Пастар — за кратамі

У нашай краіне такое здарылася ўпершыню ў постсавецкі час: за рэлігійную дзейнасць у турму пасадзілі пастара Георгія Вязоўскага. Такое рашэнне прыняў суд Партызанскага раёна горада Мінска 3 сакавіка 2006 года. 10 сутак адміністрацыйнага арышту без права абскардзіць пастанову суда.

Георгій Уладзіміравіч Вязоўскі, пастар рэлігійнай абшчыны «Царква евангельскіх хрысціян-баптыстаў «Запавет Хрыста», першы раз быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за правядзенне рэлігійнага сходу без атрымання дазволу ў лютым 2005 года. Абшчына не прайшла перарэгістрацыю ў Мінгарвыканкаме ў 2004 годзе, але людзі працягвалі збірацца для супольнай малітвы ў вызначаны час.

Новай падставай для судовага разбіральніцтва стаўся міліцэйскі пратакол, у якім зафіксавана, што 5 лютага 2006 года Георгій Вязоўскі быў арганізатарам рэлігійнага сходу з парушэннем устаноўленага парадку яго арганізацыі і правядзення. Выступы сведак на судзе пацвярджалі, што ў гэты дзень можна было свабодна зайсці ў дом № 30 па вуліцы Баграціёна ў Мінску, бо ўсе дзверы былі адчынены, што ў зале знаходзілася каля 20 чалавек, якія сядзелі на лаўках. У зале ўсталявана кафедра, на вокнах — вітражы. За кафедрай стаяў малады чалавек і чытаў «Біблію». (Выснова: значыць, ідзе богаслужэнне. А ў адміністрацыю Партызанскага раёна і ў Мінгарвыканкам з заявай аб правядзенні масавага мерапрыемства Вязоўскі не звяртаўся.) Другі сведка дадаў, што ў доме «сістэматычна праводзяцца рэлігійныя сходы з малітвамі і песнапеннямі, зачытваннем «Бібліі». (Усё гэта так нагадвае практыку савецкіх часоў! Сведчанне суседа больш падобнае на данос. На супольнае чытанне «Бібліі» ва ўласным доме неабходна прасіць дазвол у чыноўніка, далёкага ад разумення патрэбаў духоўнага жыцця. Адкрытасць грамады, магчымасць свабодна далучыцца да вернікаў кожнаму, чыя душа таго просіць, таксама палохае і раздражняе.)

Доказы і тлумачэнні самога падсуднага судом да ўвагі прыняты не былі.

Працытую фрагмент судовай пастановы (у перакладзе): «Як устаноўлена ў судзе, Вязоўскі Г.У. сістэматычна, у тым ліку і 05.02.2006 г., у доме № 30 па вул. Баграціёна ў Мінску праводзіць масавыя мерапрыемствы рэлігійнага характару ў жылым доме, не па юрыдычнаму адрасу абшчыны, дазволу на правядзенне ўказаных мерапрыемстваў з Мінгарвыканкама ён не атрымліваў, прыцягваўся на працягу года па частцы 1 артыкула 167–1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

У дзеяннях Вязоўскага Г. У. можна ўгледзець прыкметы часткі 2 артыкула 167–1 КоАП Рэспублікі Беларусь.

Пры назначэнні пакарання ўлічваецца характар здзейсненага адміністрацыйнага правапарушэння, ступень віны правапарушальніка — з’яўляецца арганізатарам масавага мерапрыемства, асоба правапарушальніка, а таксама яго маёмасны стан. Абставінаў, якія б змякчалі ці абцяжарвалі адказнасць, не выяўлена. На падставе выкладзенага суд лічыць неабходным прызначыць Вязоўскаму Г.У. пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту».

10 дзён пастар Вязоўскі правёў за кратамі, таму што разам з вернікамі чытаў «Біблію» ў сваім уласным доме! Ці ХХІ стагоддзе за акном?!

Аднак праблемы і пакуты царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў «Запавет Хрыста» не скончыліся на гэтым. Зарэгістраваная ў 1994 годзе, яна не прайшла перарэгістрацыю ў 2004-ым, калі патрабаванні былі змененыя ў адпаведнасці з новым законам «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». 26 мая 2006 года Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі царквы, паколькі яе юрыдычны адрас не адпавядае палажэнням існуючага заканадаўства. «Рашэнне суда нас шакіравала, — заявіў пастар Вязоўскі, — таму што мы ў чарговы раз накіравалі ў Мінскі гарвыканкам усе неабходныя дакументы для перарэгістрацыі царквы». Ён перакананы, што члены абшчыны будуць шукаць магчымасці для правядзення сходаў і выканання рэлігійных абрадаў, як тое гарантуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Пастар заявіў «Радыё Свабода», што тэндэнцыя нішчыць пратэстанцкую царкву тлумачыцца палітыкай дзяржавы, пры гэтым умацоўваюцца пазіцыі Рускай праваслаўнай царквы. «Гэта жаданне манапалізаваць праваслаўную царкву, каб яна магла цалкам кантраляваць розумы людзей, і нежаданне мець незалежных пратэстантаў».

«Ніякая дзяржава не можа прымусіць нас адмовіцца ад Бога, таму што гэта не ва ўладзе дзяржаўнай», — заявіла верніца царквы «Запавет Хрыста» Ірына Жыхар. Яна ўпэўнена, што нягледзячы на ліквідацыю царквы дэ-юрэ, вернікі будуць працягваць збірацца і ладзіць набажэнствы.

Татур В. Пастар - за кратамі - "За свабоднае веравызнанне" №11, кастрычнік 2005 — чэрвень 2006

Дапісаць новы камэнтар

CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
2 + 4 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.