Рэфарматы. Свае ці чужыя?

Аўтар: 
Уладзімір Мацкевіч

Апошнім часам усё часцей можна пачуць, што ў беларусаў ёсць традыцыйныя рэлігіі і нетрадыцыйныя — запазычаныя ў кагосьці і таму ў чымсьці шкодныя, бо аддаюць беларусаў пад уплыў іншых культураў.

Калі паслядоўна трымацца такой думкі, то давядзецца прызнаць, што ўсё хрысціянства ў Беларусі нетрадыцыйнае, бо не ўзнікла тут, а прынесена звонку. Больш за тое, прынесена ворагам, які захапіў Полацк, наш тагачасны палітычны і культурны цэнтр. Мы не маем дакладных звестак пра тое, наколькі гвалтоўна распаўсюджвалася хрысціянства кіеўскімі князямі на землях крывічаў, дрыгавічоў і радзімічаў. Вядома толькі, што яшчэ шмат стагоддзяў хрысціянства і паганства на нашых землях суіснавалі разам. Можа, не ўсюды, дзе зніч гарэў, былі чуваць званы, але ж у званы званілі адны, а зніч падтрымлівалі другія. Спачатку паганства суіснавала з хрысціянствам, потым у хрысціянстве існавалі разам усходні і заходні абрады. Такім чынам закладвалася яшчэ адна традыцыйная рыса ў характарах беларусаў — талерантнасць. Час ад часу гэтая талерантнасць парушалася, пра што сведчыць, напрыклад, гісторыя трох віленскіх пакутнікаў, але ж гэтая гісторыя сведчыць і пра тое, што нават у сярэдзіне XIV стагоддзя сярод паплечнікаў вялікага князя Альгерда былі няхрышчаныя славяне, схільныя да пераходу ў хрысціянства. І былі заўзятыя прыхільнікі паганства, якія не маглі дараваць такой здрады. Таму больш зразумела, калі прыхільнікі паганства спасылаюцца на традыцыйнасць, чым калі пра гэта спрачаюцца хрысціяне розных адгалінаванняў і дэнамінацыяў.

Для саміх хрысціянаў больш істотнымі з’яўляюцца праблемы разумення, тлумачэння і інтэрпрэтацыяў Слова Божага, якое было некалі прынесена людзям менавіта як Слова. Слова, запісанае ў Кнігу. І потым Слова стала целам, Слова, увасобленае ў Сыне Божым — Ісусе Хрысце, які пакутаваў і памёр за нашыя грахі, выкупіўшы нас ад грэху. Слова было прамоўлена, і Біблія напісана не на беларускай мове, і Хрыстос нарадзіўся і ўкрыжаваны быў не ў Беларусі. Але ён памёр і за беларусаў таксама, калі яны пра гэта ведаюць і вераць у гэта. А даведацца пра гэта беларусы могуць толькі тады, калі пачуюць ці прачытаюць Слова Божае. Пачуюць і прачытаюць на роднай, зразумелай беларусам мове. Прачытаюць і зразумеюць. Прымуць гэтае Слова ўсім сваім сэрцам і будуць ім кіравацца ў жыцці, а кіруючыся гэтым Словам, будуць імкнуцца змяніць сваё жыццё і саміх сябе, рэфармаваць сябе і сваё жыццё. У гэтым, калі гаварыць вельмі коратка, і ёсць сутнасць Рэфармацыі: цалкам даверыцца Слову Божаму як Слову, напісанаму для кожнага з нас, і даверыцца Слову, якое стала целам і асобай — Ісусам Хрыстом, прынесеным у ахвяру за кожнага з нас. Рэфармацыя — гэта адказ людзей на трансфармацыю, якую Бог ажыццяўляе з чалавекам, змяняючы наш нораў, вызваляючы нас з рабства граху і цемрашальства, рыхтуючы нас да Жыцця вечнага.

