Алесь Белы: «У Беларусі добра жыць людзям, якія не думаюць пра Бога»

Аўтар: 
Воля Няволя

Па ўсёй Беларусі ідзе збор подпісаў з патрабаваннем вярнуць вернiкам комплекс будынкаў кляштара бэрнардынцаў з касцёлам, размешчаны па вулiцы Кiрыла i Мяфодзiя ў Мінску, які Мінгарвыканкам вырашыў перадаць інвестарам пад камерцыйны праект. Распавядае адзін з каардынатараў збору подпісаў Алесь Белы:

— Ужо больш за два гады пад сценамі былога кляштара і касцёла святога Язэпа адбываюцца малітоўныя стаянні. Вернікі моляцца ў надзеі вярнуць адабраны яшчэ расійскімі ўладамі ў 1863 годзе комплекс будынкаў. Прэтэнзіі католікаў на касцёл і кляштар былі заяўленыя яшчэ на пачатку 1990-ых гадоў, да распаду СССР. Тады нават дзве суполкі — рыма-каталіцкая і грэка-каталіцкая святога Язэпа былі зарэгістраваныя па гэтым адрасе. У касцёле цяпер знаходзяцца Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Архіў літаратуры і мастацтва, у карпусах, да нядаўняга часу, былі ваенныя камендатура і пракуратура. На пачатку 1990-ых усё выглядала так, што вось-вось будынкі вернуць. І былі нават прынятыя пастановы гарвыканкама, дзе абяцалася ў перспектыве перадача будынкаў грэка-католікам. Фармальна прадстаўлялася, што гэта проста зацягнуты працэс перадачы кляштара грэка-католікам. Насамрэч, калі б рыма-католікі былі ўпэўненыя, што сумленна рыхтуецца перадача кляштара грэка-католікам, яны б не сталі на яго прэтэндаваць. Наогул большасць грэка-каталіцкіх парафій у краіне месцяцца ў тых жа будынках, што і рыма-каталіцкія, толькі служэнні праводзяцца ў іншы час. На гэтай глебе сваркі не было б.

— Але калі і чаму вернікі пачалі збіраць подпісы?

— Дзяржава абяцала, што як толькі знойдзецца магчымасць перасяліць архівы, будынак аддадуць католікам. Але нядаўна ў распараджэнне журналістаў «Нашай Нівы» трапілі матэрыялы (копіі дакументаў), якія сведчаць, што кляштар і касцёл збіраюцца перарабіць у пяцізоркавы гатэль, што называецца, «пад старыну». Спачатку Міністэрства культуры адмаўляла існаванне гэтага праекта, а пасля раптам імкліва дало дазвол перапрафіляваць будынкі ў гатэльна-забаўляльны комплекс. І гэта абурыла вернікаў. Стыхійна пачаўся збор подпісаў, каб прадухіліць перадачу будынка і пераробліванне яго ў гатэль. Па некаторых звестках, сабралі ўжо больш за дзесяць тысяч подпісаў. Але немагчыма дакладна падлічыць, колькі ўсяго, бо людзі збіраюць подпісы стыхійна, без агульнага ўліку, і невялікімі «партыямі» дасылаюць іх у Адміністрацыю прэзідэнта. Няма жорсткай іерархічнай каардынацыі, людзі збіраюць подпісы ў розных рэгіёнах, гарадах, адны незалежна ад іншых. Нават фарматы «шапкі» звароту паўсюль розныя. Такое абыходжанне з касцёлам і кляштарам святога Язэпа не магло б быць дапушчана ні ў адной цывілізаванай краіне. Гэта проста здзек з рэлігійных пачуццяў хрысціян. Да таго ж, гэтыя будынкі знаходзяцца літаральна праз дарогу, у дваццаці метрах ад праваслаўнай Катэдры. І такім чынам былі б закранутыя пачуцці не толькі католікаў, але і праваслаўных.

— Можа, подпісы ў абарону будынкаў ставяць і прадстаўнікі іншых рэлігійных плыняў?

