10 сутак — за рэлігійны семінар

Пастаянныя чытачы бюлетэня з Сяргеем Шаўцовым знаёмы даўно: юрыдычны каментар да многіх нашых публікацый належыць менавіта яму. Высакакласны юрыст, эрудзіраваны і вельмі тактоўны чалавек, глыбокі знаўца становішча вернікаў у нашай краіне, ён не проста імкнецца сумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі, але гатовы па-хрысціянску, адкрыта дапамагчы кожнаму, хто мае патрэбу, — слушнай парадай, уласнымі ведамі, сваім разуменнем сітуацыі.

Як распавядае жонка Сяргея — Дзіна Шаўцова, таксама бліскучы юрыст і праваабаронца, зарэгістраваная грамадская арганізацыя «Хрысціянская дзелавая ініцыятыва», якая падтрымлівае хрысціян, занятых у бізнесе, намерылася правесці семінар, каб разгледзець біблейскі погляд на гісторыю і людскія высілкі. Адным з пунктаў падрыхтоўкі да яго была падача заяўкі ў Фрунзенскі райвыканкам горада Мінска з просьбай аб дазволе зладзіць гэтую сустрэчу ў хрысціянскім каледжы на тэрыторыі раёна. Улады адмовілі. Віталь Місявец, кіраўнік аддзела ідэалогіі Фрунзенскага раёна, каментуючы для Forum18 сваю забарону, сказаў, што арганізатары не выканалі ўсе патрабаванні закона, уключна з атрыманнем пісьмовага дазволу ад дэпартамента ўнутраных справаў і дэпартамента па надзвычайных сітуацыях. Маўляў, адкуль мы ведаем, што намерваюцца абмяркоўваць 35 чалавек. Выйсцем з абсурднай сітуацыі арганізатары семінара палічылі правядзенне сустрэчы бізнесменаў-хрысціян у прыватнай кавярні «Экадор» Ленінскага раёна горада Мінска, дзе звычайна збіраюцца кампаніі і большай колькасці.

Аднак улады назвалі сустрэчу-гутарку на біблейскія тэмы несанкцыянаваным сходам (семінарам), туды былі накіраваны нарад міліцыі і афіцэр КДБ. Ва ўсіх прысутных перапісалі пашпартныя даныя, а пастараў забралі ў мясцовае аддзяленне міліцыі для допыту. (Ніхто нідзе не патлумачыў, чаму мірны рэлігійны сход падвергся раптоўнай аблаве.) Сяргей Шаўцоў, які ў той час не быў на сустрэчы ў кавярні, сам з’явіўся ў міліцыю і заявіў, што арганізатарам з’яўляецца менавіта ён. У той жа дзень адбылося судовае пасяджэнне. За 20 хвілін дзеянні Сяргея Шаўцова (арганізацыю семінара) расцанілі як здзейсненае правапарушэнне, прадугледжанае часткай 2 артыкула 167–1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, і пакаралі — за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання (пры чым тут усё гэта?!).

Юрыст і праваабаронца Сяргей Шаўцоў быў падвергнуты адміністрацыйнаму пакаранню ў выглядзе 10 сутак арышту без права абскардзіць пастанову фактычна за калектыўную гутарку на біблейскія тэмы. Па збегу абставін (рашэнне наконт яго было вынесена 24 сакавіка) адбываць пакаранне яму давялося на вуліцы Акрэсціна разам з людзьмі, што трапілі за краты пасля пратэстных акцый на Кастрычніцкай плошчы Мінска (людзі выйшлі з пратэстам супраць фальшавання вынікаў выбараў прэзідэнта 19 сакавіка).

Каментуючы факт зняволення Сяргея Шаўцова, яго калегі былі аднадушныя: у Беларусі мае месца далейшы ціск на вернікаў-пратэстантаў. Іх паводзіны строга кантралююцца, любая спроба дзейнасці трактуецца як несанкцыянаваныя рэлігійныя мерапрыемствы, што цягне за сабою адміністрацыйныя пакаранні. Дзіна Шаўцова сказала Forum18: «Улады ў любой сітуацыі глядзяць на пратэстантаў як на арганізаваную групу, што ўяўляе небяспеку». Раней улады абмяжоўваліся штрафамі за адміністрацыйныя парушэнні падобнага кшталту, цяпер пачалі садзіць на «суткі». Што далей?

В.Т. 10 сутак — за рэлігійны семінар - "За свабоднае веравызнанне" №11, кастрычнік 2005 — чэрвень 2006

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
11 + 7 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.