Перад Словам Божым не мае вартасці ні царкоўнае паданне, ні традыцыя, ні рашэнні людзей, нават вельмі аўтарытэтных. Толькі Пісанне (запісанае Слова Божае) ёсць аўтарытэт для хрысціяніна. Ніякія ўчынкі, заслугі, зямная слава, паходжанне, ахвяры ці багацце не могуць выратаваць чалавека, не даюць ніводнаму чалавеку перавагі перад іншымі людзьмі. Выратаванне дае Толькі Вера, толькі вера прымаецца Богам у разлік. Не можа сам чалавек апраўдацца перад Богам, не можа зарабіць выратаванне сваімі дзеяннямі. Ніхто не можа хваліцца перад іншымі, тым больш перад Богам, сваімі ўчынкамі. Выратаванне проста даравана чалавеку з ласкі Божай. Толькі Ласка Божая дае чалавеку апраўданне і выратаванне. І Толькі Хрыстос, толькі яго ахвяра і пакутніцкая смерць з’яўляецца прычынай нашага апраўдання і сведчаннем гэтай Ласкі Божай, гэтага дару выратавання. Таму рэфармаваныя вернікі ўдзячны аднаму Богу, а не партыям, дзяржаве, героям, царкоўным іерархам ці іншым асобам. Таму толькі Аднаму Богу Слава, людзі ж роўныя паміж сабой, няма сярод людзей тых, хто заслугоўвае перад Богам большай славы і пашаны, чым іншыя. Асэнсоўваючы такім чынам сутнасць Рэфармацыі, яшчэ Марцін Лютэр сфармуляваў пяць прынцыпаў:

Толькі Пісанне — Sola Scriptura.

Толькі Вера — Sola Fide.

Толькі Ласка — Sola Gratia.

Толькі Хрыстос — Solus Christus.

Аднаму Богу Слава — Soli Deo Gloria.

Калі хрысціяне якой-кольвек царквы кіруюцца менавіта гэтымі прынцыпамі, то іх можна лічыць рэфармаванымі хрысціянамі, або пратэстантамі. Не таму, што яны супраць нечага пратэстуюць (хоць часта і сапраўды пратэстуюць, як і ўсе неабыякавыя людзі), а таму, што такая назва замацавалася пасля пэўнай падзеі XVI стагоддзя, калі частка нямецкіх князёў падала на сойме Святой Рымскай імперыі пратэст супраць абмежавання свабоды веравызнання. Можа, таму не адмаўляюцца рэфармаваныя хрысціяне ад гэтай назвы і па сённяшні дзень, што спробы абмежавання хрысціянаў не скончыліся, што свабода сумлення парушаецца бесперапынна, і пратэставаць супраць гэтага даводзіцца зноў і зноў.

Нам трэба зразумець гэтыя прынцыпы Рэфармацыі яшчэ і з пункту гледжання гістарычнага метаду, ці гістарыяграфіі. Калі мы хочам разгледзець гісторыю Рэфармацыі ў Беларусі ці нават больш шырока — гісторыю хрысціянства ў Беларусі, нам давядзецца мець справу з падзеямі і асобамі, якія не называліся ні пратэстантамі, ні рэфарматамі. Давядзецца працаваць з фактамі свецкай гісторыі, якія не могуць быць зразумелыя па-за рамкамі Рэфармацыі як фармацыі (прашу прабачэння за каламбур) культуры, палітыкі, грамадскага жыцця, нават эканомікі. Беларуская гістарыяграфія яшчэ недастаткова распрацаваная. Хоць Залаты век Беларусі, другая палова XVI стагоддзя пераважна прываблівае ўвагу гісторыкаў. Гэты час даволі добра апісаны, але гэта не значыць, што ён патлумачаны і зразуметы. Ці разумеем мы прычыны таго культурнага ўздыму, які заклаў падмурак існавання беларусаў ва ўсе наступныя стагоддзі, часам трагічныя, часам проста цяжкія, але ніколі не спрыяльныя? Можа, невыпадкова час імклівага пашырэння Рэфармацыі і час найвялікшага культурнага, эканамічнага, ваеннага і палітычнага росквіту нашай краіны — гэта адзін і той самы час? Можа, заняпад XVII стагоддзя таксама звязаны з паразай Рэфармацыі і перамогай Контррэфармацыі?

