«Мы патрабуем справядлівасці!»

Аўтар: 
Марыя Савушкіна

5 кастрычніка пачалася акцыя «ПОСТ-ГАЛАДОЎКА» вернікаў мінскай поўнаевангельскай царквы «Новае жыццё». Гэты адчайны крок меў на мэце прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў хрысціянаў-пратэстантаў. За ўсю гісторыю сваёй незалежнасці наша краіна не ведала такой масавай галадоўкі пратэсту. Яе трымала больш за сто чалавек, і за тры тыдні акцыя ператварылася ў сапраўдны «галодны марафон» — на месцы тых, хто выходзіў з акцыі (найчасцей па медыцынскіх паказчыках), прыходзілі новыя людзі.

Спачатку былі просьбы, лісты, судовыя апеляцыі...

Штуршком для «посту-галадоўкі» стаў прымусовы выкуп уладамі будынка царквы «Новае жыццё» 29 верасня гэтага года. Згодна з рашэннем Мінскага гарадскога Гаспадарчага суда, грошы за прымусовы выкуп будынка (каля 37,5 мільёна рублёў) былі пералічаны з рахунка Фонду «Мінгармаёмасць» на рахунак царквы «Новае жыццё». Улады далі царкве 10 дзён на тое, каб выселіцца … У гэты ж дзень 16 вернікаў на чале з пастарам Вячаславам Ганчарэнкам вырашылі адмовіцца ад ежы і стаяць у абароне сваіх правоў да канца.

Галадоўнікі амаль чатыры тыдні жылі ў будынку на Кавалёва, 72. Кругласутачна там знаходзілася каля 100 чалавек. Штодзень а 19.00-ай праходзілі служэнні, на якія збіралася да 1000 чалавек. Да галадоўнікаў прыязджалі госці — пастары і служыцелі з Украіны, Расіі, Латвіі, якія выказвалі сваю падтрымку і салідарнасць. Трэба адзначыць, што акцыю падтрымалі не толькі пратэстанты, але таксама грэка-каталікі, Апостальская праваслаўная царква, рыма-каталікі, вернікі-праваслаўныя. Прыязджалі са словамі салідарнасці або прысылалі і ў царкву лісты падтрымкі палітыкі і грамадскія дзеячы дэмакратычнай арыентацыі, вядомыя людзі культуры і мастацтва.

Галадоўнікаў адмовіліся аглядаць лекары з мясцовых паліклінік: толькі параілі ім звяртацца ў «хуткую дапамогу», калі некаму стане блага. У апошнія дні галадоўкі чацвёра ўдзельнікаў акцыі трапілі ў рэанімацыю. Шмат у каго абвастрыліся хранічныя хваробы. Людзі, асабліва сталага веку, трацілі прытомнасць, скардзіліся на галаўны боль. Пасля адмовы мясцовых лекараў сачыць за здароўем вернікаў пачаў евангельскі хрысціянін Арцём Адаменка — доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг, які спецыяльна прыехаў з г. Брагіна Гомельскай вобласці.

Людзі галадаюць — чыноўнікі паклёпнічаюць

Патрабаванні вернікаў — адмяніць рашэнне Мінгарвыканкама аб пазбаўленні царквы зямлі і будынка, дазволіць перапрафіляваць будынак у культавы — з дня ў дзень паўтаралі недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, яны гучалі па вольным радыё, змяшчалася ў Інтэрнэце. Інфармацыя пра галадоўку перадавалася з вуснаў у вусны, разляталася па горадзе тысячамі ўлётак. У цэрквах, касцёлах, малітоўных дамах Беларусі пільна сачылі за мужным чынам вернікаў, працягваючы руку падтрымкі мінскім пратэстантам і ўзносячы малітвы за галадоўнікаў.

На працягу ўсяго часу галадоўкі ў цэнтры ўвагі была асоба Вячаслава Ганчарэнкі — старшага пастара царквы «Новае жыццё». «Мы вырашылі цалкам адмовіцца ад ежы да таго часу, пакуль нашыя патрабаванні не будуць выкананыя ўладамі, — заявіў В. Ганчарэнка ў адным з інтэрв’ю. — Мы патрабуем справядлівасці. Мы хочам маліцца і праводзіць набажэнствы ў сваім будынку.»

Галадоўку пачалі 16 чалавек, але ўжо праз пяць дзён, 10 кастрычніка, галадала 132 чалавекі па ўсёй Беларусі. Сваю салідарнасць з царквой «Новае жыццё» выказалі вернікі Расіі, Украіны, ЗША, Літвы, Латвіі, Англіі і іншых краінаў. Словы падтрымкі з усіх краінаў свету без перапынку прыходзілі на адрас царквы.

