Сведчаць рэпрэсаваныя за веру

Аўтар: 
Татур Вера

Сябры Грамадзянскай ініцыятывы «За свабоднае веравызнанне» супольна са сваімі аднадумцамі з міжнароднага гісторыка-асветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага аб’яднання «Мемарыял», членамі Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій 2 чэрвеня правялі ў Мінску грамадскія слуханні па пытаннях рэпрэсій, якія ўчыніла савецкая ўлада супраць вернікаў і святароў розных рэлігій, канфесій, веравызнанняў. У цэнтры ўвагі былі падзеі беларускай гісторыі ад часу ўсталявання на нашай зямлі бальшавіцкай улады і лёс людзей, якія сталіся ахвярамі ідэалагічнага таталітарызму.

Гэтыя грамадскія слуханні былі працягам той паслядоўнай праграмы, якую ажыццяўляе «Мемарыял» па збіранні і даследаванні малавядомых шырокай грамадскасці фактаў з нядаўняй гісторыі па асэнсаванні метадаў працы карных органаў, старанных выканаўцаў дырэктываў правячай партыі, па выясненні самой сутнасці ўлады, якая дэкларавала свой клопат пра народнае шчасце і адначасова паслядоўна вынішчала самых актыўных і дзейных прадстаўнікоў гэтага народу, запалохваючы і ламаючы (маральна і фізічна) таксама іх родных, блізкіх, супрацоўнікаў ды, урэшце, любога чалавека, не зважаючы на яго ўзрост, адукацыю, сацыяльны статус.

Толькі грунтоўнае веданне рэальнай гісторыі і ўсеагульнае асуджэнне падобнай палітыкі можа засцерагчы людзей ад паўтарэння перажытага беларускім народам (зрэшты, і ўсімі іншымі народамі былога Савецкага Саюза.)

Сёлета актывістамі «Мемарыяла» ўжо разглядаліся (судзіліся народным трыбуналам) рэпрэсіі супраць сялянства, інтэлігенцыі, асобна — творчай інтэлігенцыі, пераслед людзей па нацыянальнай прыкмеце, па роду заняткаў, арышты і расстрэлы вайскоўцаў напярэдадні другой сусветнай вайны, што можна лічыць усвядомленым ваенным злачынствам, здзейсненым кіраўніцтвам камуністычнай партыі і краіны.

На грамадскіх слуханнях 2 чэрвеня прысутнічалі гісторыкі, якія спецыялізуюцца на савецкім перыядзе або сусветнай гісторыі ХХ стагоддзя; журналісты, якія пішуць пра той час і яго рэха ў нашай паўсядзённасці, пра людзей, лёс якіх быў зламаны сталінскімі, больш дакладна — бальшавіцкімі палітычнымі рэпрэсіямі; ахвяры таго бязлітаснага канвеера падаўлення іншадумства — пакутнікі за веру; грамадскія дзеячы. Як і на папярэдніх слуханнях, афіцыйныя асобы — прадстаўнікі сённяшняй улады адсутнічалі. Яны пастаянна ігнаруюць саму спробу пошуку ісціны і неабходнасць ведаць праўду пра нашу агульную гісторыю, яны па-ранейшаму не ўмеюць і не лічаць патрэбным весці дыялог з грамадзянскай супольнасцю ў інтарэсах краіны і народа, дзеля нашай агульнай будучыні.

Вёў грамадскія слуханні (пасяджэнне народнага трыбунала) кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў, які шмат гадоў паслядоўна займаецца даследаваннем палітычных рэпрэсій у Савецкім Саюзе, друкуецца ў навуковых і агульнаграмадскіх выданнях Беларусі і іншых постсавецкіх краін. На яго думку, тэма рэпрэсій рэлігій і вернікаў у нас мала распрацаваная. З 1996 года беларуская гістарычная навука на афіцыйным узроўні гэтымі пытаннямі зусім не займаецца, а тыя навукоўцы, якія працягваюць працаваць у раней абраным кірунку, маюць шмат цяжкасцей, сярод якіх самыя яўныя — закрытасць архіваў, немагчымасць гаварыць адкрыта пра вынікі даследаванняў, ставіць вострыя пытанні пра адказнасць і пакаянне ўсіх, хто вінаваты ў генацыдзе ўласнага народа.