Яскравым прыкладам гэтых метадалагічных праблемаў гісторыі можа быць постаць аднаго з самых выбітных беларусаў усіх часоў — Францішка Скарыны. Шмат спрэчак вялося пра тое, да якога веравызнання належаў Скарына. Сам ён ані разу не ўзгадвае пра католікаў ці праваслаўных. А для каго ён сваю Біблію надрукаваў? Для хрысціянаў. Дык, можа, ён быў рэфарматам?

Не, дакладна ён не быў пратэстантам, таму што само слова гэтае з’явілася ў 1529 годзе. Не быў ён і лютэранінам, таму што пачаў друкаваць беларускую Біблію ў 1517 годзе, а Лютэр пераклаў Новы Запавет на нямецкую мову толькі ў 1522 годзе. Сам пачатак Рэфармацыі адлічваюць толькі з 31 кастрычніка 1517 года, калі Марцін Лютэр прыбіў да брамы Вітэнбергскай царквы свае знакамітыя 95 тэзаў супраць гандлю індульгенцыямі. Але ж выданне Бібліі на нацыянальнай мове паўсюль лічыцца галоўнай падзеяй Рэфармацыі. Дык можа наша, беларуская Рэфармацыя пачалася раней за нямецкую?

Звычайна гістарыяграфія разглядае Скарыну як дзеяча культуры, перакладчыка, друкара, мастака. Але ж выданне Бібліі на мове, набліжанай да народнай, — гэта падзея Рэфармацыі, рэлігійная справа. На пачатку XVI стагоддзя існавалі толькі два пераклады Бібліі на сучасныя славянскія мовы — чэшская і беларуская. І абодва выдадзеныя ў Чэхіі. Ці гэта выпадкова?

Калі не ўлічваць згаданых вышэй прынцыпаў Рэфармацыі, а падыходзіць фармальна, то да руху Рэфармацыі трэба адносіць толькі тое, што паходзіць ад Лютэра, Цвінглі, Кальвіна і іх паслядоўнікаў. З гэтага, фармальнага пункту гледжання, Рэфармацыя прыйшла ў Беларусь значна пазней за скарынаўскую Біблію. 450 год таму Рэфармацыя ахапіла ўсё Вялікае Княства Літоўскае. Евангелічна-рэфармаваныя (кальвінскія) зборы ўзнікалі ў розных гарадах: Бярэсці, Нясвіжы, Вільні, Луцку, нават у Кіеве... (Цяпер гэтыя гарады знаходзяцца ў розных дзяржавах...) 1553 год быў адзначаны шматлікімі падзеямі у рэфармацкім руху Беларусі. Мікалай Радзівіл Чорны адкрыта абвясціў пра пераход у кальвінізм. На падуладных яму землях пачалі паўставаць кальвінскія зборы. Сымон Зак адкрыў першы збор у Бярэсці. Там жа ў кальвінскай друкарні быў выдадзены катэхізіс хрысціянскай веры для масавага чытача, для простага народа. Менавіта гэтым годам і датуецца пачатак Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яшчэ праз 10 гадоў Мікалай Радзівіл Чорны выдае Біблію на польскай мове. Гэтая Біблія была перакладзена прафесійнымі тэолагамі, яна была поўнай і, напэўна, больш дакладнай, чым скарынаўская. У гэтага выдання былі толькі дзве хібы: мова і кошт. Шыкоўнае выданне было прызначана для магнатэрыі і шляхты, спрыяла далейшай паланізацыі тутэйшай арыстакратыі і абмежавання Рэфармацыі яе коламі. Аднак Рэфармацыя пашыралася ў розных сацыяльных асяроддзях. Вядома, пашырэнне гэтае было магчымае толькі пры адпаведных умовах, сярод якіх: простая зразумелая мова, дэмакратычнасць і набліжанасць да месцічаў, пашырэнне адукацыі сярод месцічаў.

