Мікалай Лапіцкі: Святар і змагар

Аўтар: 
Вера Татур

Для вялікай колькасці людзей у нашай краіне праваслаўе — гэта толькі структура, падпарадкаваная Маскоўскаму патрыярхату, а Беларускі экзархат — частка гэтай структуры, якая цесна звязана з пануючай у Беларусі ўладай і прэтэндуе на манаполію ў духоўным жыцці беларусаў. Аднак рэальнасць больш складаная і шматфарбная, чым гэткая схема. І каштоўнасці праваслаўя належаць не свецкай уладзе, а толькі самім вернікам. Кожны з іх павінен імкнуцца будаваць жыццё паводле запаведзяў Божых, жыццё уласнае, сямейнае, нацыянальна-дзяржаўнае. Дапамагчы пераадолець змушанае гадамі савецкага бязбожжа сённяшняе масавае неафіцтва здольны досвед нашых папярэднікаў, людзей, якія годна пранеслі праваслаўную веру праз усе нягоды ХХ стагоддзя.

Адным з такіх падзвіжнікаў быў айцец Мікалай Лапіцкі, літаратурная спадчына якога, сістэматызаваная і апрацаваная Юрыем Гарбінскім, выдадзена ў 2005 годзе супольнымі намаганнямі Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (БІНіМ, Нью-Йорк) і Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук (Варшава). Кніга складаецца з сямі раздзелаў, дае багаты матэрыял пра асобу святара, асяроддзе, у якім ішла яго пастырская і грамадская праца. Друкуюцца малітвы і казанні з нагоды вялікіх царкоўных святаў, навукова-гістарычныя даследаванні, публіцыстыка, лісты да розных асобаў (часам гэта вельмі красамоўныя ўзоры палемікі і дыялогу).

Кніга мае назву «У служэньні Богу й Беларусі». Для айца Мікалая Лапіцкага гэта былі непадзельныя каштоўнасці. Ён уважаў: «Кожны народ павінен мець сваю Царкву, інакш ён ніколі ня будзе суб’ектам міжнародных дачыненьняў ды астанецца аб’ектам міжнароднага гандлю. Народ, які дасьпеў да таго, каб мець сваю самастойную Царкву, лічыцца дзяржаўна сьпелым народам. Вось чаму ідэя арганізацыі беларускага рэлігійна-нацыянальнага жыцьця спатыкае моцную рэакцыю з боку ворагаў беларушчыны розных масьцей. Яны — ворагі беларускае незалежніцкае думкі — вельмі добра разумеюць, што, арганізуючы наша рэлігійна-нацыянальнае жыцьцё, мы кладзем моцны грунт пад наш незалежніцкі й палітычны рух».

Высока ацэньваючы гэтае грунтоўнае і аб’ёмістае выданне (амаль 700 старонак!), доктар Янка Запруднік (ЗША) адзначае: «Хоць кніга пра а. Лапіцкага і не сустрэне ўхвалы з боку беларускіх афіцыйных чыньнікаў, яна будзе карыстацца попытам ды ўплывацьме на фармаваньне сьветагляду моладзі, у тым ліку кадраў на рэлігійнай ніве. Спрыяць папулярызацыі гэтай публікацыі будзе ня толькі ейны салідны зьмест, але й абвастрэньне міжнароднай палемікі вакол Беларусі як «апошняй дыктатуры» ў Эўропе ды намаганьні дэмакратычнай апазыцыі правесьці зьмены рэжыму. Ведама таксама й агульнае зацікаўленьне ў беларускім грамадзтве на Бацькаўшчыне гісторыяй і сучасным жыцьцём беларускай эміграцыі на Захадзе. Тое, што герой кнігі, пражыўшы ва ўмовах Заходняй Беларусі пад Польшчай, пад савецкай і нямецкай акупацыямі ды на выгнаньні ў Нямеччыне й Амэрыцы, застаўся верным свайму беларускаму праваслаўю, дадае вартасьці кнізе як сьведчаньню пра чалавека глыбокай веры й маральнай сілы».

Татур В. Святар і змагар - "За свабоднае веравызнанне" №11, кастрычнік 2005 — чэрвень 2006

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
3 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.