Сродкі масавай інфармацыі, нават недзяржаўныя, таксама стараюцца абыходзіць гэтыя тэмы. Маўляў, людзі стаміліся ад негатыўнай інфармацыі, нават калі мы стаім на парозе новага 37-га года, то чым дапаможа ім веданне пра той... Аднак працу спыняць нельга, хоць яна і не мае цяпер шырокага рэзанансу. Бо сказана ў Пісанні: «Стукайцеся, і адчыняць вам».

У пачатку 1990-х, калі ўзнялася хваля адраджэння — вяртання ў штодзённае жыццё духоўных, маральных і культурных каштоўнасцей, занядбаных дзесяцігоддзямі панавання камуністычнай ідэалогіі, клопат пра гістарычную справядлівасць праяўлялі многія рэлігійныя дзеячы, былі зроблены пэўныя захады па ўшанаванню памяці тых, хто пацярпеў за веру ад бязбожнай улады. Былі выяўлены і вывучаны тысячы архіўных дасье, сабраны шматлікія сведчанні і ўспаміны. Да 2000-годдзя Нараджэння Хрыстова Руская праваслаўная царква кананізавала сотні навамучанікаў, у іх ліку былі і 23 клірыкі Мінскай епархіі першай паловы ХХ стагоддзя, жыція якіх выдадзены асобнай кнігай. І каталіцкі касцёл у Беларусі ўшанаваў памяць тых, «хто ў мінулым стагоддзі склаў сведчанне сваёй веры і стаў на абарону агульначалавечых вартасцяў, ахвяруючы пры гэтым уласнае жыццё». Ахвяры савецкага рэжыму ў гэтым спісе (кніга «Няхай сведчанне іх веры не забудзецца») суседнічаюць з забітымі ў час фашысцкай акупацыі.

Даследчыцкая праца няспешна працягваецца, шкада толькі, што кожная царква, кожная абшчына робяць гэта адасоблена, амаль не кантактуючы паміж сабою і з свецкімі гісторыкамі. Гэта замінае стварэнню агульнай «карціны», аб’ектыўнаму вызначэнню маштабаў трагедыі, колькасці пацярпелых. Пры значным падабенстве перажытага, пакуты кожнага чалавека «баляць» па-свойму. Забываць пра такое нельга!

Жывы сведка тых страшных падзей, ахвяра ганенняў на веру, Уладзімір Канатуш распавядаў пра сваё жыццё, ледь стрымліваючы хваляванне. Пры яго вялікай прапаведніцкай практыцы, пры ўменні гаварыць з самымі рознымі людзьмі гэта, на маю думку, паказвала, якія незагойныя раны ў душы і памяці пакінула людская несправядлівасць, абразы і пакуты, што бязвінна выпалі на яго долю, пра моцнае эмацыйнае ўздзеянне на чалавека колішняга прымусу і пераследу.