Новаапостальская царква ў МінскуЧасам пра Рэфармацыю ў Беларусі распавядаюць выключна як пра дзейнасць магнатаў і арыстакратаў. Згадваюцца Астафей Валовіч і Леў Сапега, якія былі кіраўнікамі дзяржавы і стваральнікамі знакамітага Статута ВКЛ, буйнейшыя землеўладальнікі, стрыечныя браты Радзівілы — Чорны і Руды, іншыя магнаты. У сенаце ВКЛ у другой палове XVI стагоддзя засталіся толькі два католікі, абодва біскупы, прысутнасць якіх у сенаце была замацавана Статутам Княства, усе іншыя былі кальвіністамі ці лютэранамі. Як і тагачасная культурная эліта: Сымон Будны, Сымон Зак, Васіль Цяпінскі і іншыя. Але ж намаганні магнатэрыі і культурнай эліты не мелі б плёну, калі б не было руху насустрач — імкнення жыхароў гарадоў і мястэчак. А гэты рух быў. І ён быў пераважна нефармальны.

Разглядаючы гісторыю Рэфармацыі, трэба звяртаць увагу на нефармальны евангельскі рух, які ўзнікае не праз місіянерскую дзейнасць прапаведнікаў той ці іншай канфесіі, а проста ад чытання Слова Божага. Трэба памятаць, што справа Марціна Лютэра мела такі поспех праз Ласку Божую і праз простыя грамадска-палітычныя механізмы. Лютэра падтрымалі адукаваныя універсітэцкія колы Нямеччыны і, галоўнае, нямецкія князі і курфюрсты. Так і справа Сымона Зака мела поспех праз падтрымку Мікалая Радзівіла Чорнага. А ці магчымы рэфармацкі рух без такой падтрымкі? Так, ён пераважна і ажыццяўляецца без такой падтрымкі. Сам Лютэр, калі пазнаёміўся з вучэннем Яна Гуса, прызнаў яго сваім папярэднікам. А ў той самы час, калі вернікі розных гарадоў Нямеччыны толькі думалі над зваротамі Лютэра і пачыналі самі чытаць Слова Божае, у Чэхіі ўжо існавала буйная чэшска-братэрская гусіцкая царква. І вернікі гэтай царквы трымаліся тых самых прынцыпаў, што і ўсе пратэстанты, ці евангелічныя хрысціяне. Яны абапіраліся толькі на Пісанне, на Слова Божае, а не на словы чалавечыя ці на паданні продкаў, шукалі выратавання толькі праз веру, а не праз рытуал ці абрад, верылі ў тое, што даецца выратаванне толькі з ласкі Божай, а не за заслугі, дзякавалі за гэтае выратаванне толькі Хрысту, а не святарам, іконам, царкве, князям ці камусьці іншаму. Чэшская царква ўлілася ў рух Рэфармацыі, хоць узнікла больш за 100 гадоў да яго пачатку. Так сама было і з вальдэнсамі ў Францыі, з менанітамі і інш.

Так сама і ў беларускай гісторыі. Тыя, хто пачаў чытаць Біблію Скарыны пасля таго, як яна з’явілася ў Беларусі, станавіліся потым вернікамі кальвінскіх збораў. А можа нават і самі зборы былі заснаваныя імі яшчэ да таго, як быў створаны афіцыйна першы ў Вялікім княстве кальвінскі збор у Берасці. Стасункі ліцвінаў з чэхамі маюць даўнюю гісторыю, яшчэ з часоў Вітаўта, калі Ян Жыжка ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, а літоўскія харугвы дапамагалі табарытам змагацца ў Маравіі і Чэхіі. Вярнуўшыся з гусіцкай вайны разам з чэшскімі бежанцамі, беларусы маглі захаваць тое стаўленне да веры і Слова Божага, з якім пазнаёміліся праз гусітаў. Паплечнік Яна Гуса Іеранім Пражскі наведваў Беларусь, калі звяртаўся да вялікага князя Вітаўта па дапамогу супраць нямецкіх князёў, якія імкнуліся знішчыць гусіцкую «герась», быў ён і ў Полацку. І хто ведае, якія наступствы мела тое наведванне? Можа, нездарма полацкі уніяцкі архімандрыт Антоні Сялява ў XVII стагоддзі называў Скарыну «герэтыкам гусітам».

