Яна, Марціна і дачушку Міру. Яраслаў скончыў факультэт беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта і свядома абраў месцам жыцця і працы Беларусь. Рашэнне аб дэпартацыі з’яўляецца беспадстаўным, і сям’я змагалася за сваё права жыць тут.

Пратэстанцкія цэрквы паступова становяцца цэнтрам увагі ўсяго беларускага грамадства. Улады змагаюцца з пастарамі і служыцелямі адчайна і гістэрычна, амаль як са сваімі палітычнымі апанентамі. 3 чэрвеня за кратамі апынуўся пастар мінскай пяцідзесятніцкай царквы «Ян Прадвеснік» Антоній Бокун.

А 6 чэрвеня нашу краіну вымушаны быў пакінуць другі служыцель гэтай царквы Яраслаў Лукасік. Яму адмовілі ў відзе на жыхарства паводле нефармальнага распараджэння спецслужбаў. У дакументах пазначана, што Я. Лукасік сваёй дзейнасцю нанёс шкоду нацыянальнай бяспецы.

Яраслаў і Наталля Лукасікі маюць траіх дзяцей — сыноў Яна, Марціна і дачушку Міру. Яраслаў скончыў факультэт беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта і свядома абраў месцам жыцця і працы Беларусь. Рашэнне аб дэпартацыі з’яўляецца беспадстаўным, і сям’я змагалася за сваё права жыць тут. Аднак расстанне наступіла. Карэнным чынам мяняецца жыццё гэтай сям’і... Нязменнымі застануцца толькі каханне, гарачая вера ў Бога і любоў да Беларусі.

Гутарка, якую мы прапануем вашай увазе, была запісана Марыяй САВУШКІНАЙ напярэдадні ад’езду Яраслава ЛУКАСІКА.

— Вы прыехалі ў Беларусь 14 гадоў назад. На той час у Польшчы, напэўна, былі значна большыя перспектывы для ўладкавання свайго жыцця. Тым не менш вы прынялі такое рашэнне. Чаму?

— Так, у бацькоўскай хаце заўсёды быў дастатак. Бацькі і цяпер жывуць у вялікім прыгожым доме на Падляшшы, ва ўсходняй Польшчы. У мяне быў някепскі «эканамічны старт». Я гэтым не скарыстаўся. 14 гадоў я жыву тут, ем беларускую бульбу... І веру, што выконваю сваё прызначэнне, якое заключаецца ў тым, каб дапамагчы людзям пазнаць Бога, пазнаць праўду.

Сэнс жыцця чалавека не ў тым, каб пакаштаваць усе гатункі каўбасы. Я веру, што сэнс жыцця ў тым, каб дапамагаць людзям і хоць трохі лепшым зрабіць гэты свет. Жыццё прыгожае тады, калі яно прысвечанае шляхетным ідэалам. Мая вера, якую Бог даў мне з дзяцінства, заўсёды вучыла мяне жыць для вялікай і шляхетнай мэты.

— Што для вас з’яўляецца гэтымі шляхетнымі ідэаламі?

— Самае першае і галоўнае — гэта пазнаць волю Бога і служыць Яму. А воля Бога заключаецца ў тым, каб жыццё людзей і жыццё народаў станавілася лепшым, каб у свеце было больш праўды, справядлівасці, больш дабрабыту. Бог хоча, каб кожны чалавек і кожная нацыя былі такімі, якімі Ён прызначыў ім быць. Таму Госпад кліча сваіх людзей змагацца з несправядлівасцю, з беззаконнем, з галечай. Людзі, якія чуюць у сэрцы гэты голас, змяняюць свет, робяць яго лепшым. Гэта і ёсць шляхетныя ідэалы.

Увогуле, дзякуючы гэтаму еўрапейская цывілізацыя жыла і развівалася. А калі людзі пачынаюць здавальняцца выключна спажывецкімі катэгорыямі, калі яны засяроджваюцца толькі на каўбасе — гэта становіцца разбуральным як для асобнага чалавека, так і для ўсёй нацыі.

— У сучасным свеце такая пазіцыя — «служэнне ідэалам», як вы кажаце, з’яўляецца не вельмі папулярнай...

— Так, калі людзі засяроджаныя на будзённым, то гэтыя словы могуць падацца ім смешнымі. Але Бог, сэрца чалавека, сумленне сведчаць, што ў гэтым праўда. Урэшце, і з Хрыста смяяліся... Але ў любыя часы знаходзяцца людзі, якія прагнуць не толькі спажываць, але таксама намагаюцца будаваць, ствараць. Я вельмі шчаслівы, што ведаю такіх людзей, што маю іх падтрымку. Мы аднолькава глядзім на сітуацыю і працуем разам.

— Вы прыехалі ў Беларусь у сярэдзіне 1990-х. Што больш за ўсё ўразіла тады, і што ўражвае цяпер?

