Гарантыі бяспекі няма

22 лютага 2006 года быў складзены пратакол наконт старшыні савета царквы рэлігійнай абшчыны хрысціян Поўнага Евангелля «Новае пакаленне» з горада Баранавічы Генадзя Ахрымовіча. Прадстаўнікі органаў выканаўчай улады абвінавацілі яго ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 193 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь. Генадзю Ахрымовічу паставілі ў віну «арганізацыю рэлігійна-духоўнай установы без рэгістрацыі статута».

6 красавіка адбылося пасяджэнне адміністрацыйнай камісіі Баранавіцкага гарвыканкама, на якім разглядалася гэтая справа. Аднак пасля тлумачэнняў, прадстаўленых абвінавачаным, камісія адклала разгляд справы на наступнае пасяджэнне з прычыны яе непадрыхтаванасці.

У сваё апраўданне Генадзь Кірылавіч напісаў: «Рэлігійная абшчына хрысціян Поўнага Евангелля «Новае пакаленне» (далей — Абшчына) створана ў 1992 годзе (статут зарэгістраваны рашэннем Брэсцкага аблвыканкама № 287 ад 21.09.1992 г.), перарэгістравана ў 2004 годзе (рашэнне Брэсцкага аблвыканкама № 504 ад 03.08. 2004 г.). У адпаведнасці з пунктам 2.3 статута Абшчыны адной з формаў дзейнасці з’яўляецца «стварэнне для рэлігійнай асветы дзяцей і дарослых навучальных групаў і нядзельных рэлігійных школ». Стварэнне навучальных групаў для рэлігійнай асветы здзяйсняецца на падставе часткі 5 артыкула 9 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», якая ўстанаўлівае, што «рэлігійныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым законам, маюць права ў адпаведнасці са сваімі статутамі ствараць для рэлігійнай асветы дзяцей і дарослых навучальныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, выкарыстоўваючы для гэтага прыналежныя і (або) прадастаўленыя ім у карыстанне памяшканні, акрамя памяшканняў, прыналежных дзяржаўным установам адукацыі».

З 16 студзеня па 25 лютага 2006 года Абшчына арганізавала навучальную групу для дарослых з мэтаю паглыбленага вывучэння Бібліі, у прыватнасці такіх пытанняў, як біблейскія асновы сям’і і шлюбу, што такое вера, што такое малітва, Дух Святы, Царква. Заняткі навучальнай групы наведвалі 11 вернікаў.

У мае абавязкі як старшыні савета царквы ўваходзілі арганізацыйныя і гаспадарчыя пытанні забеспячэння навучальнай групы: узгадненне часу заняткаў, выдзяленне памяшкання ў прыналежным Абшчыне будынку і інш.

Рэлігійная асвета вернікаў шляхам стварэння навучальнай групы здзяйснялася ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» і статутам рэлігійнай абшчыны хрысціян Поўнага Евангелля «Новае пакаленне». Я як старшыня савета царквы забяспечваў дзейнасць зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку Абшчыны, а не здзяйсняў «стварэнне рэлігійнай арганізацыі і кіраўніцтва ёю без рэгістрацыі яе статута (палажэння) ва ўстаноўленым парадку (арт. 193 КоАП Рэспублікі Беларусь). У сувязі з выкладзеным лічу, што адміністрацыйны разгляд падлягае спыненню ў сувязі з адсутнасцю ў маіх дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 193 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь».

Канфліктная сітуацыя ў Баранавічах прыцягнула ўвагу журналістаў і праваабаронцаў. Ім удалося высветліць, што пратакол, якім быў абвінавачаны Генадзь Ахрымовіч, складзены падчас міліцэйскага рэйду ў царкву «Новае пакаленне». Абвінавачванне грунтуецца на палажэнні савецкага часу, паводле якога за стварэнне і кіраўніцтва незарэгістраванай рэлігійнай абшчынай або групай у рэлігійнай абшчыне, не звязанай з правядзеннем рэлігійных рытуалаў, караецца штрафам да пяці мінімальных зарплат (гэта значыць да 120 тысяч беларускіх рублёў — прыблізна 45 еўра або 55 долараў ЗША).

Forum18 спрабаваў атрымаць каментар па гэтай справе ад прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі. Аднак Таццяна Жытко, кіраўнік ідэалагічнага аддзела ў гарадской адміністрацыі, па сутнасці справы размову весці не стала. «Чаму вы мне звоніце? — абурылася яна 12 красавіка. — Я не ведаю вашае выданне і не збіраюся даваць якую-небудзь інфармацыю».

Паведамляючы пра гэты выпадак (і шэраг іншых!), Forum 18 робіць такое абагульненне: «У Беларусі існуе вельмі шчыльная сетка абмежаванняў на ўсю рэлігійную дзейнасць, а — з поўным ігнараваннем міжнародных праваабарончых абавязацельстваў — урад сцвярджае, што ўся рэлігійная дзейнасць без афіцыйнага ўхвалення ўладамі з’яўляецца незаконнай». «Пратэстанцкія цэрквы прынялі на сябе галоўны ўдар за апошнія месяцы...»

Справа Генадзя Ахрымовіча спачатку была адкладзена: чыноўнікі шукалі дадатковыя аргументы. А потым яе ўсё ж спынілі. Верх узяў здаровы сэнс ці такое ўказанне паступіла «зверху», невядома. Поўнай гарантыі бяспекі Абшчыны па-ранейшаму няма.

В.Т. Гарантыі бяспекі няма - "За свабоднае веравызнанне" №11, кастрычнік 2005 — чэрвень 2006

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
7 + 0 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.