Дарога пакут утаптаная

Валянціна Трыгубовіч

Кожны раз, калі я выбіралася ў царкву «Новае жыццё» пераведаць галадоўнікаў, першым парываннем было выгрузіць з халадзільніка ўсё ў торбу, каб адвезці ім. На паўдарозе да кухні я спынялася: яны ж галадаюць свядома, ніякай ежы туды браць не трэба. Вернікам, што такім адчайным негвалтоўным спосабам імкнуцца адстаяць свае правы на свабоду веравызнання, на магчымасць спакойна маліцца ва ўласным храме, ад іншых людзей патрэбна толькі духоўная падтрымка, разуменне законнасці прад’яўленых уладам патрабаванняў, праявы чалавечай, хрысціянскай салідарнасці. Шчырая малітва за іх, за ўсіх нас, за дараванне мудрасці тым, ад каго залежыць прыняцце патрэбнага рашэння.

Трэба знайсці правільныя словы для размовы з галадоўнікамі, трэба далікатна задаваць пытанні пра іх фізічны стан, трэба настроіцца на адну з імі хвалю веры, спадзявання, цярпення. І часта дзеля гэтага я брала ў рукі «Споведзь» Ларысы Геніюш, перачытвала старонкі, дзе яна апісвае стаўленне да вернікаў у савецкіх турмах, у ГУЛАГу. Бальшавікі пакаралі таленавітую паэтку і праваслаўную хрысціянку 25 гадамі сталінскай катаргі за яе любоў да Беларусі, за шчырую веру ў Хрыста і слушнасць запаведзяў Божых. Але менавіта Любоў і Вера дапамаглі ёй усё вытрываць, не зламацца, для многіх людзей стаць духоўнай апорай, хроснай маці, узорам для наследавання.

Яна была зямная і грэшная, як усе мы. Аднак яе дабрыня, мужнасць і стойкасць узвялічвалі яе асобу, узвышалі над паўсядзённасцю, дапамагалі навакольным пакутнікам. І сёння яе вершы, успаміны, лісты сведчаць: не бойся ганіцеляў, будзь цвёрды ў веры, Гасподзь цябе не пакіне.

Некалькі фрагментаў з «Споведзі» Ларысы Геніюш выпісала для чытачоў бюлетэня.

«Каб абудзіў сумленне»

* * *

Калі мне надта хацелася есці ці было не вытрымаць цяжка, я малілася Богу. У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысціянскіх святыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы. Але Бог ішоў за намі, і, як мне казала простая малдаваначка манашанька Галя, Ён ніколі не пакідае тых, якія яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленне... Так, тое сумленне... Калі мы прыдумвалі кару ворагу за ўсё, што тут рабілася з мільёнамі людзей, дык мы прасілі Бога, каб абудзіў у іх сумленне й яны ясна сабе ўсведамілі, што чыняць з людзьмі. Гэта была б тады на іх пякельная кара. Бо навошта асвенцімскія печы, калі ў мірны час спальвае мільёны маладых найлепшых людзей мароз і голад. Тупеюць і звярэюць яны ад здзеку і нявольнай працы. На дзесяцігоддзі адарваныя ад сем’яў, ад сяброў і свету... Марксізм у яўнай практыцы.

* * *

Аднойчы прывезлі нешта 30 манашанек, якія не хацелі нічога казённага апранаць і есці. Яны не хацелі ў няволі йсці нават у баню, і іх цягнулі ў яе сілаю. Выдзялялі на гэта брыгады. Цягнуць дзяўчаткі няшчасных у іх латаных-пералатаных лахмоццях, і яны, выхудлыя, страшныя, толькі стогнуць: «Господи, помилуй, Господи, помилуй…». Аднойчы я іх убачыла ў бані, гэта былі шкілеты з вялікімі крыжамі на грудзях, жудасныя й счарнелыя. Нават Віктор Гюго не мог бы апісаць такой нэндзы, у якой жылі яны. Раз пабралі ім вопрадку, спалілі яе й на месца спаленай палажылі казённую. На дварэ быў мароз 40 градусаў, і яны не апранулі казённае. Страх было глядзець, як голыя ў такі люты мароз беглі ў барак. Яны паміралі пры мне ў Абезі, як мучаніцы. Калі далі ў баракі радыё й лозунгі, дык яны, няшчасныя, не маглі гэтага сцярпець і, наколькі былі ціхія, усё ж лозунгі зрывалі, а радыёточкі проста разбівалі. Тады ім саджалі дзяўчат, каб тыя вартавалі, але мы былі душою з манашкамі. І калі было трэба, дык «стража» выходзіла, а манашанькі распраўляліся з радыё. А то старэнькія ў неймаверным лахмоцці ўцякалі ў жудасныя ўборныя і там, як шэрыя камякі, сядзелі днямі пад сценамі ў смуродзе й брудзе. Брыгады нанач збіралі іх і сілаю адводзілі ў баракі. Яны стагналі, так ненавідзелі ўсё, да чаго іх змушалі. Ужо нікому і нічому не верылі. Дзяўчаты злаваліся на іх. Бо пасля працы і ўсякіх шмонаў і шпаркі блашчыцаў, якія масава вядуцца й на поўначы, ім трэба было яшчэ валачыць сілаю няшчасных, каб не памерзлі насмерць. Яны ўсё посцілі, елі свой хлебушак, маліліся й чэзлі. Такіх стойкіх, як былі яны, я не сустракала болей. Яны, раз зняверыўшыся, не маглі й не хацелі больш слухаць усякай хлусні, проста паміралі. Наагул нейк верылася толькі людзям, якія не адракліся Бога. Такія толькі й былі стойкія і спагадлівыя заўсёды. Такія не падводзілі. Вельмі моцна трымаліся, хоць не так адчайна, грэка-католікі. Было многа баптыстаў, яны трымаліся цеснай групай, але былі занятыя толькі сабою.

* * *

Божа мой, што ж гэта? Мяне ўсю калоціць, у дзверы ўрываецца стада надзорак, пачынаецца шмон. Усе пасцелі на нарах ператрэсеныя й раскіданыя, шчупаюць мяне. Натрэніраваныя рукі абмацваюць зашыты ў целагрэйку святы абразок, аблічча Божае Маці. Яго мне некалі вышылі на ганучцы ўкраінкі ў Львове. Як жаль. Ёсць яшчэ адзін, але гэтага жаль асабліва, там вышыты тры літары: БББ (Божа, барані Беларусь).

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
2 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.