«Апошнія два тыдні, пасля крайне сумніўнага рэпартажу па тэлебачанні, я ўважліва сачыла за інфармацыйнымі паведамленнямі пра царкву «Новае жыццё», — гаворыцца ў звароце ў Мінгарвыканкам юрыста і праваабаронцы Алены Танкачовай. — Я не з’яўляюся прыхаджанкай гэтай царквы, я ахрышчаная ў праваслаўі, але паведамленне аб тым, што дзесяткі людзей абвясцілі галадоўку, не пагадзіўшыся з тым, што іх пазбаўляюць месца, дзе яны могуць разам маліцца, прымусіла мяне штодня цікавіцца інфармацыяй пра іх… Я прыехала туды, каб усё ўбачыць на ўласныя вочы. Сітуацыя не пакінула мяне абыякавай. Гэтыя людзі сапраўды абараняюць сваю свабоду сумлення, права вызнаваць рэлігію, збірацца разам для сумеснага служэння. І гэта для іх настолькі важна, што яны абараняюць гэтае сваё права, як любы нармальны чалавек абараняў бы сваё жыццё, жыццё сваіх дзяцей ці бацькоў,» — піша праваабаронца.

Увага з боку грамадзянскай супольнасці да падзеяў у царкве была даволі пільнай. 28 кастрычніка ў будынку царквы адбылася сутрэча прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, дзеячаў культуры і навукі з пастарамі і вернікамі пратэстанцкіх цэркваў. Прадстаўнікі грамадскасці выказалі падтрымку пратэстантам у іх барацьбе за справядлівасць. Сваю заяву ў падтрымку царквы накіравала МГА Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і іншыя грамадскія арганізацыі.

Візіт здымачнай групы СТВ на Кавалёва, 72 з мэтай «даведацца пра галадоўку» стаў прычынай новай судовай справы. 14 і 15 кастрычніка ў інфармацыйных праграмах канала СТВ з’явіліся паклёпніцкія матэрыялы пра царкву «Новае жыццё». У рэпартажах чыноўнікі Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў хлусілі, гаворачы, што «праблемы няма». Вернікі ў адказ на гэтыя заявы накіравалі скаргу ў Пракуратуру на журналістку Л. Джураеву — аўтара рэпартажу і канал «Сталічнае тэлебачанне» з патрабаваннем абвергнуць хлусню.

«Шчаслівы народ, у якога Госпад ёсць Бог»

Пад такім лозунгам 21 кастрычніка адбыўся мітынг у падтрымку царквы «Новае жыццё» на плошчы Бангалор у Мінску. Патрабаванні аднавіць справядлівасць, звярнуць увагу на праблемы царквы, вярнуць будынак царкве «Новае жыццё» гучалі з вуснаў пастараў розных хрысціянскіх канфесіяў. Некалькі тысяч чалавек маліліся разам за «Новае жыццё» і за краіну.

28 кастрычніка несправядлівае рашэнне Гаспадарчага суда адносна царквы «Новае жыццё» было апратэставана калегіяй Вышэйшага гаспадарчага суда. Калі паведамленне аб гэтым атрымалі на Кавалёва, 72, галадоўку прыпынілі.

Праз месяц, 27 лістапада, у царкве атрымалі яшчэ адну афіцыйную паперу. У ёй гаворыцца, што калегія Вышэйшага гаспадарчага суда задаволіла скаргу старшыні ВГС аб адмене рашэння ад 27 кастрычніка 2005 г., якое прызнавала законным рашэнне Мінгарвыканкама аб прыпыненні права на карыстанне зямельным участкам і прымусовым выкупе будынка царквы «Новае жыццё». Рашэнне адмянілі, гэта значыць ўлады пайшлі насустрач патрабаванням вернікаў. У царкве гэтыя добрыя навіны ўспрымаюць з надзеяй. Бо справа яшчэ не вырашана да канца. У хуткім часе пытанне царквы «Новае жыццё» наноў разгледзіць Вышэйшы гаспадарчы суд. «Гэтыя лісты — чарговы крок да нашай перамогі,» — упэўнены юрыст царквы Сяргей Луканін. Вернікаў, нарэшце, пачулі, але супрацьстаянне працягваецца. У любы момант беларускія хрысціяне гатовыя зноў узняцца на змаганне за свае правы.У будынку па ранейшаму начуюць людзі. Як і раней, штодзень а 19.00-ай адбываюцца служэнні.

Галадоўка — адчайная акцыя пратэсту, якая пратрывала 23 дні, у рэшце рэшт пераламіла сітуацыю. У краіне на гэта глядзяць з надзеяй, бо гісторыя сведчыць, што перамены ў грамадстве пачынаюцца з пераменаў у Царкве. Годна адстойваючы сваё права на малітву і супольныя богаслужэнні, вернікі адстаялі нашае агульнае права быць свабоднымі ад незаконных рашэнняў, хлусні і несправядлівасці.

Савушкіна М. «Мы патрабуем справядлівасці!» - «За свабоднае веравызнанне» № 13, спецвыпуск 2006

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 12 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.