Мы не маем ніякіх падставаў лічыць Скарыну рэфарматам, але нефармальны хрысціянскі рух быў ім ініцыяваны, і з гэтага часу ён ужо не перапыняўся.

Духоўны ўздым, які абудзіў хрысціянаў на землях Беларусі, засведчаны не толькі гісторыяй царквы, але пра яго ведаюць усе, хто цікавіцца беларускай гісторыяй, ведаюць пра гэта як пра Залаты Век, дакладней, паўвека, які прыпадае на другую палову XVI стагоддзя. Гэта быў час росквіту культуры ва ўсіх яе галінах і сферах, ад музыкі да правазнаўства, ад ваеннай стратэгіі і ваярскага штукарства да дойлідства і архітэктуры, ад элементарнай граматыкі для дзетак да тэалагічных і філасофскіх шэдэўраў. Але, на вялікі жаль, гэты Залаты Век быў непрацяглы, пачалася Контррэфармацыя і вялікі заняпад. Гэты заняпад закрануў таксама ўсе галіны і сферы жыцця і культуры; XVII стагоддзе было амаль самым трагічным у нашай гісторыі. Заняпад адчуваўся і ў рэлігійным жыцці, царква існавала ў рэжыме выжывання. Таму, калі ў XIX стагоддзі людзі зноў пачалі шукаць Бога і прагнуць духоўнасці, то беларуская царква не здолела нічога ім прапанаваць. У Беларусі пачалі распаўсюджвацца запазычаныя вучэнні. У першую чаргу адчуваўся расійскі ўплыў.

Служэнне Царквы У 70-я гады XIX стагоддзя з Расіі ў Беларусь прыходзяць евангельскія хрысціяне — баптысты. Хоць баптызм узнік у Заходняй Еўропе (першы баптысцкі збор вядомы з 1609 года, быў утвораны англійскімі эмігрантамі ў Амстэрдаме), у Беларусь ён прыйшоў праз Расію, дзе ў гэты час аднавіліся рэлігійныя пошукі, якія адразу ж трапілі пад уплыў рэлігійных суполак нямецкіх каланістаў. Сярод праваслаўных вернікаў было шмат незадаволеных афіцыйнай царквой, якая пасля рэформаў Пятра І цалкам страціла незалежнасць ад дзяржавы, стала ідэалагічным дэпартаментам імперыі, а таму не магла адпавядаць духоўным патрабаванням свайго часу. З аднаго боку, гэта зрабіла большую частку расіян абыякавымі да рэлігіі і да Бога, чым потым скарыстаюцца бальшавікі. З другога боку, гэта падштурхоўвала вернікаў да ерасяў, якія пераследаваліся ўладамі. Такія вернікі (малакане ды іншыя) або самі ад’язджалі з радзімы, або іх высылалі на пустыя землі на поўдні Украіны, у Крыме, на Каўказе і ў Паволжы. Там жа выдзяляліся землі для нямецкіх каланістаў, якія звычайна былі вернікамі адной канфесіі, нават адной царквы, і засноўвалі свае калоніі, каб жыць грамадой ці камунай. Асабліва гэта тычыцца менанітаў. Менавіта яны паспрыялі евангелізацыі сваіх рускіх ды ўкраінскіх суседзяў. Ёсць звесткі, што яны нават перакладалі Біблію на калмыцкую мову. А можа, і на мовы іншых народаў, з якімі суседнічалі. Так узнікалі рускамоўныя евангелічныя хрысціянскія суполкі. Потым да гэтых суполак далучыліся арыстакраты з Пецярбурга і іншых гарадоў, сярод якіх прапаведавалі англійскія місіянеры-баптысты. Такое спалучэнне і прывяло да ўзнікнення своеасаблівага феномена — евангелічных хрысціянаў-баптыстаў.

