Вера, уласнасць, уціск правоў

Аўтар: 
Татур Вера

Сябры рэлігійнай абшчыны хрысціян поўнага Евангелля «Царква Новае жыццё» ў зале пасяджэнняў суда Маскоўскага раёна перад пачаткам судовага працэса над адміністратарам царквы Васілём Юрэвічам, г. Мінск, 21 верасня 2005 годаНабірае сілу адміністрацыйны ціск на мінскую царкву «Новае жыццё», што ўваходзіць у Рэлігійнае аб’яднанне абшчын хрысціян поўнага Евангелля. Рашэннем Мінгарвыканкама ад 17 жніўня яна пазбаўлена зямельнага ўчастка, на якім размешчаны іх культавы будынак. Наступным крокам уладаў можа быць прымусовы выкуп самога будынка — калісьці калгаснага кароўніка, мадэрнізаванага стараннямі саміх вернікаў. Тое, што ўсе належныя дакументы на права ўласнасці аформлены паводле заканадаўства краіны, да ўвагі прынята не было. Каментарый адміністратара царквы «Новае жыццё» Васіля Юрэвіча: «Царква лічыць гэтае рашэнне незаконным і будзе аспрэчваць яго ў судзе. Мы будзем змагацца за зямлю, якую даў нам Гасподзь».

Прынята рашэнне штодня праводзіць богаслужэнні, пачаўся кругласутачны малітоўны марафон за станоўчае вырашэнне канфліктнай сітуацыі.

6 верасня ў будынку царквы «Новае жыццё» (вул. Кавалёва, 72) прайшла прэс-канферэнцыя — «Беззаконні супраць пратэстанцкай царквы». Епіскап Аляксандр Саковіч у сваім выступе адзначыў: «Змаганне супраць цэркваў поўнага Евангелля вядзецца з 1999 года. Праблемы з набыццём будынкаў узнікалі ў Баранавічах, Гомелі, Мікашэвічах і іншых гарадах. Я думаю, што некаторыя чыноўнікі ставяць сабе мэту: каб цэрквы нашага аб’яднання не мелі сваіх будынкаў...»

10 верасня адбылася канферэнцыя цэркваў Аб’яднання хрысціян поўнага Евангелля. Ухвалены адкрыты зварот, у якім сцвярджаецца, што прыняты ў Беларусі ў 2002 годзе Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» распальвае міжканфесійную варажнечу, аддаючы перавагу толькі праваслаўнай канфесіі. (Тэкст гэтага Звароту публікуем асобна.)

На 15 верасня вернікі прызначылі сустрэчу з мэрам Мінска Міхаілам Паўлавым ля будынка гарвыканкама, паколькі іх запрашэнне прыйсці ў царкву і адказаць на пастаўленыя ў шматлікіх лістах пытанні ён праігнараваў. Пастар Вячаслаў Ганчарэнка так каментаваў гэтае рашэнне для журналістаў: «Мы нічога не хочам рабіць тайна і не хочам ставіць Мінгарвыканкам у няёмкае становішча. Мы толькі хочам мець адказы на пытанні, якія цікавяць кожнага з нас».

14 верасня пастар Вячаслаў Ганчарэнка, адміністратар царквы Васіль Юрэвіч і юрыст Сяргей Луканін былі выкліканы ў галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, дзе ў рэзкай і грубай форме палкоўнік міліцыі Анатоль Найдзенка заявіў ім (у прысутнасці некалькіх іншых чыноўнікаў рознага рангу), што калі вернікі ў названы час з’явяцца перад гарвыканкамам, то будуць затрыманы праваахоўнымі органамі. А дзяржаўны тэлеканал атрымаў заданне зняць рэпартаж пра гэтыя падзеі з адпаведным каментарам. Пад запіс на відэакамеру гэтыя патрабаванні ў карэктнай форме паўтарыў яго намеснік, палкоўнік міліцыі Яўген Полудзень. Аргументы пастара прадстаўнікамі ўлады не браліся да ўвагі.

15 верасня, калі вернікі — цэлымі сем’ямі, з дзецьмі рыхтаваліся да паходу ў гарвыканкам, кіраўніцтва царквы было спешна выклікана на сустрэчу з намеснікам міністра ўнутраных спраў генералам Віктарам Філістовічам. Ён папрасіў, каб вернікі не выходзілі на вуліцу, пакуль не вычарпаны ўсе шанцы перамоваў з уладамі. Даў слова гонару афіцэра зладзіць у бліжэйшыя дні сустрэчу кіраўніцтва царквы з высокімі чыноўнікамі, ад якіх залежыць прыняцце патрэбных рашэнняў. На плошчы Незалежнасці непадалёк ад гарвыканкама тым часам ужо стаялі аўтобусы з АМАПаўцамі.

Вернікі ведалі, якую цану яны могуць заплаціць за тое, каб проста маліцца ў сваім будынку. І былі поўныя рашучасці змагацца за свае правы. Але, імкнучыся да мірнага развіцця падзей, спадзеючыся на афіцэрскае слова гонару генерала Віктара Філістовіча, кіраўніцтва царквы ў апошні момант адклала візіт вернікаў у гарвыканкам. «Слова чалавечае заўсёды важыць няшмат, — сказаў пры гэтым пастар Ганчарэнка. — Наша галоўная гарантыя — у Ісусе Хрысце».

На арганізаваную генералам Філістовічам 19 верасня сустрэчу прыйшлі чыноўнікі так званага другога эшалона, ніякіх рашэнняў прынята не было, і абмеркаванняў таксама. Вернікам проста паўтарылі тыя ж самыя неабгрунтаваныя патрабаванні, якія і змусілі іх да барацьбы.

Варта дадаць, што па выпадковым збегу абставін паход вернікаў да Міхаіла Паўлава быў прызначаны на той самы дзень, калі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка мусіў выступаць з трыбуны Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Йорку. Генерал Віктар Філістовіч, такім чынам, ратаваў імідж «стабільнай, бесканфліктнай рэспублікі», на арганізаваную ж потым сустрэчу сам не прыйшоў. Афіцэрскае слова гонару не дазволіла? «Абяцанні Віктара Філістовіча разабрацца ў праблемах царквы і садзейнічаць іх станоўчаму вырашэнню былі дадзены толькі дзеля таго, каб любымі сродкамі не дапусціць грамадскіх беспарадкаў, пакуль прэзідэнт быў у ЗША», — перакананы юрыст Сяргей Луканін.

Тым часам працягваецца судовае пераследаванне адміністратара царквы «Новае жыццё» Васіля Юрэвіча. Яго з мінулага года рэгулярна штрафуюць «за арганізацыю богаслужэнняў» без дазволу ўладаў... ва ўласным царкоўным будынку. Штраф, накладзены 24 верасня суддзёй Наталляй Кузняцовай, — 160 базавых велічыняў (прыблізна 2 000 долараў). «У пастанове суда я бачу чарговы крок да таго, каб падавіць пратэстанцкую царкву ў Беларусі. Але я веру ў Божы, справядлівы суд і ў тое, што гэта калі-небудзь скончыцца».

Барацьба вернікаў царквы «Новае жыццё» за свае правы, за сваю веру, за сваю маёмасць працягваецца.

Татур В. Вера, уласнасць, уціск правоў - «За свабоднае веравызнанне» № 10, жнівень — верасень 2005

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
9 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.