Нарадзіўся Уладзімір Якаўлевіч у 1920 годзе, бацькі былі шчырымі хрысціянамі — евангелістамі. І яго выхавалі ў веры. Свяшчэннае пісанне з маленства было і засталося для яго на ўсё жыццё крыніцай ісціны. Пагрозы, ідэалагічны ціск з боку ўладаў пачаліся падчас вучобы ў педінстытуце. І ўжо не спыняліся.... Уладкаваўся ў 1947 годзе на працу ў мінскую цэнтральную медычную бібліятэку. Па настаянню органаў дзяржаўнай бяспекі быў скарочаны. Знайшоў прытулак у бібліятэцы Акадэміі навук. Зноў дырэктару патэлефанавалі... Пазбаўлялі працы за перакананні, хоць афіцыйна матывацыя была, як правіла, іншая. Евангельскія хрысціяне зарэгістравалі сваё аб’яднанне ў Маскве, а тут іх «прапісалі» ў газеце так, што жыцця не стала. Дырэктар інстытута жывёлагадоўлі, дзе на той момант працаваў Уладзімір Канатуш, выклікаў яго і гаворыць: «Пішы адрачэнне. Дам табе кватэру і пасаду бухгалтара...». А ён ўжо быў служыцелем у сваёй абшчыне. Ці ж мог адрачыся, сагнуцца перад беззаконнем?! У чэрвені 1950 года Уладзіміра Якаўлевіча арыштавалі. Абшукалі кватэру, пасадзілі ў адзіночку «амерыканкі», што і цяпер існуе ва ўнутраным дворыку КДБ. Допыты вяліся жорстка. Рэвальвер на стол... «Падпісвай!» Абвінавачвалі ў антысавецкай дзейнасці. «А я быў асцярожным прапаведнікам і ўплывовым у сваім асяроддзі — удакладняе для прысутных на слуханнях Канатуш. — Ніколі не гаварыў чагосьці прама, неабачліва. Таму сведчанняў супраць мяне ніякіх не сабралі. Прысуд, аднак, быў прадвызначаны: 25 гадоў закрытых лагераў. Першым быў Карлаг. Нумар «зэка» на ілбе, назе, спіне, сваё імя лепш забыць... Лісты родным можна было пісаць толькі двойчы на год. Сустрэў там нямала адзінаверцаў, і праваслаўных, і католікаў. Па магчымасці адзначалі святы. Пры сустрэчах гутарылі, разважалі на біблійныя тэмы, плакалі разам... Праз год трапіў на лесапавал у Горнай Шорыі. У маёй брыгадзе было шмат грэка-католікаў. І ніякіх канфліктаў паміж намі. У 1954 годзе, у сувязі са зменамі ў Маскве, пачаліся перагляды нашых справаў. 15 верасня 1955 года мне паведамілі, што скасавалі 15 гадоў тэрміну. І тут я не вытрымаў. Як правіла, мы, вернікі, не пісалі скаргаў. Успрымалі пакуты і кару пакорліва. Але ж само абвінавачванне беспадстаўнае! І я напісаў, што — так, я вернік, хрысціянін, але не зрабіў ніякага злачынства і антысавецкай дзейнасці не вёў. Я толькі прапаведаваў Евангелле. І мне праз нейкі час знялі тыя 10 гадоў...».

У канцы 1970-х Уладзіміра Канатуша ўвогуле рэабілітавалі, ён атрымаў права ў анкетах не пісаць пра судзімасць. Працаваў на будоўлі. Аднак пільнае вока «органаў» не выпускала яго з-пад сваёй ўвагі. Некалькі разоў ён быў звольнены «па званках», і дахаты тэлефанавалі час ад часу — «даставалі» пытаннямі. Кантралявалі перапіску. Але ён працягваў прапаведаваць. Яго любіла моладзь, ішла за ім. Царква евангельскіх хрысціян-баптыстаў спачатку месцілася на Нямізе, потым яе перамясцілі ў пасёлак Радыятарны, цяпер браты і сёстры збіраюцца ў сваім доме ў 1-ым Пуцеправодным завулку. А жыве Уладзімір Якаўлевіч у доме састарэлых у Серабранцы.