Калі ідэі евангелічных хрысціянаў-баптыстаў патрапілі ў Беларусь і Заходнюю Украіну, то тут яны знайшлі невялікія пратэстанцкія абшчыны, якія захаваліся яшчэ з XVI — XVII стагоддзяў, а таксама сустрэліся з тымі, хто вяртаўся на радзіму з Амерыкі, дзе яны не толькі зараблялі грошы, але і далучаліся да хрысціянскай веры і праходзілі пачатковую евангелізацыю. Такім чынам, спалучэнне мясцовых вернікаў з новым актыўным місіянерскім уплывам евангельскіх хрысціянаў і амерыканскай дапамогай прывяло да хуткага пашырэння абшчынаў гэтага сінкрэтычнага накірунку, а потым і да таго, што гэты рух цалкам паглынуў рэшткі аўтахтонных беларускіх і ўкраінскіх пратэстантаў. Захаваліся можа толькі тыя са старых пратэстанцкіх збораў, якія былі звязаны з этнічнымі адметнасцямі, напрыклад, нямецкія лютэране, венгерскія рэфарматы-кальвіністы ў Закарпацці, і рэфармацкія суполкі ў Жамойці, на былых радзівілаўскіх землях. Захавалася таксама некалькі збораў у буйных гарадах. Так, у Мінску рэфармацкі збор існаваў да самай рэвалюцыі, апошні спіс членаў збору датаваны 1914 годам, г.зн. складзены непасрэдна перад нямецкай акупацыяй.

На пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі з’явіліся і пяцідзесятнікі. Гэтая плынь трапіла да нас непасрэдна з ЗША, адкуль пачалі вяртацца тыя з эмігрантаў, якія не мелі намеру заставацца жыць у Амерыцы, а імкнуліся толькі зарабіць грошай, каб прыдбаць уласную гаспадарку на радзіме. У першую чаргу гэта датычыць Заходняй Беларусі, Палесся, таму што тут захоўвалася прыватная ўласнасць. На Усходнюю Беларусь эмігранты не вярталіся. Хоць і там пяцідзесятнікі таксама з’явіліся ў 1920-ыя — 1930-ыя гады, але іншым шляхам, праз місіянераў-варанаяўцаў (ад прозвішча аднаго з актыўных пастараў пяцідзесятнікаў у СССР — І. Варанаева). Пяцідзесятніцкія цэрквы вядомыя пад назвай Царквы Хрысціянаў веры евангельскай (ХВЕ). Пасля вызвалення ад фашысцкай акупацыі ў 1944 годзе была створана адзіная Царква ХВЕ Беларусі, Украіны і Літвы (з цэнтрам у Баранавічах) на чале з епіскапам І.Панько. Потым яна далучылася да аналагічнага аб’яднання ў межах СССР, а праз год баптыстаў і пяцідзесятнікаў СССР прымусова спалучылі ў адзіны саюз. Частка збораў і абшчынаў адмовілася ўступаць у якія-кольвек саюзы. Яны існавалі самастойна, дзейнічалі ў падполлі. Да 90-ых гадоў ХХ стагоддзя пяцідзесятнікі былі самай дынамічнай і распаўсюджанай пратэстанцкай царквой ў Беларусі. Потым эстафету падхапілі так званыя харызматы, або Хрысціяне Поўнага Евангелля.