— Я заўсёды глядзеў на Беларусь цераз прызму майго ўласнага ўяўлення. Трэба адзначыць, што яно склалася яшчэ да таго, як я ўбачыў гэтую зямлю. Я глядзеў на Беларусь як на старажытную Літву, на краіну, па якой сумаваў А. Міцкевіч, якую апісвалі Ю.Славацкі і Марыя Радзевіч. Гэтыя вялікія людзі старой культуры Рэчы Паспалітай заўсёды былі для мяне прыкладам. Чаму так? Я сам часта задаваў сабе гэтае пытанне...

Напэўна, усе гэтыя гады, нягледзячы на розныя нястачы і цяжкасці, я думкамі і сэрцам заставаўся тут. Мяркую, што і Бог хацеў бы, каб Беларусь была такой.

Першы раз я сюды прыехаў у студзені 1990 года, яшчэ за савецкім часам. Мы з бацькам прыехалі да ксяндза Казіміра Свёнтэка з дапамогай беларускім каталіцкім парафіям — рэлігійнай літаратурай, літургічнымі прыладамі і інш. Тады мы правялі тыдзень у кс. Свёнтэка ў Пінску. Грамадская атмасфера да 1995 года была іншая, чым цяпер, яна была поўная надзеі і актыўнасці. Гэта быў час, калі будавалася нацыя. А цяпер — апатыя, пасіўнасць. Як быццам час спыніўся і пайшоў назад, у савецкае мінулае...

— Тое, што адбываецца з вамі, з вашай сям’ёй, гэта пацвярджае. Ці няма расчаравання — столькі гадоў працы і такое завяршэнне?

— Па-першае, гэта не канец працы. А, па-другое, я не чакаю падзякі з боку ўладу маючых. Гэтая ўлада стаіць на зусім іншых пазіцыях, чым стаю я. Затое я адчуваю вялікую падзяку ў сваёй душы. Я думаю, Богу падабаецца, што ўсе гэтыя гады я правёў у гэтым месцы, адным з самых складаных ва ўсёй Еўропе. Я адчуваю ўдзячнасць мноства маіх сяброў і маіх супрацоўнікоў, пастаянна маю падтрымку ад пастараў і служыцеляў. Гэта мяне падбадзёрвае і абнадзейвае.

— Як вы пазнаёміліся з сваёй будучай жонкай?

— Гэта вельмі цікавая гісторыя. З самага дзяцінства я вельмі люблю прыроду. З 13 гадоў шмат часу праводзіў у пушчах, лясах Польшчы. Я вучыўся на лесніка ў Белавежы і марыў усё сваё жыццё пражыць у нацыянальным парку. Летам 1994 года ў касцёле пасёлка Нарач мы арганізоўвалі маладзёвы семінар — летнік. І на гэтай зямлі, самай прыгожай у маіх уяўленнях, на гістарычнай Віленшчыне, я сустрэў дзяўчыну з азёрным колерам вачэй. Праз некалькі гадоў мы пажаніліся. І раптам выявілася, што я жыву ў нацыянальным парку — Нарачанскім! Так, у адначассе, споўніліся мае мары...

— Што паўплывала на станаўленне вас як асобы?

— Я вырас на ідэалах культуры, якая нарадзілася на тэрыторыі старажытнай Літвы, сучаснай Беларусі. У дзяцінстве вельмі шмат чытаў А. Міцкевіча і іншых рамантычных паэтаў. Гэта сфармавала маю жыццёвую пазіцыю, мой светапогляд і характар.

У канцы 1980-х гадоў я зразумеў адну заканамернасць. Большасць самых лепшых, вялікіх і выдатных дзеячаў польскай культуры і гісторыі нарадзіліся на гэтай зямлі, у іх жылах цякла беларуская кроў, яны былі беларусамі па паходжанню. Гэта А. Міцкевіч, С. Манюшка, М. Агінскі, Ю. Пілсудскі ды шмат іншых. Атрымалася так, што Беларусь нараджала сапраўдную польскую эліту. Іх праца будавала і фармавала мяне.

Калі я гэта ўсвядоміў, я зразумеў, што прыйшоў час аддаць тое, што палякі атрымалі, тое, што я атрымаў. Прыйшоў час, каб менавіта тут, выкарыстоўваючы гэтыя шляхетныя ідэалы і багатую культурную спадчыну, выхоўваць новую эліту — маладую, хрысціянскую, беларускую.

— У вас былі і раней праблемы з органамі дзяржбяспекі. Ці не было жадання з’ехаць?

— Не, такіх думак не было. Але ціск сапраўды быў. Нядаўна мне давялося пабачыць дакумент 1998 года, дзе было напісана адносна мяне: «гражданин выдворяется принудительно, под конвоем за руководство молодежной... группировкой». Чаму тады мяне не «выдворили»? Гэта ведае толькі Бог. Адзінае рацыянальнае тлумачэнне — за два дні да даты «выдворения» я ажаніўся з Наталляй...

Перад тым, як я атрымаў від на жыхарства, спецслужбы спрабавалі мяне запалохаць. У 2001 годзе я пайшоў у пашпартны стол, а там сядзеў супрацоўнік кдб. Ён быў нецвярозы, ад яго смярдзела гарэлкай. Тады ён мне сказаў такія словы: «Смотри, самоубийц в церкви не хоронят»...