Якаў Басін, старшыня Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізму, звярнуў увагу прысутных на тое, што рэпрэсіі супраць вернікаў розных рэлігій у савецкі час былі часткаю агульнага плану манапалізацыі духоўнага жыцця, спробаю поўнага вынішчэння любой альтэрнатывы камуністычнай ідэалогіі. У дачыненні да прыхільнікаў іудаізму гэтыя рэпрэсіі былі падвойнымі. Вернікі зведвалі таксама (адначасова!) ціск па нацыянальнай прыкмеце, паколькі побытавая габрэйская культура цесна знітавана з нормамі і традыцыямі іудаізму. Зачыняліся сінагогі — а менавіта праз іх вызначалася месца чалавека ў соцыуме, зачыняліся пякарні — і не было дзе выпякаць мацу, не было магчымасці зрабіць абразанне — і адбывалася сапраўдная ломка свядомасці. Быў забаронены іўрыт, што паралізавала нават чыста культурніцкую дзейнасць. Колькі людзей сядзела ў лагерах за вершы, напісаныя на іўрыце! Апублікаваць іх у Савецкім Саюзе было немагчыма, публікацыя на Захадзе расцэньвалася як контррэвалюцыя. Вынішчалася ўсё, што не паддавалася асіміляцыі. Цэлыя народы траплялі пад каток рэпрэсій. Тыя ж чачэнцы, напрыклад. Габрэі пасля амаль татальнага закрыцця сінагогаў здолелі пэўны час утрымліваць падпольныя ешывы ў Невелі і Віцебску, іх выпускнікі свядома рабіліся вандроўнікамі, гнанымі ўладамі, прысвячалі сябе самаахвярнаму служэнню свайму народу. Жыццё без духоўных лідэраў губляе сэнс, бо размываецца самасвядомасць людзей. І тое, што назіраецца ў нашым грамадстве сёння, дыскрымінацыйныя адносіны дзяржавы да прадстаўнікоў пратэстантызму або ўсходніх рэлігій — у значнай ступені водгулле тых савецкіх часоў. Так, сёння не арыштоўваюць і не саджаюць у турму за прыналежнасць да рэлігійнай суполкі, але вернікаў душаць штрафамі, бюракратычнымі забаронамі і рознымі адміністрацыйнымі карамі. Між тым пасля распаду Савецкага Саюза адбыўся свайго роду бум вяртання людзей да рэлігійнага жыцця, рэальнасць засведчыла, што рэлігійная свядомасць надзвычай жывучая, што людзі маюць патрэбу ў свабодным духоўным выбары.

Зінаіда Тарасевіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, распавяла, колькі афіцыйных папераў і неафіцыйных лістоў было напісана кіраўніцтву розных рэлігійных аб’яднанняў з просьбай, каб на кожнай службе ў іх цэрквах паміналіся людзі, бязвінна загубленыя падчас масавых палітычных рэпрэсій савецкага часу. Гэта быў бы напамін пра непазбежны Суд, першы крок да пакаяння ўладаў перад сваім народам. Падобна на тое, што «ў вярхах» і «шырокіх народных масах» яшчэ няма належнага ўсведамлення тых падзей, не адчуваецца патрэбы ў пакаянні. А без гэтага грамадства не можа нармальна развівацца далей. Вазьміце пасляваенную Германію... Або нядаўняе выступленне японскага прэм’ера на Філіпінах — прабачэнне за крыўды, нанесеныя яго папярэднікамі. А ў нас камуністы развалілі Савецкі Саюз, абы не каяцца за свае грахі, за генацыд супраць уласнага народу. Аднак без ачышчэння і пакаяння не будзе годнага жыцця.

Усе, хто выступіў у далейшай дыскусіі, падтрымалі меркаванне Зінаіды Тарасевіч наконт важнасці, неабходнасці пакаяння. Неразуменне гэтага, казалі адны, ёсць праява атэістычнай (бязбожнай, калі больш дакладна) саветызаванай свядомасці. Не адбылося пакаяння — таму можа лёгка паўтарыцца нанова, казалі другія. Замоўчванне праўды пра мінулае вядзе да беспакаранасці (магчымасці «беспредела»), назапашвання зла, недаверу, панавання хлусні і страху. Трэба назваць імёны катаў і забойцаў, трэба адкрыць для навукоўцаў архівы. Нельга падманам і хлуснёю трымаць у духоўнай пустыні цэлыя пакаленні сваіх суграмадзянаў. З гісторыі ХХ стагоддзя трэба рабіць слушныя вывады, калі хочам людьмі не толькі звацца, але — быць імі.

Татур В. Сведчаць рэпрэсаваныя за веру - «За свабоднае веравызнанне» № 9, чэрвень — ліпень 2005

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
7 + 6 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.