Харызматы — гэта не нейкая асобная канфесія, гэта вонкавая назва шматлікіх хрысціянскіх рухаў і ініцыятываў, якія ахапілі ў 1980-ыя — 1990-ыя гады розныя цэрквы ў ЗША і ў іншых краінах. Некаторыя са старых цэркваў пад уплывам харызматычных прапаведнікаў (казацеляў) абнавілі свае погляды, прынцыпы і жыццё. Абнаўленне не закранае дактрынальнага апірышча і Евангелля, не прыводзіць да перагляду асноўных прынцыпаў Рэфармацыі. Хоць не заўсёды імпэтным нованавернутым хапае тэалагічнай адукацыі і падрыхтоўкі, яны кампенсуюць гэтыя недахопы за кошт харызмы і актыўнасці. Менавіта паслядоўнікамі харызматычных цэркваў ствараюцца новыя суполкі і абшчыны на абшарах былога СССР. Напрыклад, царква «Новае пакаленне», якая пачала сваё пашырэнне з Рыгі, цяпер мае каля двух дзесяткаў цэркваў у Беларусі. Галоўная царква «Новага пакалення» месціцца ў Баранавічах, а ўсе разам яны ўваходзяць у аб’яднанне Хрысціянаў Поўнага Евангелля.

Сёння ў Беларусі дзейнічаюць некалькі адгалінаванняў Рэфармацыі: як старыя — рэфарматы-кальвіністы і лютэране, так і новыя — баптысты, пяцідзесятнікі, харызматы. Новыя яны не таму, што гэта нешта цалкам іншае. Шмат таго, што вызнаюць хрысціяне новых дэнамінацыяў, ведалі ўжо хрысціяне XVI стагоддзя. Баптызм, напрыклад, шмат чаго агульнага мае з менанітамі, чэшска-братэрскай царквой і з анабаптыстамі, якія былі амаль самым распаўсюджаным рэфармацкім рухам у ВКЛ у XVI стагоддзі. Проста своечасова не адбылося пераемнасці новых дэнамінацыяў ад тых, што ўзніклі ў Залатым Веку. Аднак вернікі ўсіх рэфармаваных цэркваў адзначылі ў 2003 годзе юбілей — 450-годдзе Рэфармацыі ў Беларусі і Вялікім Княстве Літоўскім. Усе, так ці інакш, памятаюць свае гістарычныя карані.

Таму не трэба разглядаць новыя пратэстанцкія канфесіі як гістарычна чужыя, як цалкам запазычаныя. Адкуль бы ні прыходзілі новыя дэнамінацыі, з Расіі ці з Амерыкі, яны проста вяртаюцца да нас. Калісьці вернікі беглі ў Амерыку ад пераследу Контррэфармацыі, а потым ад рэлігійнай нецярпімасці і ксенафобіі. Беглі і засноўвалі калоніі ў Новым Свеце. Пурытане-кальвіністы — Масачусетс, шведы лютэране — Дэлавэр, галандскія рэфарматы — Нью-Йорк, католікі — Мэрыленд, квакеры — Пенсільванію і гэтак далей. Нямецкія менаніты і гернгутэры (нашчадкі мараўскіх братоў — паслядоўнікаў Яна Гуса) сяліліся ў стэпах каля Волгі і Дона. Ад’язджалі і вернікі з Беларусі. Яны беглі ад пераследу, захоўвалі веру бацькоў, і мы павінны быць ім удзячныя за гэта.

Калі Бог дасць, калі ёсць на гэта воля Яго, то больш ніколі з Беларусі не давядзецца бегчы, хаваючыся ад пераследу за веру. Мы павінны ўсталяваць на Радзіме сапраўдную верацярпімасць, каб кожны мог вызнаваць сваю веру, як падказвае яму ўласнае сумленне, а не ўлады ці нейкая большасць.

Мацкевіч У. Рэфарматы. Свае ці чужыя. - Бюллетэнь "За свабоднае веравызнанне" №№5-6

Дапісаць новы камэнтар

Значэньне поля ня будзе паказанае публічна ні ў якім разе.
CAPTCHA
This question is for testing whether you are a human visitor and to prevent automated spam submissions.
4 + 9 =
Solve this simple math problem and enter the result. E.g. for 1+3, enter 4.