— Так, колькі б мне ні прыходзілася размаўляць з прадстаўнікамі любых канфесій — усе моцна абураныя паводзінамі мінскіх ўладаў. І подпісы пад зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта ставяць літаральна ўсе, да каго мы звяртаемся, без ваганняў. Ніхто не бачыць у гэтым нейкую палітычную ці апазіцыйную акцыю — усе разумеюць, што гэта справа сумлення, якая перасягае сваім значэннем любыя палітычныя, юрыдычныя, гаспадарчыя спрэчкі. Падпісваюцца ўсе, да каго ўдаецца дайсці. Нават супрацоўнікі «Мінскпраекта», які распрацоўваў план пабудовы гатэльнага комплексу, падпісаліся амаль у поўным складзе. Можа, толькі тыя пяць чалавек, што ўласна распрацоўвалі праект, не падпісаліся. Мы лічым, што людзі, якія не з’яўляюцца вернікамі, але падпісваюцца і кажуць, што пабудова тут гатэля будзе і супраць іх сумлення, таксама знаходзяцца на шляху да Бога. Бо яны ведаюць Страх Божы, разумеюць, што ёсць рэчы, якія нельга рабіць. У нашай краіне ўвесь час з’яўляюцца новыя забавы, тэлевізійныя шоў. І тут вельмі добра жыць людзям, якія не прывыклі задумвацца пра сумленне, пра Бога, пра адказнасць на Страшным Судзе. А ў каго ёсць такія думкі — тыя маюць праблемы. Наогул, чалавек, якому прыходзіць у галаву думка зрабіць з касцёла і кляштара гатэльны комплекс, мусіць быць агрэсіўна настроены супраць хрысціянства, мусіць жадаць выкараніць яго з людской свядомасці. Іншай матывацыі такога абсурднага праекта не магу прапанаваць.

— Ці так важна для католікаў вярнуць сам касцёл? Або найперш яны абараняюць гістарычны помнік у цэнтры беларускай сталіцы

— Мы хочам вярнуць будынкам той статус, які ў іх быў адабраны ў 1863 годзе, якраз пасля падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага. Тады зачынілі ўсе каталіцкія кляштары, што знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. У Мінску цяпер ёсць пяць ці шэсць адносна паўнавартасных будынкаў на чатырнаццаць ужо зарэгістраваных каталіцкіх парафій. Колькасць католікаў у горадзе не дазваляе змясціць у касцёлах нават дзесяць адсоткаў людзей, якія маюць патрэбу ўсвядомлена наведваць іх. Дэфіцыт культавых будынкаў каласальны па ўсёй краіне, але асабліва ў сталіцы. Бо горад расце, людзі з’язджаюцца сюды з іншых куткоў краіны, а таксама шмат людзей пераходзяць у каталіцызм з іншых канфесій або з постсавецкага атэістычнага стану. Усе будынкі, што мы цяпер маем, таксама былі вымаленыя ў свой час са слязьмі, на каленях.

— На пачатку 1990-х вернікі здолелі вярнуць некалькі касцёлаў і цэркваў, што выкарыстоўваліся за савецкай уладай па іншым прызначэнні. Цяпер гэта цяжэй зрабіць заканадаўча? Чаму ўзнікаюць такія складанасці?

— Я не юрыст і дакладных фактаў у гэтай галіне прывесці не магу. Але становішча вернікаў у Беларусі насамрэч не найлепшае. Узяць хоць бы закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», прыняты ў 2002 годзе. Паводле яго, вернікі не могуць стыхійна маліцца ў не прызначаных для гэтага або не дазволеных уладамі месцах. За парушэнне гэтага закону некалькі разоў забіралі і людзей, што моляцца каля кляштара святога Язэпа. Звычайна там збіраецца каля дваццаці чалавек, па святах — болей. Звычайна, калі іх прыходзіць значна менш, вернікаў затрымліваюць, складаюць пратаколы, накладаюць штрафы… У сапраўднасці, дзесяткі тысяч людзей штодня парушаюць гэты закон, атрымліваецца, што яны злачынцы. Наогул, ужо шмат людзей рэпрэсавана згодна з гэтым законам. Больш за ўсё — пратэстантаў, але часта таксама і католікаў.

— Як Вы лічыце, якім чынам можа быць вырашаная праблема рэстытуцыі ў нашай краіне?

— Вяртанне культавых (дый любых!) будынкаў не рэгулюецца ніякім законам. Кожны дазвол на вяртанне будынка нашчадкам колішніх уладальнікаў, на пабудову новага касцёла атрымліваецца праз слёзы, праз роспач — інакш ніяк. Можа, Бог нас проста выпрабоўвае такім чынам… Цяжка ў законе прадугледзець усе складаныя выпадкі. Але варта было б стварыць адмысловую дзяржаўную камісію, якая б дамаўлялася пра «пакетнае», у маштабе ўсёй краіны, пагадненне пра вяртанне старых і дазвол на будаўніцтва новых царкоўных будынкаў з каталіцкім касцёлам, з іншымі канфесіямі. Калі б пачаўся такі працэс, то ўсе б ведалі, што ёсць установа, у якую можна звярнуцца, і адразу б знялося шмат балючых пытанняў, а да таго ж гэта паспрыяла б усталяванню больш трывалага грамадскага міру ў краіне. Калі цяпер нешта будзе мяняцца ў горшы бок, магчыма, знойдзецца іншы, асаблівы «фармат» малітвы, больш пераканаўчы, гучны. Мы верым, што малітва заўжды бывае пачутая.

Алесь Белы: «У Беларусі добра жыць людзям, якія не думаюць пра Бога» - «За свабоднае веравызнанне» № 15, люты — красавік 2007

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
8 + 10 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.