— У адкрытым лісце, які напісала ваша жонка ў Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі, яна адзначыла, што ў вас ёсць трое дзяцей, якія выхоўваюцца на беларускай спадчыне. Цяпер гэта, напэўна, будзе складаней рабіць...

— Мы будзем старацца, каб яны не забылі беларускую мову і далей выхоўваліся на той жа гістарычнай спадчыне. Нашы дзеці вельмі здольныя да моваў. Старэйшы сын паралельна можа размаўляць на трох мовах і таксама ўжо вывучае чацвёртую — ангельскую. У дзецях вельмі моцна закладзена свядомасць, што яны беларусы. Яны пра гэта кажуць з гонарам, усведамляючы сваю прыналежнасць да Беларусі. Я думаю, што гэтага нельга перакрэсліць. Гэта тое, што ў іх у крыві.

— Наталля, вы, падобна, змушаны будзеце паехаць услед за мужам і пакінуць радзіму. Якія пачуцці выклікае ў вас гэтая сітуацыя?

— Перадусім варта сказаць, што мы будзем змагацца. Мы разам з дзецьмі пакуль не з’язджаем. Мы застаемся і будзем з надзеяй чакаць суда. Мы спадзяемся, што незаконна прынятае рашэнне аб ануляванні віду на жыхарства і рашэнне аб дэпартацыі Яраслава будуць адмененыя. Калі суд Цэнтральнага раёна і Мядзельскі суд, дзе разглядаецца наша справа, не адменіць гэтыя пастановы, нам давядзецца з’ехаць.

Якія пачуцці? Абурэнне! Сярод белага дня адбываецца беззаконне. Улада адчувае, што ёй усё дазволена, што яна ўсемагутная і можа вырашаць (ламаць) лёсы людзей. Гэта мяне вельмі абурае. І адначасова ў маім сэрцы ёсць смутак, жаль і горыч, таму што мне вельмі шкада будзе пакінуць радзіму. Тут усё маё жыццё — сябры, сваякі, мая мама. Усё лепшае, што было ў нашым жыцці, звязанае з Беларуссю.

Таксама ў мяне ёсць пачуццё надзеі, бо я веру, што ўсё адбываецца пад пакровам Бога. Бог дае нам надзею, і мы верым, што беззаконне спыніцца і мы зможам вярнуцца.

— Яраслаў, вы добра ведаеце пратэстанцкае асяроддзе. Што яно сёння сабой уяўляе? Як евангельскія вернікі Беларусі рэагуюць на ціск у свой бок?

— Я адчуваю вельмі моцную падтрымку з боку хрысціян і цэркваў. У нас вельмі шмат знаёмых па краіне, мы звязаныя сяброўствам з цэрквамі розных пратэстанцкіх дэнамінацыяў. Акрамя падтрымкі з іх боку, я адчуваю вялікае абурэнне. Уся гэтая сітуацыя толькі матывуе пратэстантаў больш актыўна і салідарна рэагаваць на падзеі. Самы лепшы прыклад такой рэакцыі — гэта мітынг, які адбыўся ў мінулую нядзелю (3 чэрвеня. — Рэд.) каля мінскай царквы «Благадаць».

Цяпер у Беларусі выяўляецца сапраўдная сутнасць пратэстантызму. Марцін Лютэр быў першым пратэстантам: ён выступіў супраць беззаконня, якое ў той час панавала ў Царкве і ў грамадстве. Сутнасць евангельскай веры не змянілася. Пратэстанты Беларусі выступаюць супраць беззаконня, якое адбываецца ў нашай дзяржаве і ў нашым грамадстве.

Я малюся пра тое, каб евангельская Царква стала сапраўдным авангардам нацыі. Я перакананы, што вернікі — гэта лепшыя грамадзяне краіны. Гэта людзі высокіх маральных каштоўнасцяў, яны верныя сваім жонкам, яны не ўжываюць алкаголь, яны ўсімі сіламі стараюцца жыць згодна з Дзесяццю запаведзямі. Гэта вельмі арганізаваныя і дысцыплінаваныя людзі. У іх жыцці духоўныя каштоўнасці пераважаюць над матэрыяльнымі. Яны здольныя ахвяраваць сабой дзеля вялікіх мэтаў і ідэалаў. Абуджэнне гэтай супольнасці магло б вывесці беларускае грамадства з летаргічнага сну, у якім яно знаходзіцца.

Цяпер усё часцей я чую з боку розных выдатных беларускіх дзеячаў словы пра тое, што Царква, вернікі, Хрысціянства і хрысціяне — гэта тое, што можа выратаваць нашу краіну і нашу нацыю ад гібелі і дэградацыі.

P. S. Спадзяванні Наталлі Лукасік на справядлівы і спагадлівы суд не спраўдзіліся. Таму разам з дзецьмі — Янам, Марцінам і Мірай — яна паехала ўслед за мужам. З надзеяй вярнуцца ў Беларусь разам.

Яраслаў і Наталля Лукасікі: «Усё самае лепшае ў нашым жыцці звязана з Беларуссю» - «За свабоднае веравызнанне» № 16, май — жнівень 2007

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
2 + 1 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.