«Кожны мае права...»

Аўтар: 
Татур Вера

Гэтымі словамі пачынаецца артыкул 31 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які рэгламентуе стаўленне дзяржавы да рэлігіі і вернікаў. У штодзённым жыцці, аднак, правы і свабоды беларускіх грамадзянаў часам беспадстаўна парушаюцца. Трэба вучыцца абараняць іх. Грамадзянская ініцыятыва «За свабоднае веравызнанне» імкнецца дапамагаць у гэтым кожнаму, хто звяртаецца з просьбай. Так, пасля званка на «гарачую лінію», якая створана актывістамі Ініцыятывы, адбылася сустрэча аднаго з нашых юрыстаў з членамі Мінскай абшчыны Міжнароднага таварыства свядомасці Крышны. Беларускія ўлады, як вядома (пра гэта былі публікацыі ў нашым бюлетэні), адмовілі абшчыне ў рэгістрацыі, хоць вернікі маюць у сваёй уласнасці дом нумар 11 на вуліцы Паўлава, які раней быў іх юрыдычным адрасам.

Сустрэча працягвалася некалькі гадзін, пакуль не былі абмеркаваны ўсе пытанні, якія цікавілі крышнаітаў. Якія, з гледзішча заканадаўства, ёсць падставы для ліквідацыі рэлігійнай арганізацыі? Які парадак гэтай ліквідацыі? Наколькі верагодная ліквідацыя рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла перарэгістрацыю паводле Закона 2002 года «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях»? На падставе якіх фактаў/сведчанняў можа адбывацца гэтая ліквідацыя? Ці магчыма (і якім чынам?) правядзенне сходаў членаў рэлігійных арганізацый па-за культавымі будынкамі? Якія ёсць магчымасці (і парадак) правядзення сходаў членаў рэлігійных арганізацый у жылых памяшканнях? Наколькі правамерныя сходы вернікаў без рэгістрацыі іх рэлігійнай арганізацыі? Якія пакаранні могуць быць прыменены да вернікаў за парушэнне існуючага заканадаўства ў сферы свабоды сумлення?Як належыць весці сябе, калі на сход групы грамадзянаў прыйшлі прадстаўнікі міліцыі або адміністрацыі? Як трактуе прынцыпы свабоды сумлення Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і якія палажэнні Закона «Аб свабодзе сумлення...» 2002 года не суладныя з ёю?

Змаганне вернікаў-крышнаітаў за права на легальнае існаванне і дзейнасць сваёй абшчыны працягваецца.

Татур В. «Кожны мае права...» - «За свабоднае веравызнанне» №9, чэрвень — ліпень 2005

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
